Вы тут

Філасофія, каханне і хворыя адносіны ў спектаклі «З вучылішча»


«Такое складана ўбачыць у рэальным жыцці» / «Гэта ж жыццё!».


З двума гэтымі супрацьлеглымі меркаваннямі давядзецца суіснаваць падчас і нават пасля прагляду новага спектакля Аляксандра Марчанкі «З вучылішча» («С училища»). З аднаго боку, гэта квінтэсэнцыя жыцця сучасных людзей (з розных сацыяльных узроўняў), з іншага — гісторыя, якая проста не можа адбыцца сапраўды па шматлікіх прычынах. У выніку — цікавы сюжэт, нетрывіяльныя героі ды шмат пасля думак.

П’еса маладога беларускага драматурга Андрэя Іванова, якая і стала базісам спектакля, у розныя часы атрымлівала розныя водгукі. У большасці — станоўчыя: трапляла ў шорт-лісты вядучых тэатральных прэмій і фестываляў («Любімаўка», «Залатая маска») ды нават прымала персанальныя кампліменты Канстанціна Райкіна, кіраўніка тэатра «Сатырыкон». За мяжой спектаклі па п’есе Іванова паспелі ўжо не толькі сабраць гледачоў, але і намінацыі на прэміі, а ў Беларусі шлях твора да сцэны быў не такі кароткі (хоць у нас ужо ідуць спектаклі па іншых п’есах Іванова — «Гэта ўсё яна» ды «Крыжовыпаходдзяцей»).

Тым не менш «З вучылішча» — спектакль, у якога атрымалася знайсці сваё месца ў беларускім рэпертуары, хоць і не на тэатральнай сцэне, а на пляцоўцы крэатыўнай прасторы ОК16. Дарэчы, гэта той выпадак, калі лакацыя не проста не перашкаджае, а нават дапамагае адчуць сябе відавочцам ды паглыбіцца ў атмасферу твора: усё ж «З вучылішча» — гэта гісторыя гопніцы і інтэлігентнага філосафа, і дзе яшчэ, як не ў крэатыўным хабе з крыху неахайнымі шэрымі сценамі гэтыя асобы могуць суіснаваць больш арганічна?

Але сам сюжэт спектакля арганікай назваць складана. Хутчэй, гэта ланцуг: часам цяжкі, чыгунны, які цягне герояў да дна, а часам, наадварот, лёгкі ды прыемны. Калі казаць адным словам, то справа ў каханні. Сяргей (Арцём Курэнь) выкладае філасофію ў вучылішчы, бо дзе яшчэ знайсці працу па сцецыяльнасці? Ён марыць з’ехаць з Беларусі на Мальту ці хоць бы атрымаць працу ў модным крэатыўным хабе — чытаць лекцыі па філасофіі. І каб штосьці такое адбылося, напэўна, патрэбна, каб зоркі сышліся. Пакуль што Сяргею свеціць толькі адна — Танька (Ганна Семяняка), самая прыгожая дзяўчына ў вучылішчы, дзёрзкая ды хамаватая, але галоўнае слова, якім яна б сама сябе апісала, — нявінная.

Тані хочацца кахання ды быць шчаслівай, і абодва складнікі яна бачыць у сваім выкладчыку. Сяргей, хоць і не без пакутаў сумлення, вырашае, што гэта яго шанец калі не паехаць на Мальту, дык трапіць у той самы крэатыўны хаб, пра які ён марыў. Так завязваецца сюжэт: Сяргей (у стане алкагольнага ап’янення) дамаўляецца з сябрам Славам: калі ў выкладчыка атрымаецца зацягнуць Таньку ў ложак, Слава (для якога такая забава — барацьба з так званым выгараннем) дапамагае яму стаць модным лектарам ды ў дадатак абяцае дарагі ноўтбук.

Андрэй Іваноў намаляваў у сваім творы новы, сучасны сусвет. Большасць герояў тут — метрасексуалы, якія цікавяцца крыптавалютамі ды крэатыўнымі прасторамі, камунікуюць у фэйсбуку ды інстаграме, напіваюцца дарагім віскі да бяспамяцтва ў барбершопах, а пасля не разумеюць, як яны пагаджаліся на авантуры. Ва ўсім гэтым сапраўды бачыш сучаснасць, а можа, нават сябе. І гераіня Танькі для гэтага сусвету чалавек чужы, якога тут могуць разглядаць толькі ў якасці цацкі ці паддосведнага труса, якім яна ў выніку і становіцца. Але галоўная асаблівасць спектакля ў тым, што жанчына тут не будзе ахвярай.

