Вы тут

«Пералом пазваночніка? Калі? Я і не заўважыў...»


Наш герой — пра складаныя эмоцыі, залежнасць як спосаб уцячы ад жыцця і свае пункты апоры.

Неяк я праглядала ў інтэрнэце каталог фітнес-клубаў, выбіраючы, куды б запісацца, і выпадкова натрапіла на два здымкі аднаго і таго ж інструктара. І тут жа з'явілася адчуванне, што на мяне глядзяць два розныя чалавекі. На адным у вачах мужчыны была энергія і нейкая неймаверная зухаватасць, пра такіх у народзе кажуць «шкура гарыць». На другім — зусім іншы выраз вачэй, і неяк было зразумела, што гэта не імгненнае змяненне позірку. І што чалавек, магчыма, перажыў нейкую сур'ёзную ўнутраную трансфармацыю...

Перад вамі — гісторыя 42-гадовага Яўгена Семярыхіна з Мінска, які прайшоў шлях ад алкаголіка да... Зрэшты, да каго — пісаць не будзем, таму што жыццё — не статычнае, шлях не завершаны, а цяперашні статус нашага героя чытачы могуць вызначыць і самі.


«Мазгоў у мяне ў юнацтве не было...»

— Мяне выхоўвалі маці і айчым, — успамінае Яўген. — Родны бацька выпіваў, я з ім мала кантактаваў, па-сапраўднаму і не ведаў... Калі я скончыў школу, у галаве быў вецер. Памятаю, што хацелася з'ехаць у вёску. Я ездзіў туды кожныя канікулы да бабулі, і мне там падабалася. У вёсцы я адчуваў сябе жывым, сапраўдным. Там былі рэчка, лес, мапед, свабода, сябры — сапраўднае жыццё... У нас з сябрамі было шмат сваіх падлеткавых інтарэсаў. Мы майстравалі выбуховыя прылады і падрывалі іх, вядома. Майму сябру нават вока траўміравала...

Пасля школы Яўген аднёс дакументы ў найбліжэйшае да дома вучылішча, але неўзабаве зразумеў, што будоўля — гэта не яго. «Там выпівалі, маглі сцягнуць тое, што дрэнна ляжыць, — кажа ён. — А я тады яшчэ не быў знаёмы з алкаголем. І мне ўсё гэта было незразумела і непрыемна».

Потым хлопец паступіў у педуніверсітэт і стаў вывучаць дашкольную педагогіку, псіхалогію і фізічную культуру. І так атрымалася, што ў гэтыя ж гады пазнаёміўся з алкаголем, прычым даволі шчыльна. Не раз трапляў у міліцыю ў п'яным выглядзе, у асноўным за хуліганства.

«Мяне не цягнула нешта разбураць, хутчэй, была цяга да самаразбурэння. Я залазіў п'яным на нейкія высокія паверхі, напрыклад, у інтэрнат да дзяўчат па балконах... Было шмат і іншых «подзвігаў». Маці вельмі перажывала, вядома. І нават спрабавала не пусціць мяне неяк у адну паездку, але я яе не паслухаў, адштурхнуў — і трапіў у той дзень у жудасную аварыю... Мы п'яныя ўсе былі, я і мой таварыш, і той, што за рулём, таксама. У выніку на Брэсцкай трасе выехалі на сустрэчную паласу — і трапілі ў лабавое сутыкненне. Мой таварыш загінуў адразу ж. А я апрытомнеў у бальніцы, увесь у бінтах, але на наступны ж дзень збег адтуль, абапёршыся на сябра, які прыйшоў праведаць мяне. Увогуле, мазгоў у мяне ў юнацтве не было... Дарэчы, мой таварыш, які быў тады за рулём, праз два тыдні павесіўся. Сумленне замучыла, бо ў гэтай аварыі загінуў наш сябар, які сядзеў побач з ім. А я — я працягнуў піць...»

Завязаў з алкаголем наш герой недзе 12 гадоў таму. «У мяне тады шмат усякіх гісторый было, — кажа ён. — У алкаголікаў заўсёды шмат гісторый, і ў асноўным самаразбуральных, звязаных з рызыкай для жыцця. Я быццам шукаў, дзе забіцца... Памятаю, калі я ўжо перастаў піць і ў мяне вельмі балела спіна, я прыйшоў у паліклініку зрабіць рэнтген, а мне кажуць: вядома ж, будзе балець, у вас жа там пералом быў. Кампрэсійны пералом, вось, два пазванкі сплясканыя... А я думаю: што? калі? Я ж і не заўважыў»...

