21 Верасень, пятніца

Вы тут

Як правільна бавіць час з дзецьмі?


Нядаўна вярнулася са сваім сямігадовым сынам з археалагічнага лагера, дзе мы чатыры дні пражылі ў лесе. Некаторыя знаёмыя жахаюцца, як так?! Камары, антысанітарыя, а ён такі маленькі! Што б яны, цікава, сказалі, калі б даведаліся, што першы раз мы гэта зрабілі, калі яму было два гады, а прыяцелька сплаўлялася на байдарках са сваім малым, калі дзіцяці было і таго менш. Дачка іншых маіх знаёмых за першыя чатыры гады жыцця ўвогуле павандравала з бацькамі ўжо па сямі краінах. А ёсць і такія, для каго паход у 3D-кіно кожную нядзелю — найлепшы адпачынак. Дзе, як і з якога ўзросту можна бавіць час з дзецьмі, каб не нанесці ім шкоды, я вырашыла спытаць у спецыялістаў.


Дайце дзецям проста жыць!

Да трох гадоў дзіцяці ў прынцыпе не патрэбны шматлікія сацыяльныя кантакты — каб вырасці спакойным, яму ў гэты час дастаткова забавак з бацькамі, асабліва матулінага клопату. Адзінае выключэнне — басейн, куды карысна хадзіць з самых пялюшак. Гэта садзейнічае развіццю мышцаў і шкілета. Ва ўсіх астатніх выпадках трэба зыходзіць з крытэрыяў, які накладваюць на розныя віды паслуг для адпачынку іх вытворцы, і не старацца даказаць, што дзіця, нягледзячы на неадпаведнасць абмежаванням, можа больш і яго трэба пусціць. Настойваючы на гэтым, бацькі робяць кепска двойчы. З аднаго боку, падвяргаюць здароўе свайго дзіцяці рызыцы, бо ніводнае правіла не ўзнікае з ніадкуль, а разлічваецца зыходзячы з вагі, узросту і магчымасцяў. З другога — паказваюць дзіцяці, што правілы можна парушаць, і калі патупаць ножкамі, атрымаеш жаданае.

Задумваючы адпачынак, бацькам неабходна ўлічваць і свае навыкі.

— Тое, якім вырасце малое, закладваецца ў дзяцінстве, у тым ліку і тым, як яно бавіць час, бо на развіццё ўплывае і асяроддзе. Хтосьці лічыць, што можна сядзець суткамі з тэлефонам у руках і такім чынам развівацца. Хтосьці выбірае кнігі з трох месяцаў і размовы, — разважае Ірына ФРАНЦКЕВІЧ, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Партызанскага раёна Мінска. — Плануючы нейкае мерапрыемства для дзіцяці, бацькі павінны ўсвядоміць для сябе яго мэту: хочуць яны такім чынам даць малому нейкі новы вопыт і веды, каб надаць штуршок для далейшага развіцця, ці проста адпачыць і набрацца эмоцый.

Кожны раз трэба ўпэўніцца, ці адпавядаюць правілы бяспекі інтарэсам дзіцяці. Не варта адпраўляцца з немаўлём у далёкія падарожжы.

— Безліч мікробаў і інфекцый можна падхапіць у аэрапорце, бо ў дзетак да года яшчэ няма імунітэту, яны не прышчэпленыя, — засцерагае Наталля МЫСЛІЎЧЫК, галоўны ўрач 36-й гарадской паліклінікі. — Тое ж датычыцца і развівальных гурткоў. Не трэба нагружаць малых да трох гадоў. У іх яшчэ няма ўседлівасці, ім цяжка канцэнтравацца больш за 15 хвілін. Калі дзіця ўжо само выкажа цікавасць да нейкіх заняткаў, варта аддаваць яго ў пэўную секцыю, але гэта здарыцца не раней за пяць гадоў. Дайце дзецям проста жыць! Да спартыўных секцый трэба таксама падыходзіць з розумам, арыентуючыся на магчымасці дзіцяці. Ёсць фізічна развітыя малыя, яны рана пачынаюць поўзаць і хадзіць, а калі яны толькі пайшлі пасля года, куды іх ставіць у тры гады на канькі...

Працірайце 3D-акуляры

Пасіўны адпачынак у выглядзе мульцікаў у кінатэатры раней за тры гады малым лепш не прапаноўваць, а на сеансы з моднымі 3- і 4-D-тэхналогіямі ўвогуле лепш не вадзіць дзяцей да шасці гадоў, лічаць спецыялісты.

— Мы атрымліваем інфармацыю пра сусвет адразу праз абодва вокі. А праз акуляры 3D у кожнае вока звесткі трапляюць паасобку і аб'ядноўваюцца ў суцэльную карцінку толькі ў мозгу. Для малога да шасці гадоў гэта наймацнейшая нагрузка, якая ўплывае на зрок і мозг, тым больш што дзіцячыя 3D-акуляры ёсць далёка не ва ўсіх кінатэатрах. А прылада не па памеры гэтую нагрузку падвойвае, — разважае псіхолаг.

Перш чым весці малога ў кіно ці тэатр, трэба думаць, ці вытрымае ён прадстаўленне, і на які ўзрост яно разлічана, раіць урач. Калі хочацца паглядзець любімы мультфільм  на вялікім экране, трэба прыняць меры перасцярогі. Выбраць месца, дзе ёсць дзіцячыя акуляры, праверыць, каб на іх не было драпін, працерці лінзы вільготнай сурвэткай. І напачатку прагляду хоць бы 5—10 хвілін паназіраць, як малы ўспрымае карцінку, як дыхае, рэагуе эмацыянальна. Пасля сеансу добра абмеркаваць з дзіцем, як паводзілі сябе героі, ці правільна яны рабілі, і вось ужо пасіўны адпачынак ператвараецца ў карысную сацыялізацыю. З іншага боку, тэлевізар, які, здараецца, працуе проста шумавым фонам, — гэта вельмі дрэнна. А пасля мы здзіўляемся, адкуль дзіця ведае нейкія рэчы і словы.

