21 Верасень, пятніца

Вы тут

Чаму баліць галава?


Як пазбавіцца ад прыступаў мігрэні.

«Галава баліць, значыць яна ёсць!» — слабае суцяшэнне, калі боль становіцца нясцерпным ці трывожыць шмат гадзін запар. Пра мігрэнь вядома яшчэ са старажытных часоў: у папірусах егіпцян, напісаных больш за тры тысячы гадоў таму, апісаны клінічная карціна прыступаў галаўнога болю і лекавыя сродкі для іх лячэння. Аднак дагэтуль чалавецтву не ўдалося перамагчы гэтую немач. Як змагацца з хваробай, каб яна не рабіла невыносным жыццё чалавеку і яго блізкім, расказала ўрач-неўролаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Зоя КУРС.


Мігрэнь з'яўляецца хранічнай хваробай, якая характарызуецца прыступамі аднабаковага пульсуючага болю. Кожны прыступ працягваецца ад 4 да 72 гадзін і суправаджаецца павышанай адчувальнасцю да святла (фотафобіяй), гуку (фонафобіяй) і вегетатыўнымі парушэннямі.

— Мігрэнь — надзвычай распаўсюджаная паталогія, на яе пакутуюць 12—15 % людзей, — адзначае Зоя Анатолеўна. — Чвэрць насельніцтва хоць бы раз за сваё жыццё адчувала прыступ мігрэні. Прычым жанчыны пакутуюць у 2-3 разы часцей, чым мужчыны. Тлумачыцца гэта тым, што прычыны хваробы могуць быць звязаны як са стрэсавымі сітуацыямі, так і з гарманальным фонам. У апошнім выпадку боль, як правіла, пачынаецца ў дзяўчынак у падлеткавым узросце і затухае ў клімактэрычным перыядзе, калі колькасць гармонаў зніжаецца. Справакаваць прыступ можа і харчаванне.

Найчасцей мігрэнь бярэ ў палон людзей працаздольнага ўзросту. І ў сярэднім на кожнага пацыента з гэтай хваробай прыпадае 3,2 рабочага дня ў год. Частка пацыентаў працягвае працоўную дзейнасць у момант прыступу болю, але даказана, што актыўнасць у гэты час зніжаецца больш чым на 46 %.

Дыягназ мігрэні ставіцца на аснове характэрнай клінічнай карціны пасля пільнага неўралагічнага абследавання.

— Абследаванне неабходнае і для выключэння іншых захворванняў, для якіх уласцівыя прыступы галаўнога болю, — працягвае Зоя Курс. — Важна таксама адрозніваць галаўны боль напружання ад мігрэні. Апошняя мае прыступападобны характар і баліць, як правіла, палова галавы — левая ці правая.

Лячэнне мігрэні

Яно мае два кірункі. Першы — купіраванне непасрэдна прыступу, які ўжо развіўся. Тут прызначаюцца анальгетыкі, нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, камбінаваныя сродкі. На сёння самая эфектыўная група прэпаратаў — селектыўныя аганісты сератанінавых рэцэптараў (трыптаны), яны выкарыстоўваюцца для лячэння любых формаў мігрэні. У якасці дапаможных медыкаментозных сродкаў прызначаюцца супрацірвотныя, седатыўныя прэпараты, транквілізатары, антыдэпрэсанты.

Прафілактыка

Многія недаацэньваюць ролю прафілактычнага лячэння, якое істотна дапамагае зменшыць ці нават пазбавіцца ад галаўнога болю. Прафілактыка ўключае медыкаментознае лячэнне, якое прызначае ўрач. Тут вельмі важна выявіць правакуючыя фактары, якія можна ліквідаваць. Найчасцей гэта стрэс і ператамленне, недасыпанне і няправільнае харчаванне. Часта для змяншэння частаты і інтэнсіўнасці прыступаў мігрэні дастаткова рэкамендаваць дыету і выключыць некаторыя прадукты. Да ежы, што правакуе галаўныя болі, адносяцца алкаголь, асабліва чырвонае віно, піва, шампанскае, прадукты, у якіх утрымліваецца тырамін — цвёрдыя і вытрыманыя сыры, марынаваны селядзец, курыная печань, бабы, фасоля, таксама прадукты і напоі, у якіх утрымліваецца аспартам (Nutra Sweet) — штучны падсалоджвальнік. Непажаданыя і прадукты, дзе ёсць sodіum nіtrіt, які надае ім чырвоны колер: бекон, вяндліна, салямі, некаторыя малочныя прадукты (смятана, шакаладнае малако), прадукты з monosodіum glutamat (вострыя кітайскія соусы), шакалад, шакаладны сіроп, кока-кола.

Зніжэнне цукру ў крыві вядзе да цэрэбральнай вазадылатацыі, што можа справакаваць прыступ мігрэні. Таму пацыенты павінны прытрымлівацца збалансаванага трохразовага харчавання, пазбягаць празмернай вугляводнай нагрузкі, а таксама перасыпання.

У 70% жанчын прыступы мігрэні звязаныя з менструальным цыклам. Вядома таксама пачашчэнне прыступаў мігрэні пры выкарыстанні аральных кантрацэптываў. Важна пазбягаць курэння.

Пры трывожных станах і дэпрэсіях паказаныя псіхатэрапія і медыкаментознае лячэнне. Усім хворым, у якіх прыступы мігрэні здараюцца часцей за 2 разы на месяц, прызначаецца дадатковае лячэнне. Выкарыстоўваюцца і немедыкаментозныя метады: іголкарэфлексатэрапія, гіпербарычная аксігенацыя (метад выкарыстання кіслароду пад высокім ціскам), водалячэнне, аўтагенная трэніроўка, лячэбная фізкультура.

Народныя сродкі

Яны таксама часта дапамагаюць аблегчыць пакуты. Народная медыцына рэкамендуе пры мігрэні прыкладаць да балючай часткі галавы свежае лісце бэзу ці белакачаннай капусты, таксама лустачкі сырой бульбы. Можна рукі з локцямі апусціць у гарачую ваду і трымаць іх там да той пары, пакуль боль не пройдзе. Час ад часу падліваць гарачую ваду. Стары лячэбнік дае такі рэцэпт: «Зрэзаць са свежага лімона вострым нажом з самай верхняй коркі кружок, ачысціць яго ад белага рэчыва і ўнутраным вільготным бокам прыкласці да скроні, а калі трэба, то да абедзвюх. Кружкі прыліпаюць хутка і трывала і за кароткі час нацягваюць на віску чырвоную пляму, але галаўны боль праз пэўны час пройдзе. Лімонны кружок здымаць не трэба, пакуль цалкам не пройдзе боль».

Не існуе метадаў вылечыцца ад мігрэні бясследна. Але ў большасці людзей з гэтай хваробай з узростам прыступы становяцца больш рэдкімі.

Калі ў вас з'явіўся галаўны боль, не займайцеся самастойна пастаноўкай дыягназу і самалячэннем, звярніцеся для гэтага да ўрача.

Алена КРАВЕЦ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!