Вы тут

У Беларусі з'явіўся кантэйнер для збору ў насельніцтва сапсаваных лекаў


У 40-й сталічнай паліклініцы з'явіўся першы ў Беларусі кантэйнер для збору ў насельніцтва сапсаваных лекаў. Яго ўстаноўку ініцыявалі Цэнтр экалагічных рашэнняў сумесна з камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама пры падтрымцы Кааліцыі «Чыстая Балтыка» (Швецыя).


— Гэта важны крок у распрацоўцы сістэмы збору і ўтылізацыі пратэрмінаваных лекаў ад насельніцтва ў нашай краіне. Пасля таго як мы адпрацуем схему, можна будзе распаўсюдзіць гэты вопыт таксама на іншыя паліклінікі, раёны і гарады,— кажа супрацоўніца праграмы па хімічнай бяспецы і адходах Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля БЛЫШЧЫК.

Як паказалі даследаванні, што праводзіліся два апошнія гады, праблема забруджвання лекамі навакольнага асяроддзя для Беларусі не менш актуальная, чым для іншых краін. У саставе сцёкавых водаў буйных гарадоў былі выяўленыя гарманальныя прэпараты, антыбіётыкі, супрацьзапаленчыя і многія іншыя лекі. Ачышчальныя збудаванні не здольныя «ўлоўліваць» маленькія малекулы лекавых сродкаў, тыя трапляюць у сцёкавыя воды, рэкі і могуць апынуцца ў пітной вадзе.

— Пападанне рэшткаў лекавых сродкаў у пітную ваду можа негатыўна адбіцца на здароўі насельніцтва. Напрыклад, гарманальныя прэпараты могуць выклікаць праблемы рэпрадуктыўнага характару, антыбіётыкі — прывесці да рэзістэнтнасці мікраарганізмаў, і чалавек пасля не зможа вылечвацца з дапамогай лекаў ад сур'ёзных захворванняў, — тлумачыць загадчыца кафедры фармацэўтычнай хіміі БДМУ Наталля ЯРАНЦАВА.

Па словах каардынатара кірунку па небяспечных рэчывах і марскім смецці Кааліцыі «Чыстая Балтыка», дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўгена ЛАБАНАВА, развіццё сістэмы збору лекаў ад насельніцтва ў Беларусі ў перспектыве дасць магчымасць паменшыць забруджванне лекавымі прэпаратамі марскіх экасістэм, у прыватнасці, Балтыйскага мора.

Кантэйнер для збору непатрэбных лекаў даступны для ўсіх у фае 40-й мінскай гарадской паліклінікі (вуліца Люцынская, 3) у гадзіны працы медыцынскай установы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Ад пратэрмінаваных лекаў трэба пазбаўляцца правільна!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».