Вы тут

Уладзімір Караткевіч: маланкава і назаўжды


Імя Уладзіміра Караткевіча асацыюецца з гістарычнай прозай, шляхецкай Беларуссю, творчасць яго вывучаюць у школе. Ён стаў ідэйным натхняльнікам цэлага пакалення і, як вынік, магутнай хвалі беларускага адраджэння. Але калісьці быў пачаткоўцам і ён. А першы зборнік вершаў пад назвай «Матчына душа» выйшаў 60 гадоў таму і адразу стаў з’явай у беларускай літаратуры. Застаецца ёю і цяпер. Бо такія творы не могуць састарэць. Тэмы і праблемы, узнятыя паэтам, — вечныя.


Якім быў Караткевіч, чым жыў, што яго хвалявала ў тыя гады? Звернемся да біяграфіі. У 1954 годзе Уладзімір скончыў універсітэт у Кіеве, адпрацаваў па размеркаванні два гады выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лесавічы Кіеўскай вобласці, паступіў у завочную аспірантуру, здаў кандыдацкі мінімум і пачаў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 года ў мастацкіх творах. У 1957 годзе вярнуўся ў Оршу. Выкладаў рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе. Шмат пісаў і друкаваўся. Пазнаёміўся з многімі беларускімі пісьменнікамі, якія прыязджалі на чытацкія канферэнцыі. Быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. Васіль Зуёнак згадваў: «...я ў ліку маладых суперажывальнікаў сядзеў і слухаў, як чытае ён перад шаноўнай пісьменніцкай публікай свайго “Машэку” — верш, нядаўна апублікаваны ў часопісе “Полымя”, і, галоўнае, верш, які адразу зрабіў імя аўтару (адзін верш! — так па-сапраўднаму ўваходзілі і ўваходзяць у літаратуру: не доўгацярплівым тленнем, а маланкава, не крыклівымі абяцанкамі і дэкларацыямі, а справай...)»

А вось што ўспамінае пра тыя часы яго пляменніца Надзея, якая была тады яшчэ дзіцём і разам з бацькамі прыязджала ў Оршу: «Самыя яркія і ўдзячныя згадкі — калі дзядзька навучыў мяне плаваць. ...Помню, прачынаўся ён заўсёды рана, хаця працаваў позна. Браў сабаку Тобса і ішоў на Дняпро. Пасля абеду, здаралася, клікаў з сабою мяне. Я толькі ўмела заграбаць па-сабачаму, але праплывала які метр, не болей. Дзядзечка цярпліва няньчыўся са мной. Я клала яму рукі на плечы, і мы спрабавалі плысці. ...Неяк ён не вытрымаў: “Калі зараз не паплывеш, больш цябе з сабою не вазьму”. Ад страху я паплыла... Спраўдзілася мая запаветная мара — я на другім беразе! Мы ўзлезлі па пясчаным адхоне і пайшлі ўздоўж ракі ўверх па цячэнні. Горад знік. Засталіся поле, сонца, вецер і мы. Ён расказваў мне пра ўсё, што мы бачылі, — кветкі, птушак, траву. Ён усяму ведаў найменне. А то раптам замаўкаў, думаў пра нешта сваё, і я старалася яму не перашкаджаць...»

Менавіта такім і паўстае аўтар, мяркуючы па яго вершах: улюбёны ў жыццё і ў Бацькаўшчыну, вельмі ўдумлівы і адначасова з маладым запалам, лёгкі на пад’ём; узнёсла-рамантычны, наіўны, але ў той жа час не па гадах сталы. Для многіх творцаў такі ўзрост — яшчэ час пошуку сябе ў літаратуры, але Уладзімір тады ўжо дакладна ведаў, дзеля чаго ён прыйшоў у гэты свет.

