Вы тут

Як падрыхтавацца да ультрагукавога даследавання


Ультрагукавое даследаванне — сучасны і бяспечны метад, які практычна не мае супрацьпаказанняў. Яго выкарыстоўваюць для дыягностыкі паталогій органаў брушной поласці, органаў малога таза, малочных залоз, нырак, шчытападобнай залозы, для дыягностыкі і маніторынгу працякання цяжарнасці, стану плода і плацэнты. Узроставых абмежаванняў для правядзення УГД не існуе. Але некаторыя яго віды патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі. Як яе выканаць правільна, расказала ўрач-тэрапеўт вышэйшай катэгорыі 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Мінска Алена Лапсар.


УГД органаў брушной поласці

За тры дні да даследавання неабходна перайсці на бясшлакавую дыету, выключыць з рацыёну прадукты, якія ўзмацняюць газаўтварэнне ў кішэчніку (сырая гародніна, багатая на раслінную клятчатку, неразведзенае малако, чорны хлеб, бабовыя, газіраваныя напоі, а таксама высокакаларыйныя кандытарскія вырабы — пірожныя, тарты).

— Мэтазгодна ў гэты час прымаць па 2-4 таблеткі актываванага вугалю, які дапаможа зменшыць праявы метэарызму. З парушэннямі стрававання можна прымаць мезім-фортэ, панзінорм ці фестал — па 1 таблетцы падчас прыёму ежы, але лепш пракансультавацца ў вашага ўрача, — засяроджвае ўвагу Алена Сяргееўна.

За два дні да даследавання зрабіць ачышчальную клізму (але не напярэдадні!). Калі даследаванне раніцай, апошні прыём ежы павінен быць не пазней за 19 гадзін папярэдняга дня. УГД праводзіцца выключна нашча. Калі даследаванне будзе ў другой палове дня, есці да яго не рэкамендуецца не менш за 6, а лепш 10 гадзін.

Не рэкамендуецца курыць перад даследаваннем. Калі вы прымаеце лекавыя сродкі, папярэдзьце пра гэта ўрача УГД. Нельга праводзіць даследаванне пасля гастра- і каланаскапіі.

Пры правядзенні УГД органаў брушной поласці з вызначэннем функцыі жоўцевага пузыра з сабой варта ўзяць два сырыя жаўткі ці паўлітра кефіру 3,2 % ці 100—200 мл вяршкоў не менш за 10 %.

УГД органаў малога таза

Раніцай пры неабходнасці апаражніць кішэчнік, а перад даследаваннем — мачавы пузыр. Есці і піць у дзень даследавання можна, яно праводзіцца не нашча. Жанчынам варта яго праходзіць у першай фазе менструальнага цыкла — на 5-7 дзень.

УГД органаў малога таза

(з напоўненым мачавым пузыром) для мужчын і жанчын, а таксама УГД мачавога пузыра

За паўтары гадзіны да даследавання неабходна паступова выпіць 1-1,5 літра любой негазіраванай вадкасці (гарбаты, морсу, вады) і прыбыць на даследаванне з напоўненым мачавым пузыром. Пры немагчымасці трываць дапускаецца крыху апаражніць пузыр для зняцця напружання і паўторна выпіць крыху вадкасці для дасягнення напаўнення да моманту даследавання.

УГД нырак

Калі ў пацыента маецца лішняя вага і павышанае газаўтварэнне ў кішэчніку, падрыхтоўка праводзіцца як пры УГД брушной поласці. У дзень даследавання есці і піць можна, даследаванне праводзіцца не нашча.

УГД малочных залоз

Даследаванне малочных залоз лепш праводзіць у планавым парадку — на 5-7 дзень менструальнага цыкла. Але калі з'явіўся нехарактэрны болевы сіндром ці новаўтварэнні — у любы дзень.

УГД наднырачнікаў і шчытападобнай залозы

Гэтыя даследаванні ніякай падрыхтоўкі не прадугледжваюць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».