Вы тут

Як «звяздоўка» археолагам стала


Інфармацыя пра знойдзеныя на раскопках пад вёскай Кульнева ў Расонскім раёне могілкі XVІ стагоддзя абляцела на днях ледзьве не ўсе СМІ. Аднак яшчэ паўтара тыдня таму назад, калі археолагі адкапалі першыя чатыры шкілеты, былі сумненні, ці так гэта. Меркавалася, што гэта ўсё ж абаронцы цытадэлі Сокал, якую ўжо трэці год даследуюць валанцёры Полацкага археалагічнага легіёна (ПАЛа), створанага 20 гадоў таму гісторыкам Маратам Клімавым. Адкуль я пра гэта ведаю? Адтуль, што чатыры дні правяла на раскопках у гэтай унікальнай у многіх сэнсах суполцