Вы тут

Гісторыя беларуса, які наведаў больш за 30 краін


Падаецца, каб вандраваць, патрэбна шмат выдаткаў: часу, сіл, грошай. Але гэта на першы погляд. Як сцвяржае Сяргей Герасімовіч, адзінае, чаго можа не хапаць — гэта дастатковага жадання. Бо калі яно ёсць, то нават за невялікія грошы можна аб'ездзіць не адзін дзясятак краін. Напрыклад, Сяргей наведаў ужо 31. Пры гэтым ён вандруе, наколькі гэта магчыма, бюджэтна, з задавальненнем дзеліцца з астатнімі, як сэканоміць на вандроўках.


Лі­ён, Фран­цыя. Па­на­ра­ма з га­ры Фурв'е. Фо­та 2011 го­да.

— Калі пачаў вандраваць?

— У далёкім 1993 годзе: з'ездзіў у Артэк у Крым, а таксама ў Вільнюс. І тады ўсё пачалося... У свой час я паступіў на геаграфічны факультэт і адназначна вырашыў: буду вандраваць. Факультэт абавязвае. За жыццё даводзілася пачынаць і з Беларусі, і з Расіі. І калі ад'язджаю з Мінска, то звычайна маю мала грошай і шмат часу. З Масквы — роўна наадварот.

Раней я выкладаў у ліцэі БДУ, мы шмат вандравалі па Беларусі. Аднойчы да мяне падышлі дзесяцікласнікі і папрасілі, каб я іх звазіў у Прагу. Я паабяцаў, што як ім споўніцца 18, так і здзейснім іх просьбу. Прайшло два гады — зноў да мяне прыходзяць. Яны самастойна дамовіліся і наконт жытла, і даезду.

Што датычыцца Прагі, то ёсць такі лайфхак: у ёй ёсць фірма, у якой працуюць студэнты, што навучаюцца быць экскурсаводамі. У іх вельмі танныя білеты, а экскурсіі добрыя. Таксама былі і ў Вене, сталіца Аўстрыі, а там усё вельмі дорага. Таму прыехалі ў яе з Прагі а 6-й раніцы і з'ехалі а гадзіне ночы, каб грошай лішніх не траціць.

Мы тады акурат ехалі праз горад Брно, што ў чэшскім гістарычным рэгіёне Маравія. Калі дзесьці бываеш, то ёсць звычай кінуць у вадаём манетку, каб вярнуцца. Калі мы там былі, я ўзяў з кішэні не адну манету, а жменю дробных і кінуў іх у вадаём. Штук дзесяць, напэўна. Зрабіў гэта, бо так прынята. А пасля я ў гэтым Брно аказваўся яшчэ восем разоў. Вось і не вер у прыкметы! Таму пастаянна ўсіх перасцерагаю лішні раз падумаць, ці хочаце вы ў гэтае ж месца вярнуцца. Я добра стаўлюся да Брно, там цудоўны тэхнічны ўніверсітэт, але пабываць дзевяць разоў у адным горадзе...

— Але ж гэта мусіць так дорага каштаваць...

— У 2010 годзе я пераехаў у Маскву і адкрыў для сябе свет лаўкостаў. Гэта бюджэтныя авіякампаніі, якія прапануюць вельмі нізкую плату за авіяпералёт у абмен на адмову ад большасці традыцыйных пасажырскіх паслуг. Калі ж дадатковы сэрвіс прысутнічае, як правіла, яго кошт супастаўны з коштам білета. І толькі тады зразумеў, што гэты спосаб перамяшчэння больш даступны беларусам, чым расіянам, таму што Літва і Польшча, куды кампаніі-лаўкосты лятаюць, да нас бліжэй.

З такім пералётам вандроўка аказваецца вельмі таннай. Нядаўна ездзіў у Капенгаген, быў там чатыры дні, і ўся вандроўка абышлася ў 100 долараў з пералётам уключна.

— Якімі сэрвісамі па пошуку зніжак лепей карыстацца?

— Мне падабаецца сайт vаndrоukі.bу. Там можна паглядзець, дзе якія акцыі і зніжкі ёсць: і на пералёты, і на пражыванне, і нават на кавярні. Зручна, што гэта інфармацыя акумулявана ў адным месцы.

