Вы тут

З міжнароднай алімпіяды па фізіцы беларусы прывезлі медалі


Беларускія школьнікі працягваюць паспяхова выступаць на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. З Лісабона, дзе завяршылася 49-я міжнародная алімпіяда па фізіцы, нашы навучэнцы прывезлі два сярэбраныя і два бронзавыя медалі.


Пры­зё­ры між­на­род­най алім­пі­я­ды па хі­міі.

Міжнародная алімпіяда па фізіцы (ІРhО) з'яўляецца штогадовым конкурсам для навучэнцаў ва ўзросце да 20 гадоў. Акрамя тэарэтычных задач, яе ўдзельнікі вырашаюць таксама і эксперыментальныя задачы, што павышае складанасць спаборніцкага марафону і абумоўлівае правядзенне двух конкурсных тураў: яны праводзяцца ў розныя дні, на кожны з іх вылучаецца па пяць гадзін. Задачы для алімпіяды рыхтуюцца прадстаўнікамі краіны-арганізатара.

У Партугаліі выступалі 400 удзельнікаў з 90 краін. Узнагароды заваявалі ўсе чатыры прадстаўнікі беларускай зборнай: Яўген Ганковіч (выпускнік Ліцэя БДУ) і Яўген Дзядкоў (навучэнец барысаўскай гімназіі № 1) заваявалі сярэбраныя медалі, а Мікалай Зунікаў (Гомельскі гарадскі ліцэй № 1) і Уладзіслаў Фядурка (Ліцэй БДУ) былі ўзнагароджаныя «бронзай». Рыхтавалі каманду Анатоль Слабадзянюк (БДУ) і Леанід Марковіч (Ліцэй БДУ). А абсалютным пераможцам стаў юны фізік з Кітая.

Таксама чатыры ўзнагароды заваявалі беларускія школьнікі і ў Празе, якая прымала юбілейную 50-ю міжнародную алімпіяду па хіміі. Там канкурыравалі паміж сабой 300 школьнікаў з 76 краін.

Па ўмовах спаборніцтваў, кожную краіну можа прадстаўляць каманда ў складзе не больш як чатырох чалавек плюс два педагогі. Кіраўнікамі беларускай зборнай выступілі загадчык кафедры хімічнага факультэта БДУ Віктар Хвалюк і дацэнт той жа кафедры Аляксандр Рагойша. Міжнародная алімпіяда па хіміі таксама складаецца з двух тураў (тэарэтычнага і практычнага), якія доўжацца да пяці гадзін і праводзяцца ў розныя дні.

«Серабро» алімпіяды заваявала ў Празе выхаванка Ліцэя БДУ Паліна Булаўская. Бронзавыя ўзнагароды ў ліцэістаў БДУ Алега Караткова, Дзяніса Новаша і навучэнца сталічнай гімназіі № 29 Аляксея Грахоўскага.

Чатыры бронзавыя медалі заваявалі беларускія школьнікі таксама на міжнароднай алімпіядзе па біялогіі ў Іране і столькі ж — на міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ў Румыніі. А ў Парыжы на Х Міжнародным камандным турніры юных матэматыкаў адна беларуская каманда ўзяла «золата» і абсалютнае першае месца, а другая заваявала «бронзу».

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Медальны «ўраджай»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.