Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Каб рыбку з'есці, у ваду трэба ўлезці

Студэнткі медвучылішча Ліда і Маша, вядома ж, чулі гэтую прыказку, а прыехаўшы ў вёску на практыку, яшчэ і ўбачылі: дзядзька Мірон, сусед іхняй кватэрнай гаспадыні, штораніцы садзіўся ў лодку, адплываў ад берага, закідваў вудачкі і — як той штукар — выцягваў рыбку за рыбкай.

— Хто вучыў вас так спрытна лавіць? Вы, мусіць, сакрэт нейкі маеце? — захапляліся ім практыканткі.

Дзядзька ў адказ задаволена ўсміхаўся ды нёс свой улоў дадому.

А дзяўчатам жа таксама рыбкі хацелася. «Вось бы налавіць, — думалі яны, — але чым?»

Вудачкі — хутка згледзелі — дзядзька дадому не носіць: хавае ў бульбе, у канцы сваіх сотак, лодка таксама — проста прывязана. А сам рыбак у суботу з'ехаў у горад...

Такім момантам грэх было не скарыстацца: Маша «нырнула» ў бульбоўнік, Ліда «ўзяла на пракат» дзядзькаву лодку. Удзвюх яны выплылі на сярэдзіну ракі, закінулі вуды — падрыхтаваліся выцягваць рыбу (як дзядзька — адну за адной), але яе нідзе не было — нават заваду. (Пра тое, што на кручок трэба насаджваць чарвяка, сяброўкі не ведалі.)

Праўда, адна з іх праз нейкую гадзіну ўспомніла, што брат, каб прынадзіць рыбу, кідаў у ваду шарыкі, скачаныя з хлебнага мякішу з дабаўленнем борнай кіслаты.

Прыйшлося збегаць у вёску па ўсё патрэбнае, вакол лодкі раскідаць прынаду. І хутка ўбачыць, што яна «спрацавала»: побач сталі з'яўляцца рыбкі, хапаць размоклы пачастунак, імгненна знікаць у глыбіні і праз нейкі час усплываць на паверхню. Дзяўчаты пашкадавалі, што ў іх з сабою сачка няма...

І амаль тут жа заўважылі шматлікіх «канкурэнтаў»: да іх лодкі з усіх бакоў сталі злятацца чайкі. Хапаючы рыбак, яны з крыкам кружылі над галовамі дзяўчат...

Тыя — прыезджыя, на «пазычанай» лодцы, з чужымі вудамі — ну вядома ж, не хацелі прыцягваць увагу вяскоўцаў: прыйшлося хуценька прычаліць да берага, пакласці на месца вуды ды пабегчы дамоў, дзе іх ужо чакала... поўная патэльня ляшчоў. Цётка Ганна насмажыла, кватэрная гаспадыня. А прынёс іх дзядзька Мірон — каб пачаставаць такіх прыгожых ды прыветлівых дзяўчат.

...Запрашаць іх да стала доўга не прыйшлося: елі са смакам і яшчэ больш хвалілі дзядзьку, бо цяпер дакладна ведалі, што рыбалка — справа вельмі няпростая.

Трохі прасцей хіба «злавіць»... рыбакоў, калі маеш «кручкі» ў выглядзе маладосці, прыгажосці і той жа добразычлівасці.

Таццяна Чэкед, г. Гомель


Пацеха з меха

«Маладыя гады, маладыя жаданні!..»

Чым далей адступаюць яны ў мінулае, тым часцей прыходзяць на памяць.

Такім чынам — армейская служба, ранішні агляд. З вялікага шэрагу салдат камандзір узвода выклікае траіх і паведамляе, што нас — Саньку Бялова, Андрэя Банько і мяне — адпраўляюць (вушам не верым!) у камандзіроўку (!) — у горад Ташкент, праз Самарканд.

Ад такой навіны мы ледзь не падкідаем фуражкі, не крычым «ура!», бо што і казаць — стаміліся ад шэрай аднастайнай штодзёншчыны, ад казармы, хацелі хоць якіх-небудзь змен, хоць нейкіх уражанняў.

І вось яны, можна сказаць, пачаліся: раніцай наступнага дня хуткі цягнік прывёз нас у Самарканд, і там з дазволу камандзіра мы пайшлі ў горад.

Першым, каго сустрэлі на бліжэйшым аўтобусным прыпынку, быў дзядок, як дзве кроплі вады падобны на Хатабыча (ды і на нашых дзядуляў таксама!). Ва ўсякім разе, калі спыталі ў яго, дзе тут блакітныя купалы, пра якія ва ўсю тады спяваў ансамбль «Яла», ён падахвоціўся не толькі расказаць пра іх, але і паказаць дарогу.

Разам з ім мы прайшлі крыху па вузкім завулку і — літаральна — аслупянелі: тыя блакітныя купалы вежаў Рэгістана зліваліся з такім жа блакітам бяздоннага ўзбекскага неба... А ўжо арнаменты на старажытных сценах... А ўжо карціны з мазаікі...

Цэлы дзень, задраўшы галовы, мы хадзілі па горадзе — любаваліся, захапляліся, стараліся ўсё запомніць. Потым завіталі ў чайхану, пакаштавалі там сакавітых мантоў і папілі духмянай гарбаты...

Назад вярталіся тым самым завулкам, які паказаў Хатабыч, і ў цьмяным святле ліхтароў (на ўсходзе цямнее хутка) убачылі тамтэйшых жанчын-гандлярак. «Цікава, што яны прадаюць?» — спытаў нехта з хлопцаў. А захацелі паглядзець — падаліся ў іх бок, — тыя, як спужаныя птушкі, усхапіліся, ускінулі на плечы нейкія мяхі і з імі сталі... уцякаць.

