Вы тут

Гэты свет вялікі і малы


Мудрацы Індыі сцвярджаюць, што гэтую велізарную краіну можна палюбіць і прыняць усім сэрцам толькі з трэцяга разу. Але мы адчулі любоў да яе яшчэ ў 2016-м, калі ўпершыню прыляцелі ў штат Керала, што ў паўднёвай частцы Індыі. Пасля была і другая паездка, а гэтым летам ажыццявілі яшчэ адно падарожжа усё ў тыя ж блаславёныя месцы, застаючыся перакананымі ў тым, што гэта і мы, бываючы ў розных краінах, праз асабістыя кантакты ствараем там ўражанне пра родную Беларусь.


Такая экзотыка ў індыйскіх паселішчах — на кожным кроку

Індыя, пра што я пісала ўжо для часопіса «Беларусь. Belarus» (№ 12–2016), вабіла і мяне, як і іншых, яшчэ ў дзіцячыя гады экзотыкай — чароўнымі казкамі, апавяданнямі Кіплінга, музыкай, кінафільмамі. А ў сталым узросце, калі ўсё часцей задумваешся пра умацаванне ўласнага здароўя, паклікала нас Аюрведа. Зразумела, што зусім не абавязкова было ляцець за тысячы кіламетраў, каб вып ра баваць на сабе вынікі аздараўлення. Як казалі і некаторыя сябры, і знаёмыя, ёсць мноства кніг па Аюрведзе, ёсць і медыцынскія цэнтры і ў Маскве, і ў Прыбалтыцы. Але не ж, нам, журналістам, хацелася самім адчуць на сабе, як працуе гэтая найстаражытная сістэма ведаў, якая налічвае пяць тысяч гадоў, там, дзе яна захавалася ў першапачатковым выглядзе.

Як гаворыцца, хто шукае, той знойдзе. Знайшлі і мы. І адчулі на сабе дабратворны ўплыў адпачынку ды лячэння. Дзякуючы Уладзіміру Клюйкову, дырэктару аднаго з мінскіх турыстычных агенцтваў, які спецыялізуецца на аюрведычных турах, некалькі гадоў таму мы даведаліся, што старажытныя традыцыі Аюрведы захоўваюцца ў Індыі на поўдні — у Керале, у розных медыцынскіх цэнтрах. І першы раз у адзін з іх — у «Натыку» — і адправіліся.

Нагадаю чытачам: ў 1985 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала Аюрведу як найбольш эфектыўную сістэму альтэрнатыўнай медыцыны. Дарэчы, Індыя адкрыта для вывучэння Аюрведы ды гамеапатыі. Гэты вопыт можа быць карысны й беларусам. Пра што яшчэ напярэдадні візіту Прэзідэнта Беларусі ў Індыю ў 2017 годзе ў ліку пытанняў аб тым, як ідуць справы ў гуманітарнай сферы, маім калегам з БелТА казаў Саксен Панкадж, тагачасны Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі. Ён таксама паведаміў, што з Беларусі прыязджаюць студэнты, якія хочуць вучыцца індыйскім танцам ці мове хіндзі. Што тычыцца турызму, то й Беларусь, як і Індыя, працягваюць актыўна адкрываць адзін аднаго. І мы праз асабістыя кантакты з індыйцамі ды гасцямі гатэля з іншых краін ствараем ўражанне, кожны — пра сваю краіну. Размаўляючы, мы расказваем ім пра Беларусь. Гэтакая народная дыпламатыя. Што і ў наш апошні прыезд мы з задавальненнем ажыццяўлялі. І чым больш мы слухалі адзін аднаго, тым больш разумелі відавочнае: наш вялікі свет і малы адначасова.