За год перад тым, як «Матчына душа» пабачыла свет, пасля першых публікацый у часопісе «Полымя» (а былі таксама і ў «Маладосці», і ў «Чырвонай змене», і ў «Літаратуры і мастацтве») у аршанскай газеце з падачы яе рэдактара пайшлі нападкі на маладога паэта. Вершы абвінавачвалі ў «безыдэйнасці». Што гэта былі за творы (якія пазней увайшлі ў першы зборнік)? Цяпер яны шырока вядомыя, з’явілася шмат адсылак да іх, яны натхнілі іншых літаратараў на напісанне вершаў-прысвячэнняў: «Машэка» (упершыню — у часопісе «Полымя» за 1955 год), «Заяц варыць піва», «Орша», «Стаю ўначы ў завіруху», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку» (упершыню — у «Полымі» за 1956 г.), «Вадарод», «Песня шафёра», «Як размаўляюць звяры і птушкі», «Праменьчык», «Лісце», «Сырцовыя цагліны», «Гісторыя з першым каханнем» (упершыню — у «Полымі» за 1957 г.). Калі пад «безыдэйнасцю» разумелася адсутнасць дыфірамбаў у адрас камунізму і рэвалюцыі, а таксама партыйнага пафасу і гучных дэкламацый, то крытыкі мелі рацыю. Тым больш можна захапляцца смеласцю маладога творцы — ён не стаў «прагінацца», выпраўляючы «памылкі». У «Матчынай душы» няма ніводнага «прахаднога» верша (што было негалосна агульнапрынятым для большасці паэтаў: так бы мовіць, «кесару — кесарава»: накрэмзаў некалькі вершыкаў пра Леніна ды партыю — і пішы пра што пажадаеш).

Таму і цікава цяпер чытаць «Матчыну душу», згадваючы спецыфіку літаратурнага жыцця таго часу. Чым кранаюць вершы Караткевіча?

Высокі пафас у іх ёсць. Але ў іншым і па-іншаму. Не галаслоўны, не пусты і не крыклівы, а глыбока гуманістычны, з самой сутнасці душы пісьменніка. Ён — у безумоўнай любові да Айчыны і да чалавека, кожнага дрэўца, звера, раслінкі як праявы жыцця. Любоў Караткевіча праяўлялася ў тым, што ён ведаў пра Беларусь усё. Гісторыю вывучаў у архівах. Ведаў кожную травінку, птушку, фальклор і нават зоркі. Не прыгадваецца ніводнага іншага паэтычнага зборніка, у якім так багата было б раслін: плакун-трава, зябер, асот, ваўчкі, бярозка, павітуха, таполі, вішні, слівы, клён, рабіна, бэз, асіна, дуб, яліна, альха, ліпа, каштан, явар, жаўтазель, рута, лілеі, папараць, верас, пралескі, вяргіні, «адуванчыкі», шыпшына, гарбуз, кроп, мята, авёс, раска, крушына, каліна, палын, груднічнік, пальмы, алівы, мангустаны, альясы... Ёсць тут і зоркі, і звяры, і казюркі. А яшчэ — цар змяіны, Ян Прыгожы ды іншыя фальклорныя вобразы...

Уражвае, як арганічна і натуральна ў пісьменніка спалучаецца велічнае і штодзённае, побытавае, сентыментальнае, нават дробнае:

...Дойлід еў, а сын, што ежу прынёс,

З белым пухам на галаве,

Без штаноў, хадзіў на крывых нагах,

Еў груднічнік і розную дрэнь,

На жабінае племя наводзіў жах...

І побач такое:

Шмат разоў стагнала зямля ад тугі

І ўзрастаў на руінах палын...

Але быў непарушны адбітак нагі

На паверхні сырцовых цаглін.

(З верша «Сырцовыя цагліны», 1957).

...Дваццаць першага веку галапузы Бетховен

Бацькаў кубак шпурляе, каб звон пачуць.

...Адсцябаны Шаляпін басам шалёным

Лямантуе з-пад матчынай жорсткай рукі.

І тут жа — квінтэсэнцыя ўсёй існасці гуманізму:

О, як трэба шукаць на шляхах чалавека,

Як любіць, берагчы і не крыўдзіць яго,

Каб пабачыць славу наступнага века

Ў сэрцы сціплага сына суседа свайго!

