Вы тут

Калі сукенка і прасціна становяцца сцягамі


Памятаеце той даўні скандал у Белым доме? Прэзідэнту самай магутнай дзяржавы ў свеце ледзь не каштавала пасады інтрыжка са стажоркай адміністрацыі. Ды хто б даведаўся пра тую мімалётную сувязь альбо хто прыдаў бы ёй значэнне, каб не рэчавы доказ, які разважлівая паненка ўвесь час захоўвала ў халадзільніку? У патрэбным месцы ў патрэбны час сукенка, вынятая з маразілкі, атрымала сілу, можа нават большую, чым сцяг цэлай арміі праціўніка. Так бывае з паненкамі, калі яны пралічваюць некалькі хадоў наперад.


Нядаўна давялося зноў назіраць патрэсванне бруднай бялізнай... Зусім не аматар я гэтых рэйтынгавых перадач з выцягваннем на свет падрабязнасцяў асабістага жыцця, не гляджу іх амаль ніколі. На гэты раз у час пераключэння пультам каналаў вока зачапілася за Карачанцава, артыста, якога я заўсёды паважала за талент, за інтэлігентнасць, за адсутнасць яўнай «зорнай» хваробы. Заўсёды адчуваю нейкую няёмкасць, калі яго, нямоглага, чарговы раз цягнуць у эфір. А тут яшчэ ў такім кантэксце!

Хто не ў курсе, у двух словах растлумачу. Былая балерына Марыінскага тэатра Алена Дзмітрыева ў нейкім часопісе расказала пра свой нібыта 23-гадовы раман з Карачанцавым. Паводле яе слоў, адносіны цягнуліся з пераменным поспехам, за гэты час яна выходзіла замуж, разводзілася, нарадзіла дачку, але Мікалай перыядычна ўзнікаў у яе жыцці зноў. Так было да самай аварыі 2005 года, пасля якой артыст стаў інвалідам. Усе гэтыя гады яго даглядае жонка Людміла Поргіна. Людміла Андрэеўна перыядычна вывозіць Мікалая Пятровіча на інваліднай калясцы ў эфір розных перадач.

Але ж вернемся да нашай балерыны. Акрамя фотаздымкаў яна дэманстравала «доказы» — запіс яго голасу на аўтаадказчык, які захоўвала 17 гадоў, паказвала прасціну, на якой спалі разам з каханкам, бялізна таксама захоўваецца ў шафе. Захоўваць рэчы як рэліквію, як памяць аб каханні, можа, і нармальна, а вось даставаць і дэманстраваць публічна — гэта ўжо сіндром Монікі. Узнікае галоўнае пытанне: навошта?! Некаторыя, у тым ліку былыя калегі Дзмітрыевай, выказаліся ў інтэрнэце, што балерына, якая старэе, захацела порцыю славы і грошай. Магчыма. Яна ж божыцца, што жыве ды працуе ў Парыжы і ёй усяго хапае. Тады сапраўды: дзеля чаго? Каб прычыніць боль яго жонцы, блізкім, яму самому, нагадаць пра сябе? Некалі адна з маіх настаўніц казала: «Калі гэтае імя вам дарагое, насіце яго ў сэрцы, а не выдзірайце на парце!» Ну і праўда, калі дапусціць, што адносіны і сустрэчы мелі месца, то самы час іх схаваць ад свету ў далёкім куточку душы. Тым больш зараз, калі герой таго даўняга рамана адказаць па сутнасці не можа. Яго наогул даўно не было б на свеце, каб пасля страшнай аварыі не трапіў адразу ў інстытут Скліфасоўскага, каб клапатлівая жонка не вазіла па дактарах і клініках, не забяспечвала б штодзённую рэабілітацыю. Ды і наогул чалавеку, для якога дасягненнем выглядае самастойна паесці, папіць, схадзіць у туалет, многія іншыя рэчы бачацца ўжо зусім неістотнымі. Так і хочацца крыкнуць ім усім: «Пакіньце ў спакоі, не лезьце ў душу».

Не вельмі разумею я і жонку артыста пры ўсёй пашане за яе місію, бо няма нічога цяжэйшага, чым даглядаць гадамі хворага чалавека. Навошта яна наогул дала згоду на гэтую перадачу? Яна тлумачыла, што прыйшла абараніць гонар сваёй сям'і, расказвала, што яны з Мікалаем маюць медалі Пятра і Фяўронні, якія ім уручыў Патрыярх. Усё гэта добра. Але ж тое інтэрв'ю не вельмі чалавечнай балерыны прачыталі хай сабе сотні людзей, хай тысячы. А вось гэтыя прасціны ды іншыя дэталі сталі ўжо набыткам мільёнаў тых, хто ведаў і любіў Карачанцава як бліскучага акцёра кіно. Калі ж балерына трэсла цёмнай прасціной на кадрах папярэдніх здымкаў, а жонка ў эфіры ў адказ крычала, што ён любіў светлую пасцельную бялізну... было не толькі страшна няёмка, было вельмі сорамна за ўвесь жаночы род. І яшчэ. Я чамусьці ўпэўнена, што калі б Мікалай Пятровіч быў здаровы і дужы, як раней, а нейкая жанчына Х страціла здароўе, напрыклад, праз аварыю, то ён не дапусціў бы, каб нават адбітак ценю любых плётак ці чутак упаў на мінулае той жанчыны, парушыў яе спакой. А інакш я ні халеры не кемлю ў людзях.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».