Уладзімір і Наталля

Гэтым летам Уладзімір параіў нам выбраць “Мейведу”, невялікі гатэлік на ўзбярэжжы Індыйскага акіяна, дакладней, Аравійскага мора. Дарэчы, Клюйкоў разам з жонкай Наталляй адправіўся туды на тыдзень раней. Ён, пра што я ўжо згадвала ў папярэдняй публікацыі аб Індыі, шчаслівы чалавек. Як прызнаўся, яго захапленне падарожжамі па Азіі, пачынаючы з 2007 года, перарасло ў любімую працу. Цяпер Уладзімір, у мінулым спецыяліст па электронным абсталяванні самалётаў працаваў у Нацыянальным аэрапорце Мінск 10 гадоў — прафесіянал у турыстычным бізнэсе. З Індыяй працуе з 2011-га. І аюрведычны кірунак, што называецца, яго канёк. Гадзінамі можа натхнёна распавядаць пра штат Керала ды іншыя месцы Індыі, дзе Аюрведа практыкуецца. За гэтыя гады і паездзіў нямала. Нават у былым Палацы індыйскіх махараджаў «Kolari Kovilakom» пабываў, дзе праграмы па аздараўленні арганізма больш дарагія, чым у той жа «Натыцы» ці «Мейеведзе», Як там усё вельмі строга, распавядаў: ані мяса, ні рыбы, ні мабільных тэлефонаў, планшэтаў і кніг ды вельмі-вельмі строгі індывідуальны падыход да кожнага госця. Апрануць, кажа, цябе там ў белае адзенне, сланцы выдадуць і строга ўсё па гадзінах будзеш рабіць: піць травяныя настоі адпаведна з тваёй канстытуцыяй, таблеткі, мікстуры, двойчы ў дзень на ёгу …

І нават прагулкі ў суправаджэнні терапіста-масажыста, каб ты не прысеў нідзе, а рухаўся. Быў ён і ў Гімалаях ў гатэлі «Ананда». Той вельмі дарагі спа-курорт выбіраюць, як, правіла, зоркі Галівуду. Кажа, сустракаў некаторых, чые імёны і ў нас на слыху па добрых кінастужках. А ў цяперашні прыезд у Індыю Уладзімір не ўседзеў ў «Мейеведзе», і на тры дні перабраўся ў гатэль па суседстве — “Раджа біч”, каб, як прызнаўся, паглядзець узровень лячэння. І прыемна здзівіў тым, што ўвечары разам з Наталляй па беразе акіяна кіламетры са тры ішоў у «Мейеведу», дзе заадно і павячэраў, высока шануючы кулінарнае майстэрства кухара Айнупа. Маўляў, у “Раджа-біч” можна застацца галодным. Вядома, гэта быў жарт. Зразумела, што ўсюды свае правілы і традыцыі. А візіт хутчэй быў выкліканы жаданнем пазнаёміць нас з некаторымі аюрведычнымі прэпаратамі, якія нармалізуюць абмен рэчываў, умацоўваюць суставы. З тым, каб мы на іх, апрабаваных ім асабіста, звярнулі ўвагу. І мы з мужам, і псіхолаг Вікторыя з Масквы былі прыемна здзіўлены падарункамі Клюйковых. Дарэчы, у Наталлі, ландшафтнага дызайнера па спецыяльнасці, таксама ёсць захапленне — здаровы лад жыцця. Сказала б нават, што Наташа валодае найглыбейшымі ведамі ў гэтым пытанні. А, як вядома, назапашаным мэтазгодна дзяліцца.

прырода тут, у “Мейеведзе”, і нават усмешкі гэтых аюрведыстаў ужо лечаць

Вось яна як раз з такіх асобаў, таксама, як і муж, захопленых. Ну, нездарма ж яны разам! Таму і ў мінскай краме «Бія Планета», што на Камароўцы, кансультуе прыхільнікаў экалагічна чыстых прадуктаў і здаровага харчавання. Ёй пара, мяркую, і свой блог завесці. А ў Індыі, па вечарах, пасля вячэры, мы, як правіла, разам з цікавай субяседніцай Вікторыяй вялі гутаркі на розныя тэмы, у тым ліку гаварылі і пра здаровае харчаванне. Вялікім жа было маё здзіўленне, калі ад Наташы я даведалася, наколькі карысны какосавы алей, асабліва для тых, у каго ёсць праблемы са шчытавідкай. Вунь стаіць яшчэ з часу першай паездкі. Аказваецца, і салаты, ім запраўленыя, вельмі смачныя.