Цяпер Яўген не кантактуе з ранейшымі сваімі сябрамі, якія працягваюць піць. Кажа, што шмат каго з іх ужо і ў жывых няма.

«Мой найлепшы сябар памёр у турме — яго пасадзілі з-за наркотыкаў. З другім таварышам адбыўся няшчасны выпадак, трэці трапіў у аварыю... Увогуле, шмат хто не дажыў да майго сённяшняга ўзросту. А хто дажыў — часам бачу іх і разумею, што гаварыць мне з імі даўно ўжо няма пра што. І вельмі сумна ад таго, што нічым не магу ім дапамагчы. У іх ужо пройдзены пункт невяртання, яны не хочуць нешта мяняць у сваім жыцці».

«Скажы мне хто, што апынуся ў будысцкім манастыры, — я б доўга смяяўся»...

Яўген спрабуе ўспомніць, калі менавіта перастаў піць. І расказвае, што неяк патэлефанаваў яго таварыш і запрасіў працаваць масажыстам у Палац воднага спорту. Ва ўніверсітэце яны вывучалі класічны масаж, і наш герой нават залік па ім здаваў, але не думаў, што яму гэта калі-небудзь спатрэбіцца. У той дзень ён пайшоў уладкоўвацца на працу без асаблівай веры ў тое, што яго возьмуць — але яго ўзялі.

«Я стаў працаваць — і тут раптам у мяне прачнуліся мае школьныя захапленні, напрыклад, цікавасць да ёгі. Я нават стаў ездзіць на семінары ў Маскву. Потым пайшоў вучыцца тайскаму масажу... Дзякуючы ёзе я цяпер практычна не заўважаю праблем са спінай. І сышло нейкае ўнутранае напружанне, ну, ці стала нашмат менш. Я стаў спакайнейшы, раўнейшы. А на курсах тайскага масажу пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай...»

«Праз нейкі час мы з ёй разам паехалі ў Тайланд — не адпачываць, а далей вучыцца масажу, — успамінае Яўген. — А потым паехалі яшчэ раз — пажыць два тыдні ў будысцкім манастыры, і гэта аказалася самым яркім маім успамінам пра Тайланд. І ў нейкім сэнсе — самым прыемным. Там ува мне адбыўся пераварот. Спачатку я супраціўляўся манастырскаму рэжыму, нават не выходзіў некалькі дзён са сваёй келлі. Вось быццам бы сам туды паехаў, і ў той жа час парушаў правілы, быццам нейкае ўнутранае супраціўленне было. Тады настаяцель манастыра выклікаў мяне і сказаў нешта ў тым духу, што тут, маўляў, не санаторый: альбо падпарадкоўвайся манастырскаму статуту, альбо — да пабачэння. Маім першым парывам было з'ехаць. Але ён дадаў: ты хоць паспрабуй, перш чым сысці... І я раптам адчуў нейкую сілу ў яго словах і вырашыў-такі паспрабаваць: узяў зарок маўчання, пачаў хадзіць на ўсе медытацыі... Потым, ад'язджаючы, мы так кранальна развітваліся з гэтым настаяцелем, ледзь не са слязамі на вачах! Ён ціснуў мне рукі і ўсё казаў: гуд мэн, гуд мэн...

І, ведаеце, у мяне ўнутры нешта моцна памянялася за тыя два тыдні. Памятаю, як не мог заснуць у першыя два-тры дні, усё круціўся на тоненькім матрасіку на падлозе — было вельмі цвёрда, усё цела балела. А ў пачатку другога тыдня я раптам злавіў сябе на адчуванні: як тут выдатна!.. І вельмі не хацелася з'язджаць адтуль. Пасля  заходзіў ва ўсе храмы, што сустракаліся на маім шляху — а іх у Тайландзе тысячы! — і фатаграфаваў, фатаграфаваў... Так мяне ўсё гэта ўразіла! А калісьці, скажы мне хто, што я апынуся ў будысцкім манастыры і мне там спадабаецца — я б доўга смяяўся, напэўна».

«Без унутранай працы над сабой ты проста будзеш «сухім алкаголікам»...

