20 Верасень, чацвер

Вы тут

Заўтра ў сталіцы пройдзе фэст «Дзень Польшчы ў Мінску»


Тэрыторыя Верхняга горада мае быць на цэлы дзень прысвечана Польшчы, польскай культуры і таму, што запланавалі для наведвальнікаў пасольства Польшчы, Польскі Інстытут і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Заўтра ў сталіцы можна будзе стаць удзельнікам адмысловага фэсту, прысвечанага 100-годдзю аднаўлення незалежнасці, якое сёлета адзначае наша заходняя суседка. А таксама паслухаць даваенны польскі джаз, навучыцца гатаваць польскія стравы і даведацца, дзе і як вывучыць польскую мову.


Праграма датычыцца не толькі сферы мастацтва, але і навукі, гісторыі, спорту і цалкам прыкладных рэчаў, што напэўна прыцягне да Ратушы багата гасцей. Перш за ўсё скажам, што фэст паклапаціўся пра музыку, тэатр, выставачныя экспазіцыі і кнігі.

Днём музычная пляцоўка — Верхні горад будзе падзелены на некалькі тэматычных сфер — стане сцэнай для вакальных і танцавальных калектываў польскай дыяспары ў Беларусі, а таксама гасцей з Польшчы — Маладзёжнага духавога аркестра з Гайнаўкі і шоу мажарэтак. А вечарам свінг, танга і даваенны польскі джаз у сучасных аранжыроўках ад калектыву «Jаzz Bаnd Mlіnаrskі-Mаsесkі», які займеў папулярнасць не толькі ў сваёй краіне, але і за яе межамі. Як унікальную з'яву арганізатары пазіцыянуюць акардэаністаў «Mоtіоn Trіо». «Іх музыка выклікае эмоцыі, параўнальныя з уражаннямі ад клубнай тэхна-вечарынкі, акадэмічнага ці нават рок-канцэрта».

Тэатр будзе прадстаўлены ў вечаровым Карэтным дворыку калектывам «Ніколі» і яго вулічнай пастаноўкай «Імпрэсарыа» з артыстамі ў якасці галоўных герояў. А выстаўка — у дворыку мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага — пакажа тое, што з польскіх скарбаў уключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

На фэсце можна будзе знайсці і набыць кнігі польскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову — сярод прапаноў моўна-адукацыйнага кірмашу на арт-тэрасе за канцэртнай залай «Верхні горад». Уласна, гэта і ёсць месца, дзе зацікаўленыя ў засваенні польскай мовы наведвальнікі даведаюцца, дзе і як яе вывучыць, і паўдзельнічаюць у моўных гульнях і конкурсах.

Пра кухню трэба было казаць у першую чаргу, але прыходзіцца стрымліваць сябе фарматам культурнай старонкі. У Верхнім горадзе заўтра акажуцца небезвядомыя польскія шэф-повары, якія правядуць майстар-класы і на вачах у наведвальнікаў прыгатуюць традыцыйныя польскія стравы. Каралеўскі суп, белы боршч, страва на заквасцы з жытняй мукі журэк (дзеля справядлівасці адзначым, што ён традыцыйны для беларускай кухні таксама). Суп з ялавічных рубцоў флячкі (зноў нешта агульнае з Беларуссю). Бігас з капусты і мяса (і ў нас яго гатуюць). Духмянае дзеянне будзе адбывацца ў дворыку гатэля «Манастырскі», але на працягу дня фудкорты з польскімі традыцыйнымі стравамі будуць таксама працаваць на плошчы Свабоды.

Траціць калорыі варта прыйсці на пляцоўку каля рэстарана «Рэнесанс», дзе прафесіяналы і аматары змогуць сыграць у спартыўную гульню рынга, некалі прыдуманую Уладзімірам Стрыжэўскім. Будуць і майстар-класы, і конкурсы, і паказальныя матчы.

Воблакі ў прабірцы, самаробныя петарды, парад рознакаляровых агнёў — гэта ў Карэтным дворыку ад навукова-забаўляльных майстэрняў, дакладней ад Лабараторыі Марыі Складоўскай-Кюры і музея эксперыментальных навук «Эксперыментус». Кажуць, адбудзецца нават стварэнне вечнага рухавіка.

3D-прынтары і робаты, цеплавізійная камера, а таксама мабільныя праграмы для дыстанцыйнага кіравання — ад Лодзінскага ўніверсітэта. Эка-дызайн і выяўленчае мастацтва на мяжы скульптуры і тэкстылю — ад Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Лодзі.

Ні многа ні мала, а ўсё гэта ў адзін дзень. Праграма ўпісваецца ў традыцыю мультызадачнага мерапрыемства, дзе свой інтарэс знойдуць дарослыя і дзеці, фізікі і лірыкі, тыя, хто любіць журэк, і тыя, хто аддае перавагу флячкам. «Дзень Польшчы ў Мінску» прапануе далучыцца да польскіх традыцый, культуры і дасягненняў. Уваход на ўсе мерапрыемствы, вядома ж, вольны і чаканы.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Акардэаністы, вулічны тэатр, флячкі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.