Прадзіп і Рамэш

Калі ўслухацца ў музыку назвы нашага гатэля, то адчуеш нешта роднаснае з беларускай або рускай мовай. Так і ёсць. На пытанне, што ў перакладзе з санскрыту азначае гэтае слова, Паві, гаспадар гатэля адказаў: «my knowledge». По-руску — “мое знание”. А па-беларуску — «мае веды». Вось і пацверджанне, што гэтыя слова ўжываюцца ў санскрыце, з якім у беларускай мовы агульныя карані. Мы ведаем, што наша мова належыць да славянскай групы, усходнеславянскай падгрупы індаеўрапейскай моўнай сям’і, разам з рускай і польскай мовамі. Зразумела, што індаеўрапейскія мовы ў цяперашні час вельмі адрозніваюцца паміж сабой, але, як лічаць даследчыкі, быў перыяд іх блізкасці, тады існавала адзіная індаеўрапейская мова, якая толькі падзялялася на дыялекты. З тых часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся даволі вялікі пласт падобных слоў, якімі карысталіся тысячы гадоў назад старажытныя індаеўрапейцы (арыі) і ў якіх замацоўвалі свае веды аб навакольным свеце ды пра сябе (https://studbooks.net).

Падчас прыёму

Такім чынам, наша невялікая каманда ў складзе трох чалавек (з намі як і ў мінулыя паездкі падарожнічае адзін вучоны-гідрагеалог Валодзя Шымановіч), пасля Абу-Дабі прызямляецца ў Кочыне, у міжнародным аэрапорце штата Керала. Адчуваем, як цёпла і вільготна. У Індыі — сезон дажджоў, зіма. Камфортны час для індыйцаў, якія чакаюць гэтую пару як «манну нябесную». Праўда, хоць і радуюцца прахалодзе ў плюс 28 градусаў па Цэльсіі, насамі хлюпаюць. Бачу шыльдачку з маім імем і белазубую усмешку… Нас сустракае Прадзіп. Ён радуецца, што прыбылі мы па раскладзе ў 4 раніцы. Наперадзе ў нас амаль тры гадзіны язды да месца Мейеведа, дзе сярод велізарных пальмаў за трыста метраў ад берага акіяна прымасціўся і наш гатэлік.

Дарога да Трысура ўжо знаёмая. Яшчэ цёмна. На досвітку назіраем: мільгаюць рысавыя палі, пальмы ды іншыя экзатычныя дрэвы. Бачым сярод іх і папаю. Вось і Трысур: горад у цэнтральнай частцы штата Керала, чацвёрты па колькасці насельніцтва, культурная сталіца княства Кочына. У перакладзе з мовы «малайялам», на якой гавораць керальцы, Трысур — Горад святога Шывы. У акрузе Трысура ў горадзе Гуруваюр мы ўжо бывалі. Наведвалі тэрыторыю каля прыгожага храма Крышны, атрымлівалі асалоду ад індыйскіх танцаў, а таксама назіралі, як мастакі распісваюць сцены на подступах да храма. Дарэчы, той храм Крышны — цэнтр драматычнага тэатральнага танца, класічнай формы мастацтва — Крышнанаттам. Пра гэта расказваю Праздіпу. Ён — індус, пакланяецца Шыве. Адразу цяжка зразумець яго англійскую мову, але паступова за дарогу мы пачынаем прывыкаць да маўленчых пасажаў адно аднаго. Прадзіп жанаты, у яго двое дзяцей, праца ў гатэлі яму падабаецца. Наколькі я разумею, ён не толькі суправаджае гасцей, але яшчэ і прывозіць на кухню Мейеведы прадукты. Ад Прадзіпа даведаемся, што мы трое ды яшчэ Уладзімір з Наталляй — першыя беларусы ў гэтай, назвала б яе так, індыйскай глыбінцы. Па дарозе бачым кветкавы базар, ён на світанні ўжо працуе. Назіраем з машыны: Прадзіп купляе гірлянды свежага язміну. Частку кідае прама на пярэднюю панэль салона — і гэты чароўны пах суправаджае нас падчас шляху, ахутваючы мяккім воблакам водару. узмацняючы жаданне: спаць… Але мы трымаемся, ведаючы, што павінны прыбыць у гатэль з ўсмешкамі і дабрынёй у сэрцы. Бо інакш нельга: мы прадстаўляем тут Беларусь. А калі Прадзіп кажа: так, мэм, ці не, мэм, я адчуваю сябе як лэдзі, якая проста абавязаная быць уважлівай, трымацца з годнасцю і не выглядаць соннай мухай.

