Вы тут

Пры правядзенні інтэрнэт-плацяжоў стала больш крадзяжоў з картак


Сёння банкаўская картка дазваляе не выходзячы з дому рабіць пакупкі ў сеціве, браніраваць гасцініцы, пераводзіць грошы блізкім, аплачваць камунальныя паслугі, мабільную сувязь і многае іншае. Адначасова час высокіх тэхналогій стварыў умовы для махляроў, якія ведаюць мноства спосабаў завалодаць грашовымі сродкамі трымальнікаў картак. Пра тое, як абараніць ад зламыснікаў сваю банкаўскую картку, расказвае дырэктар кампаніі электронных плацяжоў Assіst Belarus Вячаслаў Сенін.


У суадносінах 70:30

Пры паездцы за мяжу ў нас паўстане пытанне якую картку браць у дарогу. Наш спікер прыводзіць агульныя правілы, якія досыць простыя. Вось яны.

У якой валюце лепш браць картку? У цэлым плацежныя сістэмы ўстанаўліваюць добрыя курсы абмену валют па картках. Акрамя таго, у Беларусі банкі прытрымліваюцца рэкамендацый Нацыянальнага банка аб тым, каб курсы па картцы былі не горшыя, чым у абменных пунктах. Калі ў вас картка ў беларускіх рублях, то пры стабільнай сітуацыі на валютна-абменным рынку сэнсу турбавацца аб курсах няма. Проста трэба пацікавіцца ў свайго банка, які выдаваў картку, ці не возьмуць у вас за мяжой (называеце канкрэтнае месца вашага адпачынку) дадатковую камісію за перавод грошай з рублёвага рахунку ў неабходную вам валюту. Калі камісія, ды яшчэ і значная, прысутнічае, то лепш дзейнічаць па алгарытме, апісаным ніжэй.

Дапусцім, турыст плануе збіраць грошы на паездку за мяжу, то ў гэтым выпадку лепш рабіць так. Адкрывайце рахунак у еўра для разлікаў у Еўропе, а ў доларах — для разлікаў у ЗША. Калі плануецца паездка ў іншыя краіны, звярніцеся ў свой банк па кансультацыю або паглядзіце ў сваім дагаворы карт-рахунку, па якой схеме адбываецца канвертацыя пры разліках за мяжой.

Акрамя таго, трэба азнаёміцца з інфармацыяй аб інфраструктуры для разлікаў карткамі або калі вы плануеце браць наяўныя. У кожнай краіны ёсць свае асаблівасці, і браць з сабой толькі картку або толькі наяўныя вам можна параіць, толькі дакладна ведаючы, дзе вы збіраецеся адпачываць.

Вячаслаў Сенін раіць скарыстацца ўніверсальным прынцыпам 70 на 30. Куды б вы ні ехалі, бярыце 70 % грашовых сродкаў з дапамогай карткі і 30 % гатоўкай. Будзьце вельмі ўважлівыя, калі здымаеце грошы з карткі за мяжой. Па-першае, заўсёды рабіце гэта ў добра прагляданых месцах, напрыклад у холе гатэля. Па-другое, заўсёды чытайце, што з'яўляецца на экране банкамата, тэрмінала або на касах крамы. У пэўных выпадках там могуць быць паказаны розныя банкаўскія і не толькі камісіі пры разліках або зняцці наяўных. Краіны павышанай рызыкі для віртуальных разлікаў — Азіяцкі рэгіён (Інданезія, Індыя, Тайланд і іншыя), а з суседзяў — Украіна.

Плацяжы ў інтэрнэце: як выбраць картку?

— Каб быць упэўненым у тым, што ваша картка прымаецца да аплаты ў сеціве, я рэкамендаваў бы разглядаць карткі сярэдняга ўзроўню — VіsaClassіc і MasterCardStandard — або «пластык» прэміяльнага сегмента. Хоць асабіста я не стаў бы «свяціць» у інтэрнэце прэміяльную картку, — адзначае Вячаслаў Сенін.

Звярніце ўвагу, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра пакупкі ў інтэрнэт-крамах, браніраванне гасцініц або авіябілетаў і гэтак далей. Калі пад разлікамі ў інтэрнэце разумець аплату камунальных плацяжоў праз інтэрнэт-банкінг, то карткі эканом-класа будзе больш чым дастаткова, у гэтым выпадку лепш за ўсё падыходзіць любая зарплатная картка.

Выключна віртуальны кашалёк

Некаторыя беларускія банкі даюць цікавую альтэрнатыву традыцыйным карткам — віртуальную картку, якая прызначана выключна для правядзення аперацый у інтэрнэце і носіць статус карткі сярэдняга ўзроўню, як і VіsaClassіc. Такі плацежны сродак фактычна ўяўляе сабой набор рэквізітаў, такіх як нумар карткі, тэрмін яе дзеяння і гэтак далей. У руках вы яе не патрымаеце — фізічнага носьбіта такі сродак не мае.

