Вы тут

Васьміног з'яўляецца самай разумнай з бесхрыбетных жывёл


Васьмінога назвалі так, бо лічыцца, што ў яго восем ног. Аднак ног у яго, уласна кажучы, усяго дзве, таму што для перамяшчэння па дне ён выкарыстоўвае пару задніх канечнасцяў, а ўсе астатнія шчупальцы выконваюць функцыю рук.


У васьмінога тры сэрцы. Галоўнае пераганяе кроў па целе, астатнія штурхаюць яе цераз жабры. У крыві васьмінога няма гемаглабіну, але ўтрымліваецца вялікая колькасць медзі, таму кроў у гэтых галаваногіх блакітная. Гэта бесхрыбетнае можа дасягаць вагі ў 50 кілаграмаў і даўжыні да 3 метраў. Самы буйны васьміног быў злоўлены недалёка ад узбярэжжа ЗША ў 1945 годзе, яго вага была 180 кг, а даўжыня — цэлых 8 метраў.

Навукоўцы не раз спрабавалі вызначыць, якія жывёлы самыя разумныя, і, па адной з версій, у дзясятак самых разумных разам з дэльфінамі, некаторымі прыматамі і пацукамі, яны ўключылі і васьміногаў. Васьміног з'яўляецца самай разумнай з бесхрыбетных жывёл, хоць і лічыцца далёкім сваяком садовых смаўжоў і слімакоў. Яго мозг мае форму абаранка, а ў кожным шчупальцы знаходзяцца яго «філіялы», гэтакія мініяцюрныя копіі. На кожным шчупальцы ў жывёлы знаходзіцца 240 прысосак, а ўсяго іх у галаваногага — каля 1900. Навукоўцы ўпэўненыя, што шчупальцы васьмінога могуць здзяйсняць пэўныя дзеянні і без удзелу яго галаўнога мозга.

У васьміногаў ёсць незвычайная здольнасць — дзякуючы адсутнасці шкілета яны могуць мяняць форму. Напрыклад, некаторыя васьміногі падчас палявання пластаюцца на марскім дне, маскіруючыся пад камбалу. Вядома здольнасць васьміногаў пранікаць цераз дзіўна маленькія адтуліны.

Звычайны васьміног валодае здольнасцю змяняць афарбоўку, прыстасоўваючыся да навакольнага асяроддзя. Гэта тлумачыцца наяўнасцю ў яго скуры клетак з рознымі пігментамі, здольных расцягвацца або сціскацца ў залежнасці ад успрымання органаў пачуццяў. Звычайная афарбоўка — карычневая. Калі васьміног напалоханы — ён бялее, калі разгневаны, чырванее.

Гэтыя галаваногія паддаюцца дрэсіроўцы, адрозніваюць геаметрычныя фігуры. Яны знаходзяць і запамінаюць выйсце са складаных лабірынтаў, могуць супрацоўнічаць з іншымі драпежнікамі, дамаўляючыся аб сумесным паляванні. Васьміногі маюць добрую памяць — пазнаюць людзей, якія іх кормяць, і выказваюць да іх сваё стаўленне. Вядомы выпадак, калі адзін васьміног, што жыў у акварыуме, не любіў работніцу, якая за ім наглядала, і ўвесь час абліваў яе вадой. Дзяўчына звольнілася, але калі праз некалькі месяцаў зноў зайшла на старую работу, васьміног яе пазнаў — і зноў абліў вадой.

Васьміногі не горш за малпаў могуць выкарыстоўваць прылады працы. Вядомыя выпадкі, калі бесхрыбетныя выкарыстоўвалі кавалкі дрэва, каб раскрываць ракавіны малюскаў. Іншыя ўмелі адкрываць накрыўкі пластыкавых бутэлек і нават вылазіць са слоіка, адкручваючы крышку знутры.

Васьміногі вельмі назіральныя. Яны капіруюць паводзіны адзін аднаго. Варта аднаму чаму-небудзь навучыцца, як іншыя адразу ж пачынаюць ужываць яго вопыт на практыцы. Яны таксама цікаўныя. Яны не небяспечныя для людзей, і выпадкі нападзенняў васьміногаў на чалавека вельмі рэдкія. Аднак васьміног, убачыўшы аквалангіста, можа абвіць яго нагу шчупальцамі, проста з цікаўнасці, каб памацаць, а затым адпусціць.

Асабістае жыццё васьміногаў нельга назваць шчаслівым. Самцы часта становяцца ахвярамі самак, а самкі доўга не жывуць. Яны адкладаюць яйкі ўсяго адзін раз у жыцці, але затое якая колькасць — 100 тысяч яек!
Самка беражліва даглядае іх, не выходзячы са свайго сховішча. Яна ў гэты час нічога не есць, і так працягваецца паўгода, а то і больш. А пасля з'яўлення малых, калі праз тыдзень яны пачынаюць самастойна харчавацца, самка васьмінога памірае ад знясілення. У сярэднім васьміногі жывуць 1-2 гады, і тыя, хто дажыў да 4 гадоў, з'яўляюцца доўгажыхарамі.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Самыя разумныя бесхрыбетныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».