Вы тут

Трапіць у студатрад ва Уздзенскім раёне можна толькі па конкурсе


Яшчэ на пад'ездзе да дзіцячага аздараўленчага лагера «Зарніца» ва Уздзенскім раёне, які належыць прадпрыемству «Інтэграл», можна здагадацца, што насельнікі ўстановы весела бавяць час. Вось купка дзяцей ганяе мяч, побач яшчэ адна пускае па траве рознакаляровыя агеньчыкі з нейкага спецыяльнага прыстасавання. А на сцэне хлопчык спявае. Пад задорную мелодыю ліха танцуюць яго сябры. І пры малых — абавязкова дарослы. Зразумела, за імі патрэбна пільнае вока.


Факультэт добрых спраў

Першым на тэрыторыі лагера мы сустракаем Аляксандра Грыгор'ева.

— Дзеці нас называюць важатымі, як у добрыя савецкія часы, але афіцыйна мы лічымся выхавацелямі, — кажа новы знаёмы. — Лагер працуе па сістэме «Універсітэт — за здаровы лад жыцця». Таму атрады называюцца факультэтамі. Наш, напрыклад, — «Факультэт добрых спраў».

Хлопец вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, а ў летні час вырашыў папрацаваць у педагагічным атрадзе імя маршала авіяцыі Аўдзеева.

— Цяпер не так проста трапіць у студэнцкі атрад: вялікі конкурс, — сцвярджае юнак. — Выбіраюць найлепшых. Я вельмі задаволены, што трапіў менавіта сюды. Відаць, узялі мяне, дзякуючы вопыту, які атрымаў раней, калі працаваў у сэрвісным атрадзе ў папярэднія гады. У маёй групе падлеткі чатырнаццаці гадоў, дзеці з розных сем'яў, у тым ліку з няпоўных, прыёмных, апякунскіх, неўладкаваных. Раніцай буджу выхаванцаў, сачу, каб прывялі сябе ў належны выгляд, памыліся, паелі, весела і змястоўна адпачывалі, удзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, акцыях, што праводзяцца ў лагеры.

— Чаму вырашыў працаваць, а не адпачываць? — пацікавілася ў Аляксандра.

— Работа ў лагеры — адно задавальненне, той жа адпачынак, — усміхаецца мой суразмоўнік. — Так, бывае цяжка, дзесьці не дасплю, не хапае часу на сябе. Але настрой маіх падапечных, удзячнасць іх бацькоў — для мяне шмат значаць.

Ды і матэрыяльны бок справы адыгрывае не апошнюю ролю. Заробленых грошай хопіць надоўга, прызнаецца хлопец. Акрамя таго, некаторыя студэнты здымаюць кватэры ў Мінску. Для іх гэтыя заробкі — добрая нагода наперад аплаціць арэнду. А тут можна сэканоміць і на пражыванні, і на харчаванні — яно трохразовае. Для персаналу і дзяцей створаны выдатныя ўмовы: гарачая вада, электрычнасць, санвузел, сталовая, гульнявыя пляцоўкі.

— Але ж гэта вялікая адказнасць, не страшна? — дапытваюся ў дваццацігадовага выхавацеля.

— У Акадэміі я адказваю за сто чалавек асабовага складу. Так што дысцыпліну трымаць умею, — упэўнена адказвае Аляксандр.

Яўгенія Стасюн таксама вучыцца ў той жа ўстанове, у дзяўчыны не менш адказная пасада — камандзір сэрвіснага атрада. Яе падначаленыя наводзяць чысціню ў службовых, спальных памяшканнях, на тэрыторыі лагера. У «Зарніцы» дзяўчына не першы год.

— Мне тут надта падабаецца. У нас сяброўская атмасфера, жывём адной дружнай сям'ёй, — сцвярджае яна. — Кожны раз я вяртаюся дадому з пазітыўнымі эмоцыямі.

— Мы два гады працуем з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і два гады — з Акадэміяй авіяцыі, — уступае ў размову начальнік лагера Таццяна ЯРМАЛІНСКАЯ. — І, вядома, выбіраем самых актыўных, пазітыўных, працаздольных юнакоў і дзяўчат. Наш лагер кругласутачны. Гэта значыць, неабходныя вытрымка і фізічная загартоўка, а таксама адказныя адносіны да сваіх абавязкаў. Бо самае галоўнае для нас — бяспека дзяцей.

Залатыя хлопчыкі

Наступны прыпынак у Слуцкім раёне, у сельскагаспадарчым філіяле «Агра-Замосце» адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў».
У навучэнцаў Слуцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа работа не з лёгкіх. Яны збіраюць на полі смецце, рэшткі поліэтылену, камяні.

— Наш атрад называецца «Імпульс», у ім дзевятнаццаць хлопцаў, — знаёміць нас камандзір Вадзім Барысавец. — Са Слуцка нас забірае аўтобус, а пасля 14.00 адвозіць дадому. Ёсць у атрадзе і хлопцы, якія жывуць у іншых гарадах, а вучацца ў нашым каледжы. Пасля працы яны жывуць у інтэрнаце, дзе створаны выдатныя ўмовы: кухня, тэлевізары, халадзільнікі. А харчуюцца бясплатна ў сталовай.

Заробленыя грошы юнакі плануюць патраціць на свае патрэбы, хтосьці — на запчасткі для машыны, нехта — на новую вопратку. «Мы ж не мажоры нейкія, каб у бацькоў на шыі сядзець», — жартуюць яны.

