Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Індыец заплаціў 70 кілаграмаў аліментаў

Жыхарка індыйскага горада Чандзігарх падала ў суд на былога мужа, які заплаціў аліменты манетамі, паведамляе выданне Hіndustan Tіmes.

Заможны адвакат падаў на развод у 2014 годзе. Суд абавязаў яго выплачваць былой жонцы 25 тысяч рупій (каля 740 рублёў) штомесячна. Мужчына праігнараваў рашэнне, і цяжба працягнулася ў наступнай інстанцыі. У рэшце рэшт ён здаўся і прынёс грошы. Былая жонка атрымала чатыры купюры па 100 рупій і 24,6 тысячы — манетамі вартасцю адна і дзве рупіі. Агульная вага дробязі перавысіла 70 кілаграмаў. Жанчына адзначыла, што былы муж наўмысна здзекуецца і мучыць яе. Мужчына ў адказ падкрэсліў, што нічога не парушыў, таму што нідзе не пазначана, як менавіта трэба выплачваць аліменты.


У Францыі мэр забараніў камароў

У французскім горадзе Брыале, дэпартамент Мен і Луара, забаранілі камароў, паведамляе выданне The Connexіon.

Мясцовыя жыхары сталі скардзіцца на засілле кровасысучых насякомых пасля паводкі ў ліпені. Мэр Брыале Андрэ Маршан адрэагаваў на гэта ўказам, які забараніў камароў у горадзе. Акрамя таго, ён устанавіў пасткі для камароў каля ратушы, пачатковых школ і дзіцячага садка. «Такім камічным спосабам я спрабаваў данесці да гараджан думку, што ў рэчаіснасці я нічога не магу з гэтым зрабіць, — растлумачыў мэр. — Большасці гэта здалося смешным». Тым не менш пасля ўказа камароў стала менш, аднак, паводле слоў Маршана, гэта ніяк не звязана з забаронай.


Амерыканец украў «хуткую» з-за спякоты

Жыхар амерыканскага горада Меса, штат Арызона, украў машыну хуткай дапамогі, таму што не хацеў ісці пешшу ў спякоту, паведамляе Fox 10 Phoenіx.

37-гадовы Тод Шэл выпісаўся са шпіталя, выйшаў на вуліцу і выявіў, што там невыносна горача. Каля будынка стаяла пустая машына хуткай дапамогі, на якой толькі што прывезлі новага пацыента, — медыкі спяшаліся і забыліся дастаць ключ з замка запальвання. Шэл вырашыў скарыстацца гэтым, сеў у машыну і з'ехаў. Неўзабаве паліцыя высачыла згоншчыка па сігнале GPS-маяка, якім быў абсталяваны аўтамабіль. Пасля арышту Шэл растлумачыў, што накіроўваўся дадому па грошы. Ён планаваў перакусіць, а потым вярнуць машыну. Мужчыну выстаўлены абвінавачанні ў незаконным выкарыстанні ТС і ўцёках ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Згон быў здзейснены 24 ліпеня, калі тэмпература паветра ў горадзе дасягнула рэкорднага ўзроўню — 47 градусаў па Цэльсію.


Чыноўніца тры гады спіць на рабоце

Супрацоўніца дэпартамента аўтатранспарту амерыканскага штата Каліфорнія пастаянна спала на рабочым месцы, паведамляе выданне The Sacramento Bee.

Відавочцы расказалі следчым, што яна кожны дзень прыходзіла ў офіс, засынала і не прачыналася па меншай меры тры гадзіны. З лютага 2014 года да снежня 2017-га яна патраціла на адпачынак каля 2,2 тысячы гадзін рабочага часу. Жанчына тлумачыла офісны сон хваробай. У 2016 годзе ўрач, які яе лечыць, паведаміў установе, што яна не зможа выконваць ранейшыя службовыя абавязкі. Супрацоўніцы далі іншую пасаду, але яна працягнула хадзіць на працу і спаць. Яе калегі неаднаразова скардзіліся начальству, аднак рэакцыі так і не было. Жанчына працягвае працаваць у дэпартаменце транспартных сродкаў і па-ранейшаму спіць.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?