Вы тут

Наталля Ляхавец: Хочацца файную сукенку? Даверцеся швачцы!


Яе строй надзявала расійская спявачка Паліна Гагарына. За чатыры гадзіны яна сшыла сукенку для Анфісы Чэхавай, якая той не толькі падышла, але і дужа спадабалася. Нават Аляксандр Саладуха звяртаецца да краўчыхі і дызайнера Наталлі Ляхавец, каб тая падшыла яму кашулі. Простая дзяўчына з беларускай вёскі, якая вучылася шыць на швейнай машынцы суседкі, нават не магла ўявіць, што ў яе не будзе адбою ад заказаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Зараз яе можна пазнаць па складаных, неадназначных мадэлях адзення, нечаканых дызайнерскіх рашэннях і ўласным эпатажным вобразе. І калі вырашыце адшукаць найлепшую швачку ў Мінску, то пошукавік першым выдасць яе імя і прозвішча...


— Яшчэ некалькі гадоў таму вы збіраліся зрабіць уласную калекцыю. І ўсё жартавалі, што пакуль яна «ў шафе». Атрымалася за гэты час яе пашыць?

— У мяне няма сваёй калекцыі таму, што я шмат шыю на заказ і фізічна на яе не хапае часу. Хоць у мінулым годзе былі спробы ўсё ж такі яе зрабіць, і нават пяць адзінак ужо гатовыя. Быў спонсар, пайшло каля тысячы долараў на адну толькі тканіну. А для таго каб узяць удзел у паказе, трэба яшчэ дзве тысячы. Каб дарабіць калекцыю, яшчэ столькі ж... Карацей, гэта досыць дарагое задавальненне.

Я часам хаджу на тыдні моды, паказы, але зараз ніхто з беларускіх дызайнераў мне не падабаецца. Іх калекцыі шыюцца для таго, каб пасля рэчы прадаць. З-за гэтага мадэлі атрымліваюцца досыць простыя. Мне ж хочацца ўскладненых мадэляў, незвычайных вобразаў. Такіх, якія, магчыма, у паўсядзённым жыцці і не надзенеш, але яны падыдуць тым, каму, напрыклад, даводзіцца выступаць на сцэне.

— Па чым, калі не па кроі, відаць, што мадэль складаная? І як распазнаць дастойнага дызайнера?

— Важна, якая тканіна выкарыстоўваецца, наколькі шмат дэталяў у вырабе. Таксама часцей за ўсё дызайнеры самі не шыюць калекцыі, а перакладаюць гэтую частку працы на краўчыху. А ад таго, што ў іх няма вопыту пашыву, бываюць памылкі ў мадэляванні і раскроі.

Увогуле ўсе натхняюцца адно адным. Але некаторыя нашы беларускія дызайнеры — занадта ж падрабязна.

Таксама кананічны дызайнер мусіць умець маляваць свае мадэлі адзення. Але мне, напрыклад, больш даспадобы рабіць усё на хаду. Таму я не малюю эскізы, а прыдумваю адразу на тканіне.

Увогуле люблю працаваць у стане афекту. Прыйшоў заказчык, якому ледзь не заўтра патрэбны выраб, і мы спрабуем хутка і адразу ж прыдумаць, што рабіць. Памятаю, што, калі ледзь не месяц шыла калекцыю, так засумавала па заказах, па тым, калі людзі, якія прыходзяць на прымеркі, прыносяць з сабой тканіну — і мы пачынаем ствараць.

— У каго вы натхняецеся?

— Раней вельмі падабаліся калекцыі сясцёр Парфяновіч. Нядаўна хадзіла на паказ дызайнера Святланы Тадорскай, таксама спадабалася, бо яе работа вельмі працаёмкая. А так, калі гляджу паказ мод, бачу мадэлі і разумею, што гэту магу пашыць за гадзіну, а тую за дзве...

— Хто ўнутры вас зараз перамагае: швачка ці дызайнер?

— Калі шчыра, то швачка. Мне так падабаецца шыць! Нават калі даводзіцца пераробліваць, пароць, сядзець над рэччу гадзінамі.

— Што больш даспадобы: працэс ці вынік?

— Вынік не падабаецца тады, калі заказчык камандуе, што і як рабіць. Амаль ніколі так не бывае, каб чалавек здаўся на цябе і даверыў усё рабіць на свой густ. Нядаўна ў мяне адна з беларускіх спявачак шыла сукенку: разам выбралі тканіну, а пасля яна амаль не ўмешвалася ў пашыў, і вынік быў такі, што нам абедзвюм спадабалася.

Часта людзі памыляюцца наконт таго, што ім падыдзе, а што не. Накшталт таго, што ў праблемным месцы больш зацягнем, і я буду выглядаць худым ці стройнай. Але швачцы лепш відаць, як схаваць лішняе і падкрэсліць прыгожае.

— Як ацэньваеце сваю працу ў грашовым эквіваленце?

— Стараюся рабіць гэта адэкватна. Напэўна, таму да мяне так шмат людзей і ходзіць шыць. Часам мае калегі за працу бяруць сярэднямесячную зарплату па краіне. Але я лічу, што гэта зашмат. Праўда, калі тэлефануюць і запытваюць, чаму так дорага, то я прапаную ім звярнуцца да іншага майстра. Калі просяць зрабіць занадта простыя рэчы, таксама не пагаджаюся. Хочацца творчасці...

— ...якую можна праявіць на канцэртных уборах?

