Вы тут

Ва ўрадзе ацанілі вынікі работы эканомікі за першыя паўгода як пазітыўныя


Падчас пасяджэння Савета Міністраў адзначылі пазітыўную дынаміку ў апрацоўчай прамысловасці, будаўніцтве, гандлі і сельскай гаспадарцы

Ва ўрадзе ацанілі вынікі работы эканомікі за першыя паўгода як пазітыўныя. Пры гэтым тэмп росту ВУП апярэджвае прагнозныя паказчыкі. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Андрэй КАБЯКОЎ на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе разглядаліся вынікі дзейнасці за першае паўгоддзе, а таксама меры па выкананні задач на 2018 год. Па яго словах, цяпер выконваюцца ўсе найважнейшыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаныя кіраўніком краіны.


Эканоміка плюсуе

Тэмп росту ВУП за першае паўгоддзе склаў 104,5 % (прагноз 102,8 %). Ва ўсіх рэгіёнах адзначаецца рост валавога рэгіянальнага прадукту і прадукцыйнасці працы. Станоўчы вынік і па многіх відах эканамічнай дзейнасці. У апрацоўчай прамысловасці рост склаў 7,9 %, у будаўніцтве — 7,5 %, у гандлі — 7,8 %, у сельскай гаспадарцы — 3,9 %, у транспартнай дзейнасці — 3,7 %. Вытворчасць машын і абсталявання павялічылася на 19,2 %, транспартных сродкаў — на 13,7 %, прадукцыі дрэваапрацоўкі — на 14,8 %, фармацэўтычнай прадукцыі — на 11,9 %.

Захоўваецца баланс у знешнім гандлі. Сальда па таварах і паслугах (за 5 месяцаў) дадатнае — плюс $310 млн, або 1,4 % да ВУП. Прырост атрыманы за кошт росту экспарту тавараў і паслуг, перш за ўсё ў краіны па-за СНД. Усяго экспарт тавараў і паслуг павялічыўся на $3 млрд (плюс $2,4 млрд — па таварах і $0,6 млрд — па паслугах), у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

«Нізкі ўзровень інфляцыі разам з іншымі мерамі макрабалансіроўкі дазваляюць зніжаць кошт крэдытных рэсурсаў для эканомікі. Стабільнасць на валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках захоўваецца. Давер да нацыянальнай валюты расце», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

На ўнутраным валютным рынку за першае паўгоддзе сфарміравалася станоўчае сальда куплі-продажу валюты ў аб'ёме $320 млн. Насельніцтва на чыстай аснове прадало амаль $800 млн, юрыдычныя асобы набылі $480 млн.

А цэны?

Падчас пасяджэння прэм'ер-міністр даручыў міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміру Калтовічу забяспечыць кантроль і разам з губернатарамі аператыўна прымаць усе неабходныя меры па стрымліванні неабгрунтаванага росту цэн.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што інфляцыя знаходзіцца на мінімальным узроўні за ўсю гісторыю, і гэта вельмі важны паказчык для забеспячэння макраэканамічнай збалансаванасці. «У насельніцтва аднак фарміруюцца некалькі іншыя ацэнкі на аснове інфляцыйных чаканняў, а «дапамагае» ў гэтым адпаведная інфармацыйная падсілкоўванне», — дадаў Андрэй Кабякоў.

Заробкі сярэднія і «бюджэтныя»

Прэм'ер-міністр адзначыў, што заробкі бюджэтнікаў будуць расці ў межах даручэнняў кіраўніка дзяржавы і магчымасцяў бюджэту.

«Суадносіны заработнай платы бюджэтнікаў да сярэдняй па краіне ўжо складаюць 78,8 %. У чацвёртым квартале гэтага года плануецца выйсці на 80 %», — падкрэсліў кіраўнік урада.

За пяць месяцаў бягучага года рэальныя даходы насельніцтва прыраслі на 7,7 %, рэальная заработная плата па паўгоддзі — на 13 %, у тым ліку ў бюджэтнай сферы — на 15,4 %. Сярэдняя заработная плата па краіне за чэрвень склала BYN953,7. У пазабюджэтным сектары эканомікі сярэдні заробак за студзень — чэрвень склаў BYN996,3. «Выяўляюцца тэндэнцыі, калі заработная плата на прадпрыемствах расце хутчэй, чым прадукцыйнасць працы. Сітуацыю да канца года трэба выпраўляць», — зрабіў даручэнне прэм'ер-міністр.

Гасіць даўгі дзяржсродкамі не выйдзе

«Выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі ў якасці інструменту для развязкі пратэрмінаваных даўгоў катэгарычна непрымальна», — адзначыў Андрэй Кабякоў. Па яго словах, у корані не правільна тое, што многія дзяржаўныя прадпрыемствы разлічваюць у гэтым пытанні на бюджэт.

Ён падкрэсліў, што неабходныя рынкавыя інструменты для фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў ужо створаны. Прыняты Указ № 200 ад 24 мая 2018 года, які дзейнічае ў адносінах да арганізацый як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці. Маецца і магчымасць дыскантавання доўгу, яго замены на акцыі, прыцягнення інвестараў.

«Пакуль няма прыкладаў сярод прыватных і дзяржаўных кампаній, якія гэтымі інструментамі скарысталіся. Трэба больш актыўна займацца, таму што самі гэтыя праблемы не растворацца», — канстатаваў Андрэй Кабякоў.

За пяць месяцаў 2018 года пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках у цэлым па краіне павялічылася на 1,7 % і склала BYN2,5 млрд, або 3,6 % ад усёй сумы запазычанасці па крэдытах і пазыках.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.