Вы тут

За паўгода сёлета асуджана больш за 20 тысяч чалавек, а апраўдана 43


Вытрымліванне прэзумпцыі добрасумленнасці, апеляцыйнае абскарджанне, узмацненне жорсткасці патрабаванняў да судовага корпуса і іншыя змены адбыліся сёлета ў рабоце судоў агульнай юрысдыкцыі. Пра вынікі паўгадавой работы расказаў Валерый КАЛІНКОВІЧ, першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі.


За паўгода сёлета асуджана больш за 20 тысяч асоб, а апраўдана 43 чалавекі. Лідарамі ў спісе правапарушэнняў, як і раней, застаюцца крадзяжы маёмасці і ўхіленне бацькоў ад утрымання дзяцей ці пакрыцця расходаў дзяржавы па доглядзе малых. Пры гэтым у параўнанні з першым паўгоддзем 2017-га за такі ж перыяд сёлета крыху знізілася колькасць крымінальных, эканамічных спраў і спрэчак, а таксама спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія паступілі для разгляду.

Валерый Калінковіч засведчыў, што змяншэнне колькасці асуджаных — лагічны вынік паслядоўнага скарачэння ў апошнія гады ліку зарэгістраваных злачынстваў. Разам з тым паменшала і тых, каго пазбавілі волі.

Сёлета ў дзейнасці эканамічнага правасуддзя практычна рэалізаваны палажэнні Дэкрэта Прэзідэнта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», сярод якіх вытрымліванне прынцыпу прэзумпцыі добрасумленнасці суб'ектаў гаспадарання, карэкціроўка падыходаў да субсідыярнай адказнасці і скарачэнне сферы прымянення мер адміністрацыйнай адказнасці ў эканоміцы, падкрэсліў ён.

Згодна з дэкрэтам, цяпер заснавальнікі і службовыя асобы суб'ектаў гаспадарання, якія сталі банкрутамі, адказваюць за эканамічную неплацежаздольнасць толькі тады, калі яна была выклікана наўмыснымі дзеяннямі гэтых асоб. Праз такія змены ў параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам колькасць адмоў судоў у задавальненні іскаў па гэтай катэгорыі спраў узрасла ў сем разоў і ў тры разы павялічылася лічба спраў, якія суддзі пакінулі без разгляду. Адмоўлена ў ісках у 65,7 % спраў, без разгляду засталіся 16,4 %.

Як і раней, у судах агульнай юрысдыкцыі працягваюць праводзіць мерапрыемствы па паляпшэнні агульнай арганізацыі работы судоў, стварэнні належных умоў для арганізацыі правасуддзя і забеспячэння бакам права на судовую абарону.

— Прымаюцца меры па папярэджанні фактаў судовай цяганіны, калі асобныя справы працягваюцца доўга без істотных падстаў. А таксама па забеспячэнні выканання суддзямі і іншымі работнікамі судовага апарату патрабаванняў, якія сёння прад'яўляюцца да паводзін, ладу жыцця і выканання службовых абавязкаў у судовай сістэме, — падкрэсліў першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда.

Ён дадаў, што патрабаванні да кандыдатаў у супрацоўнікі судовага корпуса таксама робяцца больш жорсткімі ў плане агульнай прававой падрыхтоўкі і асабістых маральных і дзелавых якасцяў:

— Назначэнню на пасаду суддзі, хай сабе гэта будзе і вельмі таленавіты юрыст, павінна з гэтага паўгоддзя папярэднічаць працяглая стажыроўка ў адным з судоў, па выніках якой і будзе прымацца канчатковае рашэнне.

Сур'ёзна рыхтаваліся суды і да ўступлення ў сілу закона (новая рэдакцыя запрацавала з 23 ліпеня), якім меркавалася ўнесці змены і дапаўненні ў Грамадзянскі працэсуальны кодэкс. У прыватнасці, што датычыцца пераходу да апеляцыйнага парадку абскарджання судовых пастаноў па грамадзянскіх справах.

— У абноўленай рэдакцыі закон стварае ўсе ўмовы, каб канчатковыя рашэнні па грамадзянскіх спрэчках у выпадку абскарджання рашэнняў судоў першай інстанцыі прымаліся ў апеляцыі без паўторных судовых разбораў і шматлікіх выклікаў бакоў і сведак, — растлумачыў Валерый Калінковіч. — У той жа час закон закліканы замацаваць спаборны пачатак грамадзянскага працэсу, дысцыплінаваць цяжэбныя бакі і зрабіць працэсуальна нявыгаднай тактыку зацягвання разбору праз нядачу ці ўтойванне доказаў ад суда першай інстанцыі. Цяпер гэта непазбежна будзе весці да пройгрышу судовай спрэчкі.

Суды таксама працягваюць вывучаць магчымасці ўніфікацыі палажэнняў грамадзянскага і гаспадарчага працэсу для распрацоўкі ў выніку адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса. Каб быў практычны вынік, спатрэбіцца яшчэ час.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Менш асуджаных, больш адмоў у ісках

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.