Гаджэты, лішняя вага і скаліёз

Дзіця развіваецца, калі яно праяўляе дапытлівасць. Калі ж малы сядзіць з планшэтам у руках і цісне на кнопкі ці гуляе ў «стралялкі», у яго застаецца толькі цікавасць, але ж адсутнічае дапытлівасць, а гэта крок назад у развіцці. Нездарма ў Амерыцы падумваюць увогуле забараніць выкарыстанне такіх гаджэтаў да 12 гадоў, бо цяпер у іх кожнае трэцяе дзіця да двух (!) гадоў гуляе з тэлефонам ці планшэтам. Хоць ужо ёсць даследаванні, што тыя, хто атрымаў цацку-тэлефон да трох гадоў, праз доўгае нерухомае сядзенне ў сем ужо могуць атрымаць затрымку кагнітыўнага развіцця, лішнюю вагу, нескардыянаванасць рухаў, скаліёз.

— Чым пазней малы пазнаёміцца з гульнямі на планшэтах, тым лепш. Я б да шасці гадоў не давала дзіцяці ніякіх гаджэтаў. Праз іх малыя не развіваюць сацыяльныя ўменні, як гэта адбываецца, калі яны забаўляюцца з лялькамі, машынкамі, канструктарам, пазламі, — падкрэслівае Ірына Францкевіч. — Пастаянная гульня з гаджэтамі адбірае ў дзіцяці рэальны свет і замяняе яго. Адмаўляюцца стасункі з бацькамі і равеснікамі, дзеці не ўмеюць сацыяльна дзейнічаць, нават не хочуць вучыцца ў школе.

З іншага боку, немагчыма развіць дапытлівасць малога мэтавымі ўстаноўкамі «Глядзі! Гэта цікава!». Заахвоціць да чагосьці можна толькі праз уласны прыклад. Захопленыя бацькі — захопленае дзіця.

— Каб гаджэт прынёс карысць, можна гуляць у ім у пазнавальныя, стратэгічныя і развівальныя гульні, прычым дазіравана. Яго можна выкарыстоўваць для пошуку цікавай інфармацыі. Паглядзець, як называецца ліст з дрэва, які знайшлі на прагулцы, адшукаць для матулі рэцэпт нейкай стравы,  — мяркуе псіхолаг.

Цырк, заапарк, лес, вуліца

Каб даць дзіцяці якасны адпачынак, бацькі самі павінны развівацца і вывучаць прапановы. Хочаце павесці малога ў кантактны заапарк —
калі ласка. Але падумайце, ці не ўкусіць пушысты кролік малога за палец. Або наадварот — малы проста з-за цікаўнасці пачне тыкаць жывёлам у вочкі ці цягаць іх за вушы. Тады дзіця атрымае адваротны вопыт — панічны страх звяроў, папярэджвае Ірына Францкевіч:

— Малых варта прыводзіць у заапарк, асабліва кантактны, калі ў іх ужо склаліся паняцці спачування і клопату. Перш чым ісці да звяроў, трэба пазнаёміцца з імі на малюнках, расказаць, што яны любяць, а чаго баяцца. Растлумачыць гэта раней за тры гады амаль немагчыма.

Нават у цырк з малымі напачатку лепш хадзіць на прадстаўленні, дзе шмат жывёл, бо астатнія нумары разлічаны ўжо больш на школьнікаў.

Актыўны адпачынак з дзецьмі таксама можна смела пачынаць з ранняга ўзросту. Калі бацькі ўпэўнены, што справяцца з камарамі і сонечнай гарачынёй, — калі ласка, хоць з паўгода бярыце дзіця з сабой на рыбалку.

— Калі мама ўпершыню адпраўляецца ў вела- ці пешы паход з малым, яна не можа ўявіць і прадбачыць многіх здарэнняў. Калі ж бацькі першапачаткова актыўна адпачывалі, яны спакойна могуць далучаць дзіця да свайго ладу жыцця з маленства, — разважае Наталля Мысліўчык. — Займацца верхавой яздой лепш пачынаць гадоў з 5—6. Проста пакатацца на поні, калі дзіця не баіцца, можна і ў два з паловай гады, аднак на дарослага каня раней за чатыры гады лепш не караскацца.

Сучасныя актыўныя гульні накшталт лазертага, пейнтбола, бампербола — гэта адпачынак для падлеткаў гадоў з дзесяці. Гэта гульні-стратэгіі, якія развіваюць і мысленне, і спрыт, і моц. Бацькам пры гэтым трэба ўпэўніцца, што ў такіх клубах вытрыманы ўмовы бяспекі.

— Не старайцеся занадта апекаваць малых і навязваць ім шмат рознага адпачынку, каб яны не раслі інфантыльнымі. Проста пагойсаць па вуліцах чародкамі ім таксама трэба, — раіць урач. — Актыўнасць — добра для здароўя дзіцяці. А шмат тэлевізара, шмат тэлефона, няправільнае харчаванне вядуць да гіпадынаміі (аслаблення мышачнай дзейнасці), міяпіі (парушэнне зроку), атлусцення. Цяпер 10 дзяцей з 30 ужо тлустыя.

Адным словам, колькі ні разважай, а адпачынак у кожнага дзіцяці павінен быць свой, бо ўспрымае яно сусвет індывідуальна, аднак толькі бацькі вызначаюць межы гэтай індывідуальнасці.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У басейн — да года, на каня — з чатырох

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!