2011 год. Па­ла­ца­ва-зам­ка­вы комп­лекс Кар­ма­тэн —  адзін з зам­каў Бур­гун­дыі (рэ­гі­ён у Фран­цыі).

Напрыклад, дзякуючы гэтаму сайту атрымалася заказаць таннае жыллё ўзімку ў Осла. Так атрымалася, што з Каўнаса, што ў Літве, датуль вельмі нязручна вылятаюць самалёты. Я туды прыехаў у гадзіну ночы, а самалёт адлятаў а пятай раніцы. Думаў, што прасяджу гэты час на аўтавакзале, але ў ім зала чакання была зачынена на рамонт. Я тады пайшоў пехатой да аэрапорта. А гэта каля 15 кіламетраў. Па аўтастрадзе 13 кіламетраў прайшоў, а пасля мяне да сябе ў машыну ўзяла дзяўчына. Яна літоўка і была здзіўлена, што я пешшу прайшоў такую адлегласць. «Ты так любіш хадзіць?» — запытала яна. Давялося тлумачыць сітуацыю і ўпэўніваць, што не заўжды абавязкова браць трансфер і няма нічога дзіўнага ў тым, каб у малазнаёмым месцы прайсціся па раней невядомым маршруце.

— А як звычайна арыентуешся ў месцы, у якое трапіў упершыню?

— Карту ў папяровым выглядзе ў Еўропе заўжды можна ўзяць бясплатна ў офісах турызму. Так я рабіў раней. Цяпер усё значна прасцей: можна спампаваць на тэлефон карту і нават без інтэрнэту, а з дапамогай толькі GРS пракладаць маршрут.

— Загадзя плануеш, куды паедзеш?

— Да вандровак я стаўлюся лёгка, ехаць куды-небудзь вырашаю спантанна. У маі пабачыў, што білеты з Будапешта да Скоп'я каштуюць усяго 20 еўра. Набыў. А як даехаць да Будапешта? Шукаў перакладныя і знайшоў праз Браціславу.

— У які бюджэт звычайна ўкладаешся?

— Вандраваць напрацягу 4-5 дзён меней чым за 100 еўра — цалкам нармальна. На дадзены момант я быў у 31-й краіне. Наведваю 4-5 новых краін у год. У асноўным гэта Еўропа. Таму калі і карыстаўся візай, то толькі шэнгенскай.

— Як вандруеш: адзін ці з кампаніяй?

— Вандраваць я прызвычаіўся адзін, хоць зручней гэта рабіць з кампаніяй. А вось удваіх з дзяўчынай ездзіць складаней, бо і выдаткаў болей, і патрабаванняў у яе больш. Калі я адзін, то раней спыняўся ў хостэлах, дзе па 16 ложкаў у пакоі. Зараз стараюся спыняцца там, дзе іх хоць бы 4—6. Але вельмі высокая магчымасць таго, што і ў такім пакоі трапіцца карэец ці японец, які ўсю ноч будзе па месенджарах расказваць, як ён дзень правёў. Пад такі акампанемент амаль немагчыма заснуць. Хтосьці можа пачаць спяваць ноччу. Са мной і такое здаралася.

Зараз вельмі папулярнымі становяцца капсульныя хостэлы. Гэта адзін з варыянтаў японскіх атэляў, які ўяўляе сабой невялікія спальныя ячэйкі, размешчаныя адна над адной. І калі ў Расіі гэта штосьці моднае і таму дарагое, то ў іншых краінах наадварот — танны і зручны варыянт пераначаваць.

Таксама можна скарыстацца сайтам СоuсhSurfіng. Члены сеткі прадстаўляюць адзін аднаму дапамогу і начлег падчас падарожжаў, а таксама паказваюць горад. Аднак я гэтым рэсурсам рэдка карыстаюся, бо ў мяне няма магчымасці прымаць у сябе гасцей, магу толькі сам спыняцца дзе-небудзь. Але ў мяне шмат сяброў, якія часам прымаюць у сваіх мінскіх кватэрах гасцей.

— А бывала так, каб не было дзе спыніцца?

— Нават калі падавалася, што так, усё адно адбываліся прыемныя нечаканасці і праблемы вырашаліся. Галоўнае разумець, што з любой, нават самай кепскай сітуацыі, ёсць выйсце.

Вераніка ПУСТАВІТ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.