Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў сакрэтным крызісным пакоі


Інакш кажучы, гэта той астравок у бурлівым жыццёвым моры, дзе можна адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. І скарыстацца ім можа любы, хто трапіў у бяду. Магчыма, не кожны яшчэ ведае, што такі пакой існуе. Але, калі ён камусьці спатрэбіцца, знайсці яго будзе не цяжка. Спецыялісты Магілёўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва расказалі, як гэта зрабіць і хто часцей за ўсё карыстаецца гэтай паслугай.


Як падаць сігнал SOS

— Мы працуем у адпаведнасці з пратаколам міжведамаснага ўзаемадзеяння мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і іх структурных падраздзяленняў, зацверджаным Магілёўскім аблвыканкамам, — тлумачыць загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі цэнтра Іна Івашына. — Аналагічны распрацаваны на ўзроўні нашага райвыканкама. У сваёй рабоце мы актыўна супрацоўнічаем з раённым аддзелам адукацыі, паліклінікай № 11, раённым аддзелам унутраных спраў, SOS-дзіцячай вёскай, Магілёўскім жаночым цэнтрам падтрымкі і самаадукацыі, царквой. Распрацавана схема работы з сем'ямі, дзе адзначаліся факты гвалту. Калі ў РАУС ці іншую з пералічаных устаноў паступае трывожны сігнал і факт гвалту пацвярджаецца, мы бяром пацярпелага пад сваю апеку: аказваем яму неабходныя прававыя, псіхалагічныя і сацыяльныя паслугі. Ён таксама можа скарыстацца часовым прытулкам.

Крызісны пакой пры Магілёўскім раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе з 2007 года. За больш чым 10 гадоў тут пабывала шмат народу. Некаторыя нават па некалькі разоў. Не так даўно тут жыла жанчына, якую ратавалі ад замаху неадэкватнага сына. Накіраванне яна атрымала ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага райвыканкама. Зараз пакоем карыстаецца іншая жанчына, якая нарадзіла чацвярых дзяцей.

— Колькі мы з ёй у свой час павазіліся, лепш не ўспамінаць, — уздыхае загадчыца аддзялення. — Звязалася з гвалтаўніком, які біў яе як толькі мог. Але яна доўга адмаўлялася пісаць на яго скаргу. І толькі калі нарэшце зразумела, што праз гэтага чалавека страціла дзяцей, узялася за розум. Былі праблемы з алкаголем, але зараз ні-ні. І працаваць пайшла.

Пад грыфам «сакрэтна»

Дзе знаходзіцца крызісны пакой — сакрэт. Гэта на той выпадак, каб гвалтаўнік не знайшоў патаемнае месца. Нават не ўсе супрацоўнікі ведаюць, дзе гэты пакой. А тыя, каму па родзе службы неабходна ведаць, падпісваюць паперу аб захаванні тайны. Такія ж правілы распаўсюджваюцца і на тых, хто там часова пражывае.

Мы не збіраемся рассакрэчваць месца. Скажам толькі, што гэта нават не пакой, а цэлая аднапакаёўка з усімі выгодамі ў шматкватэрным доме за горадам. Разам са спецыялістам накіроўваемся па названым адрасе. На парозе нас сустракае маладая хударлявая жанчына. Для яе адной прасторныя апартаменты здаюцца наогул шыкоўнымі. У вялікай зале стаяць адразу тры канапы. «Гэта на той выпадак, калі сюды трапляе нехта з дзецьмі», — тлумачыць Іна Івашына. Акрамя мяккай мэблі тут ёсць шафа, тэлевізар, стол з крэслам і нават камп'ютар. У шафе можна знайсці бялізну і цацкі для дзятвы. Тут сапраўды адчуваеш сябе абароненым ад знешніх пагроз.

Іна Івашына кліча ацаніць кухню. І тут таксама ёсць чаму ўразіцца. Кухонны гарнітур, халадзільнік, поўны камплект посуду, ёсць нават некаторыя прадукты. Бо невядома яшчэ, пасля якіх выпрабаванняў сюды трапіць чарговая ахвяра. Да паслуг часовага пастаяльца сучасны санвузел з наборам ручнікоў, абстаўленая ўсім неабходным пярэдняя. Адным словам, не ў кожнага яшчэ такія ўмовы дома. У дапамогу чалавеку, які трапіў сюды, — нумары тэлефонаў карысных службаў. У асобнай папцы Палажэнне аб крызісным пакоі, правілы прыбывання ў ім, графік дзяжурстваў спецыялістаў, пералік паслуг, якія прапаноўвае служба, буклеты з класіфікатарам розных відаў гвалту.

Ахвяра гвалту

Жанчына, якая зараз тут жыве, сціпла называе сваё імя: Тамара. Яна адна з тых, хто моўчкі пераносіць пакуты і нават не крыўдзіцца на свайго мучыцеля. Апошні раз ён так жорстка збіў яе, што яна трапіла на бальнічны ложак. Жанчына атрымала сур'ёзную чэрапна-мазгавую траўму, недалічылася некалькіх пярэдніх зубоў. Пабоі цярпела на працягу некалькіх гадоў. Сужыцель — яе аднавясковец, да знаёмства з Тамарай паспеў пабываць за кратамі. Узаконьваць адносіны з новай знаёмай не стаў, проста пераехаў да яе на пастаяннае месца жыхарства. На працягу пяці гадоў яны нарадзілі трох дзяцей, але гэта сям'ю не згуртавала. Тамара кажа, што спачатку жылі больш-менш мірна, а потым сужыцель стаў усё часцей распускаць рукі.