— Гэта сапраўды так, хлопцы працавітыя, — пагаджаецца кіраўнік атрада Святлана Клішэвіч.

Святлана Аляксандраўна — майстар вытворчага навучання каледжа. Яна сочыць, каб у атрадзе быў парадак, дысцыпліна, бо менавіта яна нясе непасрэдную адказнасць за кожнага падапечнага.

— У нас з хлопцамі цудоўнае ўзаемапаразуменне. Паслалі нас прапалоць сянажныя траншэі, дык яны так пастараліся, што ніводнай травінкі не пакінулі. Я заўсёды кажу ім, што яны ў мяне залатыя хлопчыкі. Дзецям заўсёды неабходны пазітыў. Добрае слова для іх — стымул імкнуцца працаваць лепш, а значыць, і зарабляць больш.

Заўсёды побач з моладдзю і галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Мароз. Пры неабходнасці падкажа, навучыць як і што рабіць.

Не госць у полі і начальнік сельгасфіліяла Ігар Фёдараў.

Заўсёды прыемна назіраць, як працуюць маладыя людзі, лічыць кіраўнік. Для іх гэта — не проста працоўныя будні, але і школа жыцця.
А для гаспадаркі, што месціцца ў камяністай мясцовасці, — вялікая дапамога. Тэхніка часта выходзіць са строю. А сёння гарачая пара — жніво, і тут не могуць прыцягнуць сваіх людзей на падсобныя работы.

Пасля лазні — лазертаг

Салігорск рыхтуецца з размахам адзначыць 60-годдзе з дня заснавання. Таму тут спяшаюцца да свята ўвесці ў дзеянне новыя гасцініцу, інтэрнат і паліклініку. І на дапамогу своечасова прыйшлі студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

— Усяго ў нашым атрадзе «Дружба» трыццаць чалавек, размеркавалі па дзесяць на кожны аб'ект. Прыбіраем за будаўнікамі, падносім матэрыялы, размешваем раствор. Словам, выконваем усе даручэнні старэйшых, — расказаў камандзір Аляксей Баравік. Мы — будучыя інжынеры-будаўнікі, і тут для нас вельмі добрая практыка. Трэба ж пачынаць з самай нізкай прыступкі, набірацца вопыту, каб стаць у будучым добрым спецыялістам.

Хлопцаў вельмі гасцінна сустрэлі ў Салігорску, пасялілі ў інтэрнат з усімі бытавымі выгодамі, хтосьці харчуецца ў сталовай непадалёку, нехта гатуе сам.

— Аплата працы ў студэнтаў здзельная, на розных аб'ектах яна адрозніваецца ў залежнасці ад відаў і аб'ёмаў выкананых работ, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара па агульных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Салігорскага домабудаўнічага камбіната Вольга Ганчар. — Напрыклад, на пабудове паліклінікі яны атрымліваюць па 25 рублёў штодзень, інтэрната — больш за 30 рублёў, гасцініцы — каля 40 рублёў.

Хлопцы не толькі добра працуюць, але і адпачываюць. У камбіната ёсць свае Дом культуры, падшэфная школа, ім прапанавалі ўдзельнічаць у мерапрыемствах, што тут ладзяцца, гуляць у спартыўнай зале. Перад нашым ад'ездам студатрадаўцы пасля васьмігадзіннай змены збіраліся ў лазню, якую ім арганізавалі, а затым — памерацца спрытам і сіламі ў турніры па лазертагу.

Каментарый

Вольга ШЫБКО, загадчык сектара маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама:

— Трэці працоўны семестр у самым разгары. У аблвыканкаме ўжо ўзгоднена 285 студэнцкіх атрадаў агульнай колькасцю 3,3 тысячы чалавек. У тым ліку больш за тысячу маладых людзей працуе і будзе працаваць у дзіцячых аздараўленчых лагерах у складзе педагагічных атрадаў. Запатрабаваны сярод моладзі і сэрвісныя атрады па аказанні паслуг у сферы гандлю, рабоце з персаналам, праца на вытворчасці.

У экалагічных атрадах па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый у Крупках, Жодзіне, у Слуцкім, Чэрвеньскім і Валожынскім раёнах занята каля 150 чалавек.

У сельскагаспадарчыя атрады вобласці плануецца ўладкаваць больш як тысячу навучэнцаў цэнтральнага рэгіёна і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў сталіцы. Яны разам са школьнікамі будуць дапамагаць аграрыям Міншчыны ва ўборцы ўраджаю, працаваць на мехдварах і зернесушыльных комплексах у разнастайных сельгасарганізацыях і вучэбна-доследных прадпрыемствах. Акрамя таго, будуць дапамагаць збіраць гародніну і садавіну, ягады ў буйных агракамбінатах Міншчыны.

У вобласці ёсць і міжнародныя студатрады. Напрыклад, у атрадзе «Звязда» на базе адкрытага акцыянернага таварыства «Даўгінава» Вілейскага раёна разам са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта шчыруюць расійскія сябры з Ніжагародскай і Курскай сельгасакадэмій. Сярод шаснаццаці чалавек — дзве дзяўчыны.

Будаўнічыя атрады ўзводзяць і рэканструююць сацыяльна значныя аб'екты: паліклінікі, дзіцячыя сады і школы ў Салігорску, Фаніпалі, Мар'інай Горцы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Куды чарга? У студатрад!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».