— Не толькі. Асобная асалода — шыць уніформу. Напрыклад, для казіно, кавярняў. Гэта толькі на першы погляд падаецца, што ў ёй асабліва няма чаго прыдумаць. Але нават тыповай спадніцы ці камізэльцы можна дадаць незвычайны элемент, зрабіць запах, асіметрыю... Было б жаданне ў заказчыка адзець сваіх супрацоўнікаў не тыпова. Напрыклад, нядаўна прыдумала такую жаночую ўніформу: звычайная чорная сукенка з баскай, са здымнымі белымі манжэтамі, белым поясам, стойкай на шыі і статычным жабо на адзін бок. Адна з самых частых праблем — тканіна пры мыцці фарбуецца. Але ў гэтай форме кантрасныя элементы можна здымаць і мыць асобна.

— Практычна ставіцеся да працы. А ёсць у вас «швейная» мара?

— Так. Хачу пашыць спявачцы Беёнсэ сукенку.

— А яна пра гэта ведае?

— Не, але было б няблага, хутчэй бы зрабілі ёй убор! (Смяецца.)

— Каму з «зорак» ужо даводзілася шыць касцюм?

— Паліне Гагарынай, Анфісе Чэхавай, Лаліце. Зараз прыходзяць шыцца блогеры часцей, чым беларускія ці расійскія зоркі. «Зорнасць» у наш час змянілася.

Але зараз я змяніла сваё стаўленне да таго, што раблю. Гэта адбылося пасля таго, як нарадзіла дачку. Ды і ўвогуле каштоўнасці змяніліся.

— А ў чым галоўная складанасць, калі строй заказваюць спевакі ці спявачкі?

— Нашы айчынныя па звычцы ўсё кантралююць: як іх убор шыецца, з чаго, якая будзе мадэль. Але ж усё гэта — мая непасрэдная праца. І калі хтосьці з артыстаў нарэшце дае свабоду для вырашэння, што і як рабіць, — вы не ўяўляеце, колькі цеплыні і пяшчоты тады ўкладаецца ў выраб.

Хоць насамрэч завышаным кантролем над сітуацыяй я і сама хварэю. Гэта ў нас, беларусаў, такі менталітэт. Напрыклад, я сваёй памочніцы ўсё да дробязей тлумачу і пакуль гэта раблю, ужо ўсё сама пашыю.

— Як ставіцеся да такога папулярнага сёння масмаркету?

— Гэтым зараз вельмі лёгка і выгадна займацца. Настаў той час, калі ў трэндзе ўсё бясформеннае. Яго лёгка пашыць і зрабіць на такое адзенне лякалы. Толькі бяры і шый, галоўнае — файныя тканіны выбірай. І не трэба дакладнай пасадкі. Зручна!

Я раней працавала на швейнай фірме, дзе касцюмы мусілі сядзець як улітыя. Зараз жа ў масавым адзенні на гэта не асабліва звяртаюць увагу. Толькі калі шыюць эксклюзіўныя рэчы, спецыяльна на заказ, тады ўжо па фігуры.

— Цікава, ці накладвае прафесія адбітак: сустракаеце людзей па тым, як яны адзеты?

— Ужо даўно не. І хоць я штодзень шыю, разумею, што не ў адзенні сутнасць. Хоць зрэдку бывае так, што вобраз зачэпіць, і тады я пачынаю разглядаць чалавека. Але гэта рэдкія выпадкі. І калі ўсё ж такі звяртаю ўвагу, то, хутчэй, на аксесуары. Яны куды больш чапляюць.

І зрабіць іх даволі нескладана. Напрыклад, мой муж нядаўна паглядзеў ролікі ў інтэрнэце, як шыць сумкі, рукзакі, кашалькі, і цяпер у нашай сям'і ўсё гэта зроблена ўласнаручна.

— А навучыцца шыць па відэа з YouТube можна?

— Я думаю, што так. Галоўнае — мець уседлівасць. Прыклад з мужам гэтаму доказ.

— Як жа талент і прыродная здольнасць?

— Чалавека можна чаму хочаш навучыць. Любога — шыць. Было б жаданне.

— Дачка, як думаеце, таксама будзе шыць, як падрасце?

— Не ўпэўнена. Хоць было б добра. У мяне не было чалавека, які б як на далоні паднёс: як правільна мадэляваць, краіць, шыць, як выпраўляць памылкі. А ў яе буду я. Вядома, мне б хацелася дзяліцца сваім вопытам з дачкой. Але гэта не галоўнае. Важна, каб добрым чалавекам вырасла...

Бліц-апытанне

— Адпачынак ці праца?

— Праца.

— Творчасць ці майстэрства?

— Майстэрства.

— Дзень ці ноч?

— Ноч.

— Холад ці агонь?

— Холад больш люблю.

— Шыць ці прыдумляць?

— Шыць!

— Салодкае ці кіслае?

— Люблю і тое, і тое. Спачатку з'есці салодкае, а пасля — кіслае.

— Пачуцці ці розум?

— Раз задумалася, значыць, розум.

— Інтуіцыя ці разлік?

— У мяне дрэнна і з тым, і з тым.

— Цела ці душа?

— Душа.

— Музыка ці цішыня?

— Вядома, музыка. (Звяртаецца да памочніцы.) Ганна, зрабі гучней музыку, не чуваць нічога!

— Шчасце ў...

— Прастаце стаўлення да ўсяго на гэтым свеце. Хочаш быць шчаслівым — прасцей стаўся да жыцця.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.