Але больш за ўсё, як лічыць сам Яўген, на яго паўплывалі ўсё ж такі заняткі па джыу-джыцу. «Гэта японская барацьба, я займаўся ёю яшчэ ў юнацтве і не кідаў заняткі, нават нягледзячы на п'янкі, — кажа ён. — Мне вельмі падабаліся трэніроўкі, яны праходзілі быццам на адным дыханні, і я не чуў ні стомы, ні болю... Гэта быў мой спосаб справіцца са сваімі складанымі эмоцыямі, як цяпер разумею. Са сваёй агрэсіяй... Памятаю, як у мяне мяняліся чаканні. Калі спачатку было цікава, як з дапамогай джыу-джыцу можна ўздзейнічаць на іншых людзей, то потым стала цікава, што джыу-джыцу робіць са мной. Я думаю, у працэсе трэніровак у мяне сфарміраваўся нейкі валявы стрыжань, які нават алкаголь не змог растварыць».

Цяпер ён сам вядзе групу па джыу-джыцу. А яшчэ вучыцца на псіхолага. «Мне гэта вельмі цікава, і далей — усё цікавей і цікавей, — тлумачыць Яўген. — І, на мой погляд, у мяне змянілася ў лепшы бок якасць жыцця і якасць адносін. Зараз я ўжо разумею, што для таго каб кінуць піць, недастаткова проста кінуць піць. Фізічная адмова ад гарэлкі — гэта толькі першы крок. Далей павінна быць псіхатэрапія. Гэта зразумеў зусім нядаўна. Я нейкую колькасць гадоў жыў проста без гарэлкі, а цяпер пайшоў разбірацца далей у сваім жыцці. Таму што без унутранай працы над сабой ты проста будзеш «сухім алкаголікам». Твая залежнасць застанецца, проста яна можа перакінуцца на іншыя аб'екты. А псіхатэрапія дае магчымасць заўважыць свае звыклыя шаблонныя рэакцыі. Але тут патрэбны іншы чалавек, адмыслова навучаны, натрэніраваны, які дапаможа табе ўсё гэта заўважыць. І дапаможа навучыцца спраўляцца, перажываць свае складаныя эмоцыі, не звяртаючыся да нейкай анестэзіі. Анестэзіяй можа быць што заўгодна — алкаголь, цыгарэты, інтэрнэт... Гэта ўсё спосабы ўцякаць ад жыцця, ад сваіх цяжкасцяў і сапраўдных моцных эмоцый. Але ўцячы ад іх немагчыма. А калі іх спрабаваць ігнараваць, яны могуць прарасці ў нейкі сімптом: у дэпрэсію, бяссонніцу альбо ў нейкае псіхасаматычнае захворванне, ажно да самага цяжкага...»

«Я разумею, што былых алкаголікаў не бывае. І што мне цяпер нельга піць наогул, інакш усё вернецца. На маіх вачах адзін сябар вырашыў, што ён ужо здаровы і цяпер зможа сябе кантраляваць (гэта, дарэчы, мара любога алкаголіка і наркамана — ужываць толькі па святах. Але так не бывае — патрэбна поўная адмова). І ён выпіў крыху віна. Потым вырашыў, што можа выкурыць адну — усяго адну! — цыгарэтку. Скончылася тым, што ён у той вечар напіўся і накурыўся — а перад гэтым больш за пяць гадоў не піў і не курыў. Увогуле, зноў вярнуўся да «сябе ранейшага». Гэта ўсё адбывалася на маіх вачах, і я пераканаўся, як хутка і магутна вяртаецца залежнасць. Таму, калі ў чалавека ўжо паламаны механізм самакантролю — патрэбна поўная адмова. Інакш усё роўна вернешся да запою»...

P.S. Вось такая гісторыя аб выхадзе з цяжкай алкагольнай залежнасці. І пра пункты апоры, якія дапамагаюць у гэтым. У розных людзей яны могуць быць розныя. Наш герой падзяліўся сваімі. У яго цяпер усё добра: ёсць любімая жонка, маленькая дачка, ён знайшоў сваё прызванне і шлях, верны яму. ...У нейкі момант я злавіла сябе на думцы, што ў яго былі ўсе шанцы ператварыцца ў чалавека, з якім мне наогул не захацелася б размаўляць. І не толькі мне. Але замест гэтага ён стаў тым, з кім шукаюць сустрэчы. З кім цікава, хто можа матываваць... Таму што яго гісторыя сведчыць пра тое, што з якога заўгодна нізкага стартавага пункта можна рвануць уверх — і гэта дае надзею.

Святлана Бусько

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.