Вы тут

Калі ў саставе мыйнага сродку частка «фасфа-», ад яго лепш адмовіцца


Кожнае лета рэкі і азёры Беларусі зарастаюць водарасцямі і пакрываюцца зялёнай плёнкай. Эўтрафікацыя — так спецыялісты называюць гэты працэс. Наогул, узнікае ён натуральна, пры нармальных умовах надвор'я развіваецца павольна і ў невялікіх аб'ёмах. Але апошнім часам вадаёмы «цвітуць» настолькі інтэнсіўна, што не пакідаюць шанцаў ні пакупацца людзям, ні выжыць рыбам. Аказваецца, вінаваты ў гэтым сам чалавек. Якім чынам мы правакуем «цвіценне» рэк і як беларускія школьнікі і настаўнікі спрабуюць гэта спыніць, даведалася карэспандэнт «Звязды».


Чаму вадаёмы зелянеюць?

Яшчэ гадоў 20 таму ўбачыць рэкі, якія «цвітуць», можна было толькі ў канцы ліпеня — пачатку жніўня. Цяпер жа многія вадаёмы зелянеюць ужо ў чэрвені. Звязаны гэтыя перамены не толькі са зменай клімату, але і з некаторымі пераўтварэннямі ў гаспадарчай дзейнасці чалавека.

— Эўтрафікацыя ўзнікае, калі ў вадаём трапляюць злучэнні фосфару або азоту — так званых біягенных элементаў. Яны служаць пажыўным асяроддзем для многіх раслін і водарасцяў. Зразумела, чым больш такіх злучэнняў паступае ў ваду, тым хутчэй размнажаецца і расліннасць, — расказвае спецыяліст па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі Цэнтра экалагічных рашэнняў, каардынатар праекта «Рэкі без фасфатаў» Кааліцыі «Чыстая Балтыка» Наталля ПАРЭЧЫНА. — Асаблівую небяспеку выклікаюць сіне-зялёныя водарасці. Яны адрозніваюцца ад звычайных тым, што спажываюць шмат кіслароду, не пакідаючы яго іншым арганізмам. У выніку ў вадаёмах утвараюцца «мёртвыя» зоны — месцы, дзе гіне ўсё жывое, у тым ліку і рыба.

Эксперт падкрэсліла, што, як правіла, злучэнні фосфару і азоту паступаюць у вадаём двума шляхамі: праз камунальныя сцёкавыя вады і сцёкі з сельгаспалёў. Ачышчальныя збудаванні справіцца з гэтымі рэчывамі не могуць, так яны і аказваюцца ў нашых вадаёмах.

З усіх злучэнняў фосфару водныя расліны лепш за ўсё засвойваюць фасфаты — рэчывы, якія ў вялікай колькасці змяшчаюцца ў мыйных сродках і пральных парашках. У краінах ЕС з 2012 года ўведзена поўная забарона на выкарыстанне фасфатаў у вытворчасці гэтай бытавой хіміі. У Беларусі пакуль такія змены не прадбачацца, але бесфасфатныя парашкі знайсці можна.

Здароўе таксама пад пагрозай

Купляючы парашкі і мыйныя сродкі з фасфатамі, чалавек шкодзіць не толькі прыродзе, але і свайму здароўю. У першую чаргу, гэтыя рэчывы небяспечныя для дзяцей і алергікаў. Так, трапляючы на скуру, яны могуць выклікаць алергічныя рэакцыі ў выглядзе лушчэння і пачырванення. Пры гэтым з кожным годам з'яўляецца ўсё больш людзей, адчувальных да фасфатаў.

Не варта таксама забываць: фасфаты аказваюцца і ў вашых любімых вадаёмах, дзе вы прывыклі адпачываць летам.

Пры гэтым эколаг дадае: калі парашок без фасфатаў, гэта не значыць, што ён адмывае горш. Бясспрэчна, злучэнні фосфару дадаюць у мыйныя сродкі не проста так: яны зніжаюць жорсткасць вады (дзякуючы чаму парашок больш пеніцца і лёгка адмывае рэчы). Але ёсць і прыродныя мінералы, напрыклад цэаліты, якія маюць тыя ж уласцівасці, але вадаёмам і здароўю не шкодзяць.

10 крокаў да чыстых вадаёмаў

Зрабіць так, каб фасфатаў у нашых вадаёмах стала менш, сёння можа кожны з нас. Праўда, пакуль не ўсе разумеюць сур'ёзнасць праблемы. Прасвятліць як мага больш беларусаў па гэтай тэме ўзялася каманда Цэнтра экалагічных рашэнняў — яна арганізавала для настаўнікаў інфармацыйную кампанію «Рэкі без фасфатаў».

Стартавала кампанія ў студзені і працягнулася тры месяцы. Удзел у ёй прыняла 21 навучальная ўстанова (21 настаўнік) з 10 раёнаў Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей.

— Мы прыдумалі 10 крокаў, якія павінен прайсці кожны настаўнік, каб нашы вадаёмы пачысцелі. Па ўмовах трэба было выканаць пяць крокаў абавязкова і пяць — па жаданні. Але самая галоўная ўмова — далучыць да кампаніі як мага больш дзяцей, знаёмых, сяброў — каго заўгодна. Настаўнік не павінен быў выконваць усё адзін, — падзялілася эксперт.

Такім чынам, удзельнікі правялі анкетаванне мясцовых жыхароў, каб апошнія даведаліся, якую шкоду фасфаты наносяць навакольнаму асяроддзю. Зрабілі інвентарызацыю бытавой хіміі ў мясцовых крамах, дзе заўважылі, што працэнт колькасці бесфасфатных парашкоў павысіўся амаль у пяць разоў. Аднак не абышлося і без сумных навін: фасфаты знайшліся нават у дзіцячых парашках.

Таксама настаўнікі зрабілі запіс у «Кнізе скаргаў і прапаноў», каб павысіць попыт на бесфасфатныя парашкі, а каля крамаў, дзе яны былі, павесілі плакаты са словамі «Тут можна купіць парашкі без фасфатаў».

— На апошнім кроку кожны настаўнік распрацоўваў свае заняткі і дзяліўся атрыманымі ведамі з іншымі ўдзельнікамі. І вось настаўніца з вёскі Башні Шумілінскага раёна спытала ў школьнікаў у канцы ўрока, чаму іх навучыла гэтая кампанія. У асноўным усе казалі, што не будуць купляць парашкі з фасфатамі, будуць уважліва чытаць састаў, а адзін сказаў: «А я вось больш не буду мыць шкарпэткі ў рэчцы». Дзіця шчыра адказала, значыць, дастукаліся! — адзначыла Наталля Парэчына.

Фасфаты могуць «хавацца» і за іншымі назвамі. Напрыклад: фасфанаты, поліфасфаты, дыкалій фторфасфат, дынатрый фторфасфат, трыполіфасфат натрыю, монафторфасфат кальцыю і г. д. Звярніце ўвагу, што ва ўсіх выпадках ёсць корань «фасфа-». Чытайце састаў і будзьце пільныя!

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Рэкі «цвітуць» ад... пральнага парашку

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.