Вы тут

Таямніцы роднага краю


Пухавіцкае краязнаўства надзвычай багатае на імёны руплівых збіральнікаў гістарычнай памяці. Можна назваць літаральна дзясяткі імёнаў настаўнікаў, музейшчыкаў, журналістаў, шараговых работнікаў культуры, сельскай гаспадаркі, якія ў розныя часіны ўзнаўлялі старадаўнія згадкі пра родную старонку. Узнаўлялі ў перыядычным друку, выпускалі кнігі, стваралі грамадскія музеі. Віктар Арлоў, Браніслаў Зубкоўскі, Анатоль Ярохін, Аляксандр Прановіч, Барыс Муха, Наталля Вайцяховіч, Сяргей Сіпач, Васіль Свістун, Міхась Тарасевіч, Іван Чуйкоў, Мікола Аленчык, Аляксандр Пікулік і шмат хто яшчэ... Пералік можна доўжыць. Раённая газета «Пухавіцкія навіны» ва ўсе перыяды сваёй гісторыі заўжды спрыяла развіццю краязнаўчай праблематыкі на сваіх старонках. Над гэтым працавалі і працуюць як штатныя супрацоўнікі, так і пазаштатны грамадскі актыў.


Апошнія гады ўсё часцей з’яўляецца ў друку імя Станіслава Крэпскага — ураджэнца пухавіцкай вёскі Раўчак. Выпускнік філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, ён некаторы час служыў ва Узброеных сілах, а пасля — у Міністэрстве ўнутраных спраў. Ды, відаць, захапленне мастацкай літаратурай, краязнаўствам ніколі не пакідала творчую асобу. А зусім нядаўна мне давялося пазнаёміцца з кнігай Арыны Клімовіч «Тапонімы роднага краю» (Мінск, «Белпрынт», 2018). З прадмовай да выдання выступае пісьменнік Уладзімір Барысенка. Вось што, у прыватнасці, ён піша: «...мяне вельмі ўразіў гэты твор шаснаццацігадовай дзяўчынкі Арыны Клімовіч, без перабольшвання магу сказаць, што гэта магла б быць дыпломная работа студэнта-філолага, якая заслугоўвае ўвагі, бо асноўваецца не толькі на даследаваннях навукоўцаў, звестках з інтэрнэту, але і на памяці носьбітаў звестак аб малой радзіме. Апошняе асабліва цікавае, бо кранае нейкія таямніцы роднага краю, якія ў зусім недалёкія часы замоўчваліся і нават пра іх было небяспечна гаварыць. Але, слава Богу, мы цяпер можам пра гэта сказаць: хто мы такія і адкуль пайшлі...<...> Гэта і значны краязнаўчы матэрыял.

Такія распрацоўкі і даследаванні сапраўды дапамагаюць нам вызначыць сваю самаідэнтыфікацыю.

Я ведаю, што любімыя прадметы Арыны Клімовіч — біялогія і хімія і там яна займаецца даследаваннямі і больш глыбокім вывучэннем іх...»

А ў наступнай прадмоўцы — «Ад аўтара» — даведваемся, што дарадцам і першым чытачом работы Арыны быў яе дзядуля — згаданы ўжо Станіслаў Іванавіч Крэпскі.

Арына Клімовіч, напісаўшы на пачатку кнігі ясны і лаканічны ўступ, прысвечаны багаццю тапонімаў, мікратапонімаў нашай Беларусі, канцэнтруе ўвагу выключна на пухавіцкай гісторыі. Матэрыялам для цэлага шэрагу творчых высноў для аўтара служаць паданні, легенды, расповеды жыхароў Пухавіч і суседніх вёсак. Разам са сваімі суразмоўцамі краязнаўца зазірае ў далёкія стагоддзі. Расказвае чытачу, што памяткі часу захаваны ў назвах вуліц, асобных аб’ектаў мястэчка. Вось што чытаем пра пачатак васямнаццатага стагоддзя: «...Затрымка шведаў каля маёнтка князёў Пуховічаў паспрыяла расійскім войскам дагнаць іх за кіламетраў дзесяць у лясным масіве, які месціўся ўздоўж Свіслачы.