(З верша «***На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым», 1956).

Вельмі кранае інтымная лірыка, дзе мяжуе (як і ў многіх іншых вершах) высокае-вечнае з іранічным і прыземленым. Уражвае глыбіня пачуццяў, а таксама майстэрства паэта-апавядальніка, мастака. Як маляўніча ён перадае трагедыю народа праз учынак! Не адразу разумееш, пра што верш: пра вайну? пра ўзаемаадносіны?..

...О, каб ведалі вы, што такое каханне на схіле дзён,

Горкае і гарачае, не такое, як ранняй вясной!..

А ўчора сказаў ён, што зноўку пойдзе да жонкі сваёй...

Без яго апусцелі б навекі сэрца маё і дом...

Мужчына ад плачу затросся, як яна дваццаць год таму.

Перад тым, як жанчыны вочы заснаваў невядомага дым,

Ён прыпаў да губ схаладзелых у пацалунку адным.

І ён зразумеў, нарэшце, што яна дачакала свайго...

(З «Партызанскай балады», 1957).

Можна шмат цытаваць і іншыя вершы: «Стаю ўначы ў завіруху», «Праменьчык», «Жаданы госць», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», «Рута ў халоднай расе», «Гісторыя з першым каханнем», «Зімняя элегія», «Размова з Кіева-Пячэрскім сланом». І ўва ўсіх іх паэт застаецца сабой: лірыка — і эпас, неабдымнае — праз малое...

А яшчэ Караткевіча немагчыма ўявіць без бліскучага гумару: маладога (незалежна ад узросту пісьменніка), задзёрыстага і чалавекалюбнага па сваёй прыродзе. Яго жарты не крыўдныя, не раняць і не высмейваюць, а хіба што расфарбоўваюць свет у больш яркія адценні, узнімаюць настрой, яны — ад адчування паўнаты і насычанасці жыцця. Адметна, што найчасцей паэт іранізуе над сабой і робіць гэта без ценю самалюбавання ці незадаволенасці, а, наадварот, на высокапачуццёвай хвалі:

...Прамазаў я. І радасна чамусьці,

І горка мне. Ляці сабе далей,

Мая крылатая, святая радасць,

Жыві і хоркай, і выводзь дзяцей...

Я, можа, мазануў зусім наўмысна.

(А мо брашу, няўмельства прыкрываю, —

Не ведаю.)

(З верша «Цяга», 1956).

Успаміны Алеся Асіпенкі як найлепей дапаўняюць псіхалагічны партрэт пісьменніка: «У Караткевічу дзіўным чынам ужываліся ўзнёслы да наіўнасці рамантызм з бязлітасным рэалізмам. Ён глядзеў на свет як бы праз дзве прызмы: адна прыводзіла яго да экстазу перад прыгажосцю і буйнасцю жыцця, другая — да роспачы перад пачварнай несправядлівасцю і гвалтам. Іншы на ягоным месцы раздвоіўся б, згубіў бы арыенціры ды пайшоў па жыцці і літаратуры, як усе, — па праспекце. Караткевіч застаўся верны сабе і сваім прыхільнасцям. У яго быў добры дарадца — мудрасць».

Невыпадковая і сімвалічная назва зборніка. У фальклорнай кветцы «матчына душа» сканцэнтравана самае дарагое для паэта, неадрыўнае ад яго асобы. Гэта Радзіма і ўсё, што з ёю злучана: курганы сівой даўніны, чароўная прыгажосць краю, казкі і паданні роднай зямлі, пакуты і барацьба народа і яго неўміручая душа, магілы продкаў.

Цяжкі крыж, але вельмі пачэсны,

Пераліць на свае аркушы

Казку мудрую, простую песню,

Кветку матчынай чыстай душы.

Апошняе чатырохрадкоўе з аднайменнага верша гучыць як крэда Уладзіміра Караткевіча. Гэта тое, дзеля чаго ён нарадзіўся і чаму аддаў усё сваё жыццё.

Яна БУДОВІЧ

Загаловак у газеце: Кветка. Любоў. Паэзія...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.