На беразе Індыйскага акіяна ў кожнага — свой занятак

Нарэшце мы каля брамы гатэля. Тут жа рэцэпш. Працэдура прыёму гасцей не займае шмат часу. Нас сустракае малодшы менеджар Рамэш. Па добрай індыйскай традыцыі мажа нашы ілбы алеем, на шыі апранае гірлянды з язміну і ўсаджвае за столік, дзе нас чакаюць какосы з трубачкамі: каб з дарогі мы змаглі здаволіць смагу. Іван вялікі прыхільнік какосавага соку, нацэльваецца і на мой какос, ведаючы, што я аддаю перавагу мякаці, якой нас потым пачастуюць. Рамэш суправаджае нас да нашых віл, уручае ключы і запрашае на сняданак, які пачынаецца ў 7.30. Заадно паведамляе: сустрэча з галоўным урачом і першы масаж у 10.00. Ад яго даведаемся, што ў «Мейеведзе» гасцей з намі ўсяго 11 чалавек. Кідаем рэчы, прымаем душ, ідзем у рэстаранчык.

Меню з садавіны — ананасы, папая, манга, кавун, гранат, свежы сок і каша, якая нагадвае нашу аўсянку, з карыцай і мёдам. Яшчэ аладкі пад назвай “чапата” — плюс травяныя настоі. Здорава! Сумуе крыху толькі наш Валодзя: як жа без чаю ды кавы цэлых два тыдні …Прывыкнеш, кажу. А Іван без ведання англійскай спрабуе даведацца, ці будуць какосы на сняданак. Побач за столікам тры дамы гучна размаўляюць па-нямецку. Падыходзіць і Уладзімір Клюйкоў, пытаецца, як нам сняданак. Ведаючы, што мы амаль суткі без сну, прапануе быць перакладчыкам на маючай адбыцца сустрэчы з галоўным урачом. Ён добра ведае англійскую мову. Мая нядрэнная ды яго адмысловая — гэта ўжо нешта! Зрэшты, як і вегетарыянскі сняданак. Мы з мужам чатыры гады запар былі веганамі, таму лёгка адмаўляемся ад мяса і рыбы. А вось нашаму сябру тое няпроста даецца. Як і ў папярэднія паездкі, ён пабурчыць трохі, нудзячыся па каўбасцы, потым супакоіцца, і ўжо есць з задавальненнем, разумеючы, што вегетарыянская ежа — частка ачышчэння арганізма.

Мэлдзі, Ніша ды іншыя…

Пасля кароткага адпачынку сустракаемся з Мэлдзі. Гэтая дзяўчына — дыпламаваны спецыяліст у Аюрведзе, памочніца галоўнага ўрача Нішы, у якой у дзень нашага прыезду — выхадны. Ад Клюйкова даведваемся, што Ніша — бакалаўр аюрведычнай медыцыны і хірургіі, у 2005-м скончыла факультэт «Аюрведа» ва ўніверсітэце «Калікут» у Керале.

