Вы тут

Білеты і праграма «ТЭАРТа» ўжо даступныя


Тут тры мушкецёры, што прачнуліся ў нашы дні, атмасфера рэстарана Сайгона 1950-х і беларуская версія «Вяселля» літоўскага рэжысёра Оскараса Каршуноваса. VІІІ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва абвясціў праграму, і яе геаграфія інтрыгуе — у Мінск прыедуць калектывы Паўднёвай Карэі, В'етнама, Фінляндыі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Бельгіі, Францыі, Расіі. А ў праграме Bеlаrus Ореn, вядома ж, будуць паказаны найлепшыя беларускія пастаноўкі апошняга часу. Сёлета «ТЭАРТ» пройдзе з 20 верасня да 16 кастрычніка — расклад ужо даступны і продаж білетаў адкрыты.


«Рэвізор» Мікалая Пінігіна.

Дзесяць пастановак у беларускай праграме, дзевяць — у міжнароднай. Куратар Bеlаrus Ореn Людміла Грамыка адабрала работы рэжысёраў як старэйшага пакалення, так і гучных маладых аўтараў — атрымаўся, як звычайна, збор найярчэйшых беларускіх тэатральных пастановак за апошні час. Bеlаrus Ореn увогуле выглядае фіналам пэўнага конкурсу, таму што, пакуль замежныя госці фэсту адкрываюць для сябе беларускі тэатр, беларусы могуць выкарыстаць праграму ў якасці спісу рэкамендацый і знаёміцца з ёй, калі пажадаюць.

Дык вось «ТЭАРТ» прапануе звярнуць увагу на і без таго аблашчанага «Рэвізора» Мікалая Пінігіна, які быў пастаўлены ў Купалаўскім на трасянцы і выклікаў хвалю абмеркаванняў. На фэсце будзе паказаны «Mаnn іst mаnn» паводле Бертольда Брэхта — без Аляксея Ляляўскага і мінскага Лялечнага тэатра ў беларускай панараме не абысціся. З Брэста прыедуць «Новая зямля» Якуба Коласа ад Аляксандра Янушкевіча і аўтарскі монаспектакль лідара «Троіцы» Івана Кірчука «Дарожка мая», створанага па матэрыялах беларускага фальклору і пастаўленага Аляксандрам Казаком.

Яўген Карняг стварае свае спектаклі ў працэсе работы з акцёрамі ў жанры фізічнага тэатра — і кожны аказваецца ўнікальным. У Bеlаrus Ореn уключана адразу дзве пастаноўкі аднаго з самых вядомых беларускіх тэатральных рэжысёраў — «Сёстры Граі» і «Бетон». Заснаваныя на міфе аб багінях Фаркідах і на міфе аб Арфеі і Эўрыдыцы адпаведна.

«ТЭАРТ» рэкамендуе таксама праектны тэатр — дзве пастаноўкі, створаныя Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». «З вучылішча» Аляксандра Марчанкі пастаўлена па п'есе беларускага драматурга Андрэя Іванова, якая была намінавана на прэстыжную тэатральную прэмію «Залатая Маска». «Крыжовыпаходдзяцей» прадстаўляе творчасць «самага экстравагантнага рэжысёра сучаснасці» Юрыя Дзівакова.

Міжнародная праграма пакажа «дзевяць найбуйнейшых тэатральных пастановак сучаснасці», адабраных і запрошаных дырэктарам фестывалю Анжалікай Крашэўскай. Што прыемна, дык бачыць тут заўсёднікаў. Пастаноўкі Оскараса Каршуноваса трапляюць на «ТЭАРТ» пяты раз — гэтым разам тут будзе «Вяселле» паводле Бертольда Брэхта, прычым адаптаванае пад геаграфію паказа. У Санкт-Пецярбургу, напрыклад, жаніліся пад «ДДТ», нам жа давядзецца пабачыць, як пастаноўку актуалізуюць пад Мінск.

Яшчэ адзін пастаянны госць Цімафей Кулябін, вядомы расійскі тэатральны рэжысёр, прычым вядомы сваімі інтэрпрэтацыямі класікі, на будучым «ТЭАРЦе» пакажа чэхаўскіх «Трох сясцёр» на мове жэстаў.

Тэатр прызнаецца ў любві да кіно. У спектаклі «Проста кіназдымка» фінскага рэжысёра Крысціяна Смэдса вядучыя акцёры Венгрыі і Эстоніі будуць гаварыць пра кіно і глядзець сцэны з фільмаў на фоне раскіданага папкорна.

В'етнамцы, якія пераехалі ў Францыю і выявілі, што яе рэчаіснасць сумна адрозніваецца ад іх уяўленняў, будуць дзейнічаць у капрадукцыйным спектаклі «Сайгон» у антуражы французскага рэстарана, які больш нагадвае В'етнам 1950-х.

Ад Паўночнай Карэі мы ўбачым харэаграфічную пастаноўку аб вандроўных музыкантах «Даркнэс Пумба». Яшчэ два харэаграфічныя спектаклі пакажа Польскі тэатр танца з Познані — «Сztеrdzіеśсі» вядомага нарвежскага харэографа Джо Стромгрэна і пастаральную «Жатву» ў пастаноўцы Ігара Гашкоўскі і харэаграфіі Івоны Пасіньскай.

Атос, Партос і Араміс апынуцца ў сучасным свеце ў пастаноўцы «Тры мушкецёры. На ўсход ад Вены» рэжысёра Вальтэрса Сіліса. З Бельгіі прыедзе палітычны трылер «Арктыка» з вандроўкай у 2025 год.

Нарэшце, «Школа ТЭАРТа» правядзе шэраг адукацыйных мерапрыемстваў, прысвечаных тэатральным мастацтву і індустрыі.

Расклад, апісанне пастановак, фатаграфіі са спектакляў і ўвогуле больш падрабязную інфармацыю аб будучым Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва можна знайсці на сайце tеаrt.bу. Білеты раскупляюцца хутка.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Разгерметызацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».