— Пастойце... Куды вы? — не зразумелі мае саслужыўцы і... пабеглі за імі.

Не ведаю, чаму, але я застаўся стаяць.

Хвілін праз колькі ўсе ўцекачы вярнуліся на месца, прычым з дружным гучным смехам. Высветлілася, што жанчыны гандлявалі семкамі, як водзіцца, у недазволеным месцы; нас прынялі за работнікаў міліцыі, якія могуць штрафу ўляпіць...

А таму на радасцях, што мы не яны (то-бок салдаты — не міліцыянеры), узбечкі сталі нас частаваць:

— Бярыце, ешце на здароўе, — казалі хлопцам.

Поўную фуражку семак — як ні адмаўляўся — насыпалі і мне, бо прынялі... за камандзіра, за вялікую шышку (яны казалі «шапку»)... Хоць насамрэч я быў проста нашмат вышэйшы за сваіх саслужыўцаў і трохі цяжэйшы на пад'ём. Усход, карацей, справа тонкая.

Генадзь Мішчук, в. Вотчына, Маларыцкі раён


Поле... Без цудаў

Ведаеце, якая розніца паміж Ізем і Юзем?

Калі нехта памарудзіў з адказам, я падкажу: тым, што Ізя спачатку думае, а потым робіць, а Юзя — наадварот.

Вось і я — акурат, як ён, як Юзя. Гадоў з 20 таму пачуў па тэлевізары, што на «Поле цудаў» можна прысылаць іспанскія крыжаванкі і тут жа загарэўся ідэяй: стаў, што называецца, збіраць інфармацыю, каб скласці, каб намаляваць сваю, даслаць на праграму, а там...

Не буду казаць, што спаў і бачыў сябе ў якасці гульца за чароўным барабанам. Але ж пакруціць яго — ахвоту меў. Да таго ж у той час, дачытваючы раман Фейхтвангера «Гоя, або Цяжкі шлях пазнання», быў проста пад моцным уражаннем ад таленту пісьменніка, ад жыцця яго герояў, ад каларытнай краіны...

Карацей, пакуль чытаў, — нібы сам пажыў там і даведаўся столькі... Крыжаванку скласці, мне здавалася, што раз плюнуць! Ну сапраўды: некалькі слоў можна ўзяць з рамана, некалькі — з іншых крыніц (пра інтэрнэт я тады толькі чуў)...

Больш за тыдзень рабіў картатэку: заносіў патрэбныя словы ў адпаведныя рубрыкі. Аднаго Фейхтвангера і сапраўды аказалася мала: пайшлі ў «распрацоўку» іншыя аўтары, іншыя творы. Уразіў, помню, Бальтасар Грасіян сваім «Кішэнным аракулам». Гэтую «Навуку разважлівасці» я праштудзіраваў уздоўж і ўпоперак — вельмі мудрая кніга! А ў выніку...

Луіза, Канчыта, Мігель, Хуан, маха, дуэння, капа, картэха, наваха, чамберга, Севілья, Андалусія, Кадзіс... З дзясяткамі, а то і сотнямі гэткіх слоў я засынаў і прачынаўся.

Напоўніўшы картатэку, стаў працаваць над пытаннямі і падборам адказаў, а напрыканцы — над самім дызайнам крыжаванкі. Агулам жа — праўду кажу — гэта была амаль навуковая праца, створаная апантаным аматарам, улюбёным у недасяжна далёкую тады Іспанію.

Чаму ў яе? Загадка нават для мяне, бо ніякая іншая краіна ні да таго, ні пасля вось так не цікавіла...

І вось нарэшце я купіў канверт, паклаў туды свой шэдэўр, напісаў адрас і заказным лістом адправіў у Маскву, на вуліцу Акадэміка Каралёва, 12. Спадару Леаніду Якубовічу, на «Поле цудаў».

Праз нейкі час мне прыйшло паведамленне, што ліст здадзены ў «экспедыцыю цэнтральнага тэлебачання».

...Што з ім далей было, я магу толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё першы ж чалавек з той экспедыцыі, зірнуўшы на мой твор, злажыў з яго прыгожы самалёцік і прамой наводкай «пасадзіў» у вялікай сметніцы... Альбо, ад душы пасмяяўшыся сам, для таго ж занёс Якубовічу. Бо насамрэч (як я потым даведаўся) іспанская крыжаванка ў адрозненне ад класічнай — гэта слоўная галаваломка, якая звычайна прымае форму квадратнай альбо прамавугольнай сеткі белых і зацененых плошчаў, і мэта яе заключаецца ў тым, каб запоўніць белыя квадраты літарамі, утвараючы словы ці фразы...

Карацей, гэта зусім не тое, над чым столькі часу пракарпеў я.

Думаеце, шкадую, што так «лахануўся», што марна стараўся, працаваў? Ды ніколечкі, бо на ўлюбёную Іспанію мне нічагуткі не шкада.

Іван Гаральчук, г. Мінск

Рубрыку вядзе

Валянціна Доўнар

АД ЯЕ Ж чарговы напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з першым намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Наталляй Карпенкай — працуе, гісторыі, як ні дзіўна, пошта прыносіць — розныя... Калі ласка, дасылайце свае, не забываючы пры гэтым паведамляць свой нумар тэлефона — так, на ўсякі выпадак, для аператыўнай зваротнай сувязі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?