Шэрагі шведскага войска расцягнуліся на шляху на некалькі кіламетраў. Апошнімі рухаліся тылавыя абозы з правіянтам, дзе было шмат жанчын-швядзянак з дзецьмі.

Расійскія войскі напалі на перадавыя ўзброеныя атрады шведаў, а абозы з нарабаваным захапілі без стрэлаў.

Жанчыны з дзецьмі разбегліся па навакольных вёсках, ды так, з цягам часу, і прыжыліся.

Падрасталі дзеці, дзяўчаткі браліся шлюбам з беларускімі хлопцамі, хлопцы-шведзюкі — з беларускімі дзяўчатамі.

У рэшце рэшт, жыхароў гэтых вёсак і цяпер называюць шведамі, хаця прозвішчы ў іх беларускія: Мікульчыкі, Свірыдовічы, Сітнікі і гэтак далей. Сапраўды, знешні выгляд іх твараў, асабліва калі ведаеш, на колькі адрозніваецца ад беларусаў, хаця ўсе яны лічаць сябе тутэйшым людам. На крутым правым беразе Свіслачы яшчэ захаваліся невялічкія курганы, якія мясцовыя жыхары называюць шведскімі».

Дзякуючы Арыне Клімовіч мы маем магчымасць ажыццявіць унікальнае падарожжа па ваколіцах мястэчка Пухавічы (цяпер — аграгарадок). Ды і ў самім паселішчы нас чакае нямала адкрыццяў. Краязнаўца знаёміць чытача з татарамі, яўрэямі, якія раней жылі ў мястэчку. Інфраструктура мястэчка сто гадоў назад, зразумела, адрознівалася ад сучаснай. Выразна была акрэслена плошча для кірмашоў. У Пухавічах дзейнічалі царква, сінагога, два малельныя яўрэйскія дамы, кузня Янкеля, цырульня, чатыры майстэрні па рамонце абутку, вадзяны млын. Карыстаючыся сведчаннямі старых жыхароў, А. Клімовіч дэталізуе аповед, узнаўляе рэльефны партрэт паселішча, закранае найболей важкія грамадскія, сацыяльныя з’явы, што адбыліся ў краі, у Пухавічах у розныя часіны.

З Пухавіч А. Клімовіч запрашае нас у суседнюю Зацітаву Слабаду, затым — на Раўчак, у тыя мясціны, дзе некалі стаялі хаты Беразянкі, Грабаўя. Адметнымі падаюцца згадкі пра мікратапонімы, якімі спрадвеку названы былі лугі, пералескі, палеткі, балаціны, старыя сялібы, — Бойня, Смалоўшчына, Папоўшчына, Клеўкаў хутар, Падклеўшчына, Копанка, Мунькаў Кут, Есіпчыкаў Шнур, Барок, Цітава Копанка, Казлоў Рог, Дземідовічаў сенакос, Доўнарава поле... У сваёй краязнаўчай працы аўтар ставіць розныя пытанні, вылучае свае версіі. Як, напрыклад, і ў гэтым выпадку: «...назва Казлоў Рог — гэта не надта топкае балота з сакавітымі травамі. Назва яго паходзіць ад таго, што яно было шырокім каля вёскі Восава, а далей да Свіслачы звужалася ў крывы клін, быццам рог казла і належала пану Казелу, якога мясцовыя жыхары, вядома завочна, называлі казлом. Вось і думай: ці то па падабенстве, ці то па прыналежнасці далі найменне гэтай мясціне».

Кніга «Тапонімы роднага краю», створаная вучаніцай дзясятага класа СШ No 23 горада Мінска Арынай Клімовіч, чые бабуля і дзядуля з Пухавіч і Раўчака Пухавіцкага раёна, чые прадзеды жылі на Пухавіччыне, — сапраўдны творчы ўнёсак у пухавіцкае краязнаўства, рэгіёназаўства. Яе можна смела выкарыстоўваць на ўроках гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і беларускай мовы, на ўроках геаграфіі ў агульнаадукацыйных школах Пухавіччыны.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.