Вы тут

Без права на безАБЛІЧНАСЦЬ


Скульптурны характар айчыннай прасторы

У большасці выпадкаў людзі баяцца ўсяго, што ім незразумела. Нехта можа сказаць, што не любіць вустрыцы, пры гэтым ніколі іх не пакаштаваўшы. Гэта як з карцінай: каб спадабалася адна, перад гэтым трэба ўбачыць 500 іншых, каб мастацтва не заставалася закрытай прасторай. У такіх выпадках патрэбен праваднік, які зможа раскрыць новы свет. Пра гэта распавёў Аляксей АДУЦКЕВІЧ, дырэктар галерэі сучаснага мастацтва «АртПорт», якая найперш прадстаўляе беларускую скульптуру.


— У чым асаблівая задача вашай галерэі ў дачыненні і да мастакоў, і да наведвальнікаў, якія могуць стаць патэнцыяльнымі пакупнікамі?

— Сучаснае мастацтва складанае для ўспрымання і разумення непадрыхтаванага гледача. Кожны праект нашай галерэі забяспечваецца тэарэтычнай падтрымкай. Усе творы, якія адбіраюцца галерэяй, праходзяць экспертную ацэнку. Кожная работа суправаджаецца сертыфікатам праўдзівасці, засведчаным подпісам аўтара. І самае важнае — галерэя мэтанакіравана вядзе работу з кліентамі. Адны не могуць адмовіцца ад пакупкі пасля першай жа сустрэчы, а з іншымі трэба весці планамерную работу 3—5 гадоў, перш чым яны вырашаць набыць твор. Дзейнасць прафесійнага арт-дылера — гэта тонкая псіхалогія і таксама мастацтва ў пэўным сэнсе.

— Ці ёсць мастакі, скульптуры, якія цікавыя не толькі як мастацкія з’явы, але і прыцягваюць рэальных пакупнікоў?

— У Беларусі ёсць выдатныя скульптары, за творчасцю якіх я сачу ўжо шмат гадоў. Напрыклад, Андрэй Асташоў — мастак, скульптар, які стварае свае работы ў бронзе. За Андрэем я пачаў сачыць 15 гадоў назад. Уласна, тады мы ўпершыню пазнаёміліся і цяпер сябруем сем’ямі. Раней асноўнай тэматыкай Андрэя былі дзеці, якія пачынаюць сталець, змяняцца. Гэты пераход ад дзіцячай наіўнасці да досведу мы можам прасачыць у яго творах. У Асташова ёсць добрая якасць — ён заўсёды выходзіць за рамкі. Змешвае культуры розных часоў і народаў, што робіць яго работы ўнікальнымі і вядомымі. Яго творы маюць сваю пазнавальную рысу. У творчасці Асташова мы можам назіраць постаці дзяўчын, якія больш нагадваюць еўрапейскіх, а іх твары маюць азіяцкія рысы. Скульптура Андрэя зразумелая. Тут можна ўбачыць каханне, філасофію, медытацыю. За яго творчасцю вельмі цікава назіраць, таму што ён увесь час расце, ухоплівае новыя тэмы, развівае іх. Цяпер ужо ідзе пераасэнсаванне таго, што ёсць. Першапачаткова ў яго работах было сумяшчэнне фізічнага, духоўнага і філасофскага.

Творца павінен паказваць нешта сваё, новае, цікавае. Можна зляпіць класічную фігурку, але яна будзе выглядаць нудна. Важна знаходзіцца ў пошуку чагосьці незвычайнага. Ствараць сваю гісторыю, дадаваць элементы, не ўласцівыя класіцы.

 — Ці ёсць перспектывы для скульптараў у асаблівай мастацкай прасторы Беларусі быць запатрабаванымі сярод рэальных людзей?

— Ёсць шмат добрых скульптараў, работа з якімі дае добрыя вынікі. Праблема — у неіснаванні рынку. Дакладней, ён ёсць, але вельмі абмежаваны. Тут важная падтрымка з боку дзяржавы ці наяўнасць простых продажаў фізічным асобам праз галерэі. Кожны павінен займацца сваёй справай. Мастак не павінен думаць пра бухгалтэрыю ці пра тое, як зрабіць свой каталог. Быць рознабаковым складана, у такой сітуацыі можна страціць сябе ў іншым, больш важным. Беларусь вядомая не толькі па творчасці Шагала і Малевіча. У нас ёсць і іншыя выдатныя аўтары. Напрыклад, Аляксандр Шапо, Максім Пятруль, C/А/С group Алега Шобіна... Творы гэтых аўтараў выстаўляліся на розных пляцоўках, у тым ліку і ў музейных, не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Іх работы ўваходзяць у знакамітыя прыватныя і музейныя калекцыі.

— У беларускай скульптуры, пэўна, ёсць матывы, якія адрозніваюць яе ад іншых? Каго выяўляюць найчасцей?

— Беларускія скульптары часта адлюстроўваюць тэму вайны, таму што гэта звязана з нашай гісторыяй. Часта лепяць жывёл. Напрыклад, скульптура зубра — адна з самых пашыраных.

— Скульптуры як творы мастацтва павінны ўпісацца ў выставачную прастору. Але гэта можа быць не толькі асобная галерэя ці выставачная зала, але і гарадское асяроддзе. Хто са скульптараў, на ваш погляд, цікава працуе для Мінска?

— Безумоўна, велізарны ўнёсак у культурнае развіццё горада зрабіў Аляксандр Шапо — старшыня секцыі скульптуры Саюза мастакоў. Яго намеснік — Максім Пятруль. Яны бяруць удзел у сходах, скіраваных на паляпшэнне Мінска. Праект Аляксандра Шапо, напрыклад, можна ўбачыць паміж станцыямі метро «Пятроўшчына» і «Міхалова». Праект носіць назву «Маці, якая смуткуе»

. Таксама Шапо, Пятруль і Селіханаў бралі ўдзел у стварэнні праекта «Вялікі Трасцянец». У Максіма Петруля вялікае жаданне развіваць горад. Максім — аўтар твораў візуальнага мастацтва для грамадскіх прастор: фантан Перамогі, станцыі мінскага метрапалітэна «Грушаўка» і «Малінаўка». Манументальные творы знайшлі сваё месца не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і Кітая. Яго скульптуры канцэптуальныя. Для Мінска трэба зрабіць вельмі шмат, каб дагнаць еўрапейскія сталіцы. Калі ідзе будаванне аб’екта, то забудоўшчык павінен у план уключаць і наяўнасць вырабу мастацтва. Тут больш пытанне да архітэктараў і самой сістэмы. У нас ёсць што мяняць. Многія раёны рызыкуюць застацца безаблічнымі. Аднак апошнім часам мы можам заўважыць змены. Прыемна назіраць, як паступова з’яўляюцца новыя скульптуры, а гэта значыць, што рух ідзе. Наяўнасць скульптур развівае крэатыўнае мысленне ў моладзі, з’яўляецца іншае адчуванне прасторы. Чым больш будзе арт-аб’ектаў, тым больш мы будзем ганарыцца нацыянальнай культурай.

Таццяна СЕМЯНКОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.