— Апошні год піў амаль кожны дзень. Прыходзіў дадому і пачынаў качаць правы. То не тое прыгатавала, то не так падала, — прычыны браў з паветра, — жанчына расказвае гэта механічна з сумнай усмешкай на вуснах, углядваючыся кудысьці ў прастору.

Пасля таго як айчым жорстка збіў пасынка, сына Тамары ад першага шлюбу, сям'ю наведала камісія ад адукацыі, паглядзела, як жывуць астатнія дзеці. Нехта заўважыў сіняк на целе зусім яшчэ маленькага хлопчыка, і дзяцей забралі. У Тамары быў шанц пазбавіцца ад свайго мучыцеля і паспрабаваць адстаяць малых. Але яна чамусьці наадрэз адмовілася пісаць на сужыцеля заяву.

Даўгавая яма

Зараз Тамара сцвярджае, што перагледзела свае адносіны і гатова пісьмова пацвердзіць, што чалавек, з якім яна жыла, сапраўды гвалтаўнік. У гэтым выпадку яго чакае сур'ёзнае пакаранне. Як прызнаецца жанчына, яна стамілася так жыць і хоча вярнуць дзяцей. Самага маленькага, васьмімесячнага Паўла, яна нядаўна наведвала ў Доме дзіцяці, а вось з астатнімі сувязь абарвалася. Старэйшы зараз пад апекай у іншай сям'і, трохгадовага Дзіму і двухгадовую Надзею, няўпэўнена кажа жанчына, здаецца, усынавілі. На працягу апошняга года сувязі з дзецьмі яна не падтрымлівала. «Спачатку паспрабую вярнуць Паўлюшу, а там як атрымаецца», — разважае жанчына.

Сацыяльныя работнікі яе падбадзёрваюць, настройваюць на пазітыўны лад. «Калі на працягу года ты працуеш, не ўжываеш алкагольныя напоі, не вядзеш амаральны лад жыцця, можна звяртацца ў суд, каб вярнуць дзяцей, — кажа Іна Івашына. — Калі школа і ўсе іншыя зацікаўленыя службы давераць табе выхаванне малых, можна спадзявацца на поспех».

Жанчына ўголас марыць пра будучыню і пры гэтым сарамліва прыкрывае далонню свой часткова бяззубы рот. Тамары ўсяго 31 год, трэба было б заняцца сабой, але грошай на ўсё не хапае. Жыве яна ўсяго на 150 рублёў у месяц. Каля 70 % ад яе заробку ідзе на ўтрыманне малых. І нават гэтых грошай не стае, каб цалкам пагасіць доўг перад дзяржавай. На ўтрыманне аднаго дзіцяці трэба прыкладна 260 рублёў, а ў жанчыны іх чацвёра. У выніку доўг пастаянна накопліваецца. Калі б было ўстаноўлена бацькоўства, частку грошай спаганялі б і з сужыцеля. Але Тамара пакуль да гэтага рашэння не саспела.

Калі гвалтаўнік — ахвяра

Сумных гісторый пра жыхароў крызіснага пакою можа хапіць не на адну кнігу. Кватэра наогул рэдка пустуе. Сёлета тут пэўны час жыла пенсіянерка, якая пакутавала ад дарослага сына. Калі напіваўся, перыядычна пускаў у ход кулакі і пагражаў забіць. Жанчына некалькі месяцаў здымала ў Магілёве кватэру, але хутка зразумела, што на яе пенсію так доўга не пражывеш. Пасля чарговага скандалу пайшла ў райвыканкам па дапамогу. У выніку яе засялілі ў крызісны пакой, а сына за гвалт у сям'і пасадзілі на 15 сутак. У адносінах да яго вынесена ахоўнае прадпісанне. Гэта значыць, што на працягу месяца ён не мае права з'яўляцца дома і набліжацца да маці, якую крыўдзіў. Зараз у адносінах да яго распачата крымінальная справа, ёсць спадзяванні, што некалькі гадоў маці зможа жыць спакойна.

Права на пражыванне ў крызісным пакоі атрымліваюць не толькі ахвяры гвалту. Напрыклад, у сакавіку тут жылі пенсіянеры, у якіх згарэў дом. Як толькі яго адбудавалі, сужэнцы пераехалі. Права на пражыванне можа атрымаць нават... гвалтаўнік. Калі выносіцца ахоўнае прадпісанне, чалавек не мае права набліжацца да свайго дома, калі там жыве яго ахвяра. Атрымліваецца, што ён сам застаецца без даху над галавой. Але выйсце ёсць. Ён можа звярнуцца да сацыяльных работнікаў і атрымаць права на часовае пражыванне ў крызісным пакоі. Прычым скарыстацца паслугай можна ў любы дзень і нават час сутак. «Выхадныя і святочныя дні не перашкода, наш тэлефон працуе кругласутачна», — удакладняе мая суразмоўніца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.