На сайце http://www.ayurveda. media можна ўбачыць карысную інфармацыю аб тым, як становяцца лекарамі Аюрведы. Скажам, у Індыі на працягу стагоддзяў прымяняюцца аздараўленчыя традыцыйныя сістэмы: Аюрведа, Сідхі, унані, ёга, натурапатыя. Яны разам з гамеапатыяй інтэграваныя ў Нацыянальную сістэму аховы здароўя, маюць уласную сетку даследчых інстытутаў, ліцэнзаваныя аптэкі ды зарэгістраваных лекараў. У 1995 годзе пры Міністэрстве аховы здароўя і сямейнага дабрабыту Індыі быў створаны аддзел індыйскіх сістэм медыцыны і гамеапатыі (ISM & H). Потым ён быў перайменаваны ў Дэпартамент Аюрведы, ёгі і натуропатыі, унані, Сідхі і гамеапатыі (AYUSH), а ў лістападзе 2014-га гэта ўжо — Міністэрства AYUSH. У цяперашні час у Індыі дзейнічае больш за 200 дзяржаўных і прыватных аюрведычных каледжаў. І, як потым мы даведаемся, нашы ўсе масажысты скончылі такія каледжы.

Мэлдзі падрабязна распытвае кожнага з нас аб стане здароўя. Вызначае нашы дошы, мерае ціск і ажыццяўляе пульсавую дыягностыку. Для тых, хто не ведае, дошы — гэта жыццёвая сіла, энергія, якая рухае фізічныя і псіхалагічныя функцыі чалавека. Дысбаланс прыводзіць да хваробы на фізічным і на псіхалагічным узроўні. Дошы складваюцца з пяці асноўных элементаў: эфір, паветра, агонь, вада і зямля. Як можам, з дапамогай гугл перакладчыка і Клюйкова расказваем пра свае “дысбалансы”. Ва ўсіх гастрыты,, без акуляраў не чытаем, скаваныя спіны… Ведаем ўжо, што ёга іх расцягне, а спецыяльныя зёлкі ў выглядзе таблетак і мікстур вычысцяць нас знутры. Вядома ж, цуды твораць і двухгадзінныя штодзённыя масажы ўсяго цела ў дзве і чатыры рукі. Яны і алейныя, і так званыя пудра-масажы, калі цябе пасыпаюць, а затым расціраюць цёплым парашком з сухой садавіны, і масажы з пастукваннем гарачымі палатнянымі мяшэчкамі, напоўненымі лячэбнымі травамі …Я ўжо апісвала ўвесь гэты працэс у адной з публікацый, распавядала і аб фут-масажах, і пра паравыя лазні, і пра тое, як нам на нашы ілбы і галовы лілі алей. Гэтая працэдура называецца шырадара. У перакладзе з санскрыту shiro — «галава», dhara — “плынь”. Паводле Аюрвеы шырадара гарманізуе ментальнае цела чалавека, праясняе розум, супакойвае мітусню думак. Неяк чытала адну пра японскага лекара. Ён правёў даследаванне, падчас якога на працягу тыдня пацыентам кожны дзень рабілі шырадару. У выніку ва ўсіх знізіўся ўзровень трывожнасці, падвысілася ўтрыманне сератаніна ў крыві ды вырасла колькасць лімфацытаў, клетак-кілераў, якія забіваюць чужародныя клеткі. Вось такі дабратворны ўплыў шырадары на сабе адчулі і мы. А працавалі з намі Шыджа, Шайнэ, Рагунат і Мэрдак — прафесіяналы высокага класу. Ім усім наша велізарная падзяка. Згодна традыцыі, якая існуе ў Турцыі, жадаючы чалавеку дабра. кажуць: здароўя вашым руках. Таго ж пажадаем і шэф-кухару Айнупу, чые стравы, запраўленыя спецыямі, адрозніваліся свежасцю, тонкім густам і разнастайнасцю. У іх ліку быў і вегетарыянскі шашлычок, які нам падалі напярэдадні ад’езду.