Рэжысёр Аляксандр Марчанка не змяніў у творы Іванова амаль нічога — паставіў, як ёсць. З усімі вострымі вугламі, жартамі ды момантамі, на якія змогуць адрэагаваць толькі беларусы, што, дарэчы, вельмі цікава: ці зразумелі на «Залатой масцы» думкі пра «Хутка-смачна»? Ці пазналі Аляксандра Саладуху, фатаграфія якога вісіць на сцяне Танькінай кватэры? Менавіта такія дэталі (якіх, дарэчы, у спектаклі, шмат) робяць «З вучылішча» абсалютна беларускай гісторыяй з яе асаблівай ментальнасцю, часам незразумелымі многім паводзінамі. Тое ж самае можна сказаць пра герояў: гэта выключныя беларусы, якія трапілі кожны ў сваю пастку і прагнуць паразумення ды шчырасці.

І паразуменне тут маецца на ўвазе ў вельмі шырокім сэнсе: Таню ніхто не любіць (апрача Косціка, які сядзіць у турме), а Сяргей падаецца ёй ідэальным мужчынам, увасабленнем жаночых мар. І, здавалася б, усё добра — яны цяпер разам, але пазл не складваецца. У тым ліку і таму, што з турмы вяртаецца Косцік, які Таньку ўзнёс у сваіх думках да велічыні грэчаскай багіні, а яе новы хлопец у яго планы не ўваходзіць. Тое, што адбываецца ў спектаклі, падобна да гіпербалізаванай меладрамы: любоўныя трохкутнікі, розныя саслоўі, крымінальныя ды амаральныя ўчынкі герояў — у гэтым ланцугу занадта вялікая канцэнтрацыя трэшу, у які складана паверыць. Але аўтар п’есы кажа, што «часам становіцца не па сабе ад думкі, што хтосьці сапраўды можа так жыць» — мабыць, ён ведае прыклады такіх гісторый.

Тым не менш верыцца ў такі сюжэт ці не, але рэальнасці тут досыць. Хоць рэжысёр і хацеў зрабіць «З вучылішча» антычным спектаклем, з антычнага тут толькі дэкарацыі калон з цаглянымі галовамі філосафаў, якія пастаянна руйнуе Танька, а Сяргею толькі даводзіцца прыбіраць за ёй ды вяртаць усё на свае месцы. Ці не рэальнасць?! З рэальнага тут і тое, што Таньцы, каб забяспечваць сябе ды нямоглага бацьку, даводзіцца працаваць прадавачкай рыбы, якая становіцца галоўнай метафарай спектакля. Героі, як тыя рыбы, спрабуюць выбрацца з пластыкавай пасудзіны, дзе іх трымаюць, але гэта немагчыма — таму яны бясконца змагаюцца за ўласную прастору. Вось яшчэ з рэальнасці: асабістая прастора — раскоша не для кожнага: фэйсбукі ды вэбкамеры выстаўляюць жыццё Танькі ды Сяргея напаказ, што цяпер агульначалавечая праблема. І самая галоўная з рэалій — чалавечыя адносіны. Арцём Курэнь і Ганна Семяняка сталі сям’ё’й у жыцці, але іх героі на сцэне да гэтай важнай адзнакі не дайшлі. Так, Танька кахае Сяргея, здаецца, і ён — яе, але іх адносіны падобныя да стакгольмскага сіндрому больш, чым любыя прыклады гэтага сіндрому, гэта невылечна хваравітыя адносіны. Але кажуць, што тое, што не забівае нас, робіць мацнейшым.

У Аляксандра Марчанкі атрымалася паставіць спектакль адначасова і пра соцыум, і пра каханне, і пра вэрхал у галовах людзей, і пра сучасную Беларусь. Ёсць меркаванні, што акцёры падабраныя не вельмі трапна: напрыклад, Ганна Семяняка не стварае вобраз сапраўднай гопніцы, на якім будуецца пастаноўка. Магчыма, гопніца з яе не зусім атрымалася, але дзікарка — дакладна! Смелыя рэплікі, учынкі, паводзіны акцёраў на сцэне разам з неверагоднымі медыяэфектамі (частка спектакля дэманструецца на вялікім экране ў прамым эфіры) робяць «З вучылішча» тым творам, які выклікае не толькі імгненныя пачуцці, але і глыбокія думкі. Першая з іх — якую ж трапную назву сваёй п’есе даў аўтар!

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: На сваіх месцах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».