Вы тут

Што вядома пра забойства трох расійскіх журналістаў у ЦАР


Забойства трох расійскіх журналістаў у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы — расказваем, што вядома на момант падпісання нумара.


У апошні дзень ліпеня ў ЦАР — адной з самых бедных краін свету, дзе пастаянна не хапае ежы і вады, а таксама адбываюцца ўзброеныя сутыкненні, — былі знойдзеныя мёртвымі грамадзяне Расіі — рэжысёр-дакументаліст Аляксандр Растаргуеў, ваенны карэспандэнт Архан Джамаль і аператар Кірыл Радчанка. Следчы камітэт Расійскай Федэрацыі распачаў крымінальную справу па артыкуле «Забойства».

Целы і абстрэлены аўтамабіль былі знойдзеныя на поўначы краіны, недалёка ад горада Сібю, што за 180 кіламетраў ад Бангі, сталіцы ЦАР. Як паведаміла агенцтва Assocіated Press, расіян атакавалі дзесяць чалавек паміж дзвюма вёскамі за 23 кіламетры ад горада. Гэтыя людзі былі ў турбанах і размаўлялі толькі на арабскай мове, заявіў прадстаўнік улад горада Сібю Марсэлен Ёё.

Што расіяне рабілі ў сэрцы Афрыкі? Па першых звестках, яны прыехалі, каб зняць дакументальны фільм пра дзейнасць прыватных расійскіх ваенных кампаній у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. Журналісты накіроўваліся на сустрэчу з кансультантам з місіі ААН, які б дапамог з арганізацыяй здымак.

Пазней «Цэнтр кіравання расследаваннямі» (гэта арганізацыя курыравала праект) апублікаваў у «Фэйсбуку» ўсю наяўную ў іх інфармацыю аб дэталях паездкі. У ёй устаноўлены апошнія дні журналістаў: 29 ліпеня яны спрабавалі трапіць на базу Берэнга, але ў іх запатрабавалі дазвол ад Міністэрства абароны ЦАР. Наступнай мэтай групы павінен быў стаць горад Бамбары, дзе і была прызначана сустрэча з кансультантам з ААН. Ён павінен быў даць інфармацыю не толькі па сітуацыі з расійскімі інструктарамі ў ЦАР, а таксама дапамагчы са здымкамі залатых прыіскаў Ндасіма.

Колькасць інфармацыі аб тым, што адбылося, павялічваецца з кожнай гадзінай. Як паведаміў «Інтэрфаксу» кіраўнік «Цэнтра кіравання расследаваннямі» Андрэй Каняхін, здымачная група трапіла ў краіну па турыстычных візах, пра што таксама заявіў і МЗС Расіі. Яны не акрэдытоўваліся ў расійскім пасольстве і консульстве. Акрамя таго, пазней стала вядома, што па нявысветленых прычынах аўтамабіль з расіянамі адхіліўся ад першапачатковага маршруту паездкі, якая ў выніку стала фатальнай.

Па словах Каняхіна, магчыма, здымачная група шукала начлег: апошні КПП аўтамабіль праехаў увечары. Так група апынулася на тэрыторыі, якую кантралююць мусульманскія групоўкі.

Выданне Palmares Centrafrіque паведаміла, што расіян спачатку выкралі і катавалі, а не адразу забілі на месцы. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава абвергла гэтыя звесткі: па яе словах, пры першасным аглядзе цел мясцовыя ўрачы не выявілі слядоў катаванняў, толькі агнястрэльныя раненні.

Акрамя таго, ТАСС са спасылкай на заяву ўлад ЦАР па радыё паведаміў, што журналісты маглі быць забітыя баевікамі мусульманскага паўстанцкага руху «Селека».

Больш падрабязную інфармацыю паведаміў кіроўца, які быў паранены, але здолеў збегчы. Гэта была засада на трасе. Першая версія таго, што адбылося, — рабаванне, у забітых было мноства дарагой тэхнікі, а таксама буйная сума грошай.

Пазней з'явіліся новыя падрабязнасці: міністр па пытаннях СМІ і камунікацый, прэс-сакратар урада краіны Анж Максім паведаміў РБК, што ў журналістаў сапраўды ўкралі грошы і абсталяванне, а таксама дакументы. Узброеныя людзі запатрабавалі ад здымачнай групы аддаць ім аўтамабіль, на што атрымалі адмову. Адзін з расіян аказаў супраціўленне, за што яго застрэлілі на месцы. Астатнія памерлі ад атрыманых раненняў.

Знаходзіцца ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы — гэта сапраўды вельмі небяспечна. Як паведамляе medusa.іo, сёння там пастаянна адбываюцца ўзброеныя сутыкненні паміж як мінімум 14 групоўкамі, а дзяржаўная ўлада кантралюе ад сілы пятую частку тэрыторыі ЦАР.

Целы загінулых даставяць у Расію заўтра.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Смяротна небяспечная паездка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Атракцыёны рыхтуюцца да лета. Што робіцца, каб каруселі былі бяспечныя

Атракцыёны рыхтуюцца да лета. Што робіцца, каб каруселі былі бяспечныя

Сярэдзіна красавіка — час, калі сталічныя паркі рыхтуюцца да масавага наведвання. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!