Трэба разумець, што, паколькі такая картка не мае фізічнага носьбіта, папаўняць яе зручней за ўсё праз перавод з іншага «пластыку» з дапамогай інтэрнэт-банкінгу ці іншых каналаў дыстанцыйнага абслугоўвання. Як правіла, для гэтага неабходна, каб банк-эмітэнт быў адзін і той жа як для віртуальнай карткі, так і для карткі, з якой будзе ажыццяўляцца перавод.

Трэба ведаць, што віртуальныя карткі звычайна маюць меншы тэрмін дзеяння, чым звычайныя фізічныя носьбіты. Таму, калі да нумара такой карткі ў кліента прывязаныя нейкія акаўнты, а перавыпускацца картка будзе ўжо з новым нумарам, могуць узнікнуць пэўныя нязручнасці.

Асобная картка і сістэма лімітаў

Для разлікаў у інтэрнэце лепш завесці асобны «пластык», на які, перад тым як ажыццявіць плацеж, вы пералічыце неабходную для гэтага суму.

Аднак існуе і іншая лінія паводзін — калі для разлікаў у сеціве кліент выкарыстоўвае, скажам, зарплатную картку, а бяспеку аперацый забяспечвае за кошт устаноўкі розных абмежаванняў і лімітаў. Алгарытм такі. Калі ў гэты момант вам трэба правесці аперацыю ў інтэрнэце, здымаеце абмежаванне, ажыццяўляеце плацеж і зноў ставіце абмежаванне. Калі раптам махляр паспрабуе правесці аперацыю ў сеціве інтэрнэт па гэтай картцы, дзе ў вас стаяць абмежаванні, — то ён не зможа гэтага зрабіць. Натуральна, чалавек павінен сам памятаць і сачыць за тым, якія ліміты ён устанавіў на яе. Можаце зрабіць абмежаванне па суме, па колькасці транзакцый, па іх тыпе, але памятайце, вы павінны самі за гэтым сачыць. Калі ў вас адна картка прызначана і для інтэрнэту, і для зберажэння, і для замежных паездак, і пры гэтым вы не прадпрымаеце ніякіх дзеянняў для забеспячэння ўласнай бяспекі, будзьце гатовыя да таго, што даныя гэтага кашалька могуць стаць вядомыя ашуканцам, і вы развітаецеся з усімі сваімі грашовымі сродкамі.

Чып або магнітная паласа?

Розніца паміж картай з чыпам і без яе — у забеспячэнні бяспекі даных. Чыпованую картку падрабіць складаней, а таму яна лічыцца больш бяспечнай. У безнаяўных разліках абедзве карты аднолькава добрыя. Чыпаваная каштуе даражэй, таму што сам чып больш дарагі ў вырабе, чым магнітная паласа. Але галоўная перавага чыпа — гэта магчымасці, якія можа прапанаваць вам банк або плацежная сістэма. Чып дазваляе з проста карткі для разлікаў прапанаваць кліенту дадатковыя магчымасці. Напрыклад, картка можа стаць яшчэ і транспартным плацежным сродкам.

У тэму

Вось і клюнуў «смажаны певень»...

  • У нашай краіне сёлета значна вырасла колькасць крадзяжоў з банкаўскіх картак. За 5 месяцаў у краіне зарэгістравалі 1348 выпадкаў крадзяжу сродкаў з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі, паведамляюць у МУС краіны. Гэта амаль на 90 % больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
  • Цяпер праваахоўныя органы просяць у Нацбанка даручыць усім банкам узмацніць абарону кліентаў пры правядзенні інтэрнэт-плацяжоў. У МУС прааналізавалі, што «значна ўзрасла колькасць злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем скампраметаваных рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак».
  • Сярод асноўных прычын, якія адмоўна ўплываюць на крымінагенную абстаноўку, — даверлівасць насельніцтва, недасведчанасць пра тое, што трэба трымаць у таямніцы плацежныя рэквізіты карткі, а таксама няведанне, як абараніць асабістыя даныя пры здзяйсненні анлайн-плацяжоў, адзначаюць у міністэрстве.
  • У ведамстве лічаць, што такія тэхналогіі, як 3-D Secure, Verіfіed by Vіsa, Mastercard SecureCode, могуць знізіць колькасць махлярстваў з выкарыстаннем банкаўскіх картак і «зробяць разлікі ў сеціве больш бяспечнымі». У сваім звароце яны просяць Нацбанк даручыць усім банкам выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі, каб засцерагчы кліентаў, а таксама «прадугледзець іншыя спосабы бяспекі ажыццяўлення інтэрнэт-плацяжоў».
  • У сваю чаргу, асацыяцыя беларускіх банкаў папрасіла банкі да 1 жніўня разгледзець ліст МУС і даць адказ адносна прапаноў гэтага ведамства.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Віртуальныя або папяровыя?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.