Санташ, Сандра і Гізэла…

Яго завуць Санташ, ён настаўнік ёгі. А вучыўся ў вядомага сваімі лекцыямі ёгіна Садхгуру. І сёння з ім у пастаянным кантакце. Вось яны, агульныя кропкі перасячэння людзей, якія сціраюць межы паміж краінамі ды народамі! Санташ прыемна здзіўлены, што мы ведаем Садхгуру. Распавядаю яму, што напярэдадні паездкі ў Індыю набыла кнігу Садхгуру, паслухаўшы на ютубе яго кароткія лекцыі на розныя тэмы: пра шчасце, пра здароўе, пра каханне, пра фінансы…

Ёга, як і ежа ў «Мейеведзе» — адін з важных складнікаў у аюрведычным лячэнні. Як вядома, у 2016 годзе ЮНЕСКА ўключыла ёгу ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Дзякуючы заняткам ёгай нашы цела становяцца лёгкія, гнуткія, рухомыя. Ўраўнаважваецца і псіхіка, мы лепш адчуваем дыханне прыроды, навакольны свет. І сапраўды: пачынаеш адчуваць сябе кропляй у велізарным акіяне жыцця, больш востра разумееш, як у гэтым вялізным свеце ўсё з усім цесна ўзаемазвязана. І настолькі, што свет здаецца і вялікім, і малым адначасова.

“Адчуйце, як дыхае дрэва, і вы адчуеце шчасце”, — кажа нам Сантош. На нейкае імгненне, пасля нескладаных асан, а гэта доўжылася 2–3 секунды падчас рэлаксу, мне пашчасціла адчуць стан, калі ўсе думкі кудысьці зніклі, і, падалося, што я — нібы птушка ў паветраным струмені. Пасля заняткаў распавяла Санташу пра тое, што перажыла. Ён, вядома ж, шчыра падзяліў маю радасць. Выказаў думку пра тое, што такі падарунак я атрымала ад Сусвету. Якраз гэта быў Міжнародны дзень ёгі, які, дарэчы, адзначаецца і ў Беларусі, дзе сёння ўжо каля 60 цэнтраў ёгі.

А ў адзін з дзён заняткі праводзіла Сандра. Яна разам з дарослай дачкой Сафіяй прыляцела ў «Мейеведу» з Лондана. Абедзве яны таксама настаўніцы ёгі. Сандра — аргентынка, родам з Буэнас-Айрэса, жыве ў Вялікабрытаніі. Паступова знаёмімся і з іншымі гасцямі. Я з задавальненнем практыкуюся ў англійскай, маючы зносіны са шведкай Піяй са Стакгольма — у яе касметычны бізнэс. Аўстрыйка Гізэла выкладае антычную літаратуру ў адным з універсітэтаў Вены, дзе і жыве. З задавальненнем кажа нам пра тое, што яе сын выдатна валодае рускай мовай. Пераглядваемся з мужам і Валодзем: маўляў, вось зноў кропкі судакранання, якія нас збліжаюць. Што ўразіла: яе бацьку-аўстрыйца забралі ў нямецкую армію і паслалі на перадавую, там ён патрапіў у палон пад Сталінградам. І дапамагалі яму выжыць рускія — падкормлівалі, давалі цёплыя рэчы. Ён з удзячнасцю ўсё жыццё ўспамінаў тых людзей. Таму, напэўна, унук яго, як прызналася мая суразмоўца, вывучыў рускую мову і стаў выкладчыкам…

Тую Індыю, пра якую мы даведаліся, забыць немагчыма, хоць і бачылі толькі яе маленькую геаграфічную частку. Калі параўноўваць гэтую краіну са сланом, то тая частка, мабыць, будзе ўсяго толькі кончыкам яго біўня ці вуха. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, па-мойму, вось што. Знаходзячыся ў тропіках, удалечыні ад гарадской мітусні, дзе усё паскараеццая тэмп жыцця, мы зразумелі: наш вялікі свет усё ж такі цесны. Бо і мой бацька, ветэран Вялікай Айчыннай, таксама ваяваў пад Сталінградам. І вось які ўрок Аюрведы яшчэ раз! мы засвоілі: кароткі шлях да нашага шчасця ляжыць праз душэўнае прыманне адзін аднаго, праз уменне знаходзіць паразуменне нават без ведання мовы. Прыклаў руку да сэрца, усміхнуўся… І ўжо можна адчуць: жыццё цудоўнае. Гэта аказваецца, так проста.

Валянціна Ждановіч

Іван Ждановіч

(фота) Мінск — Мейеведа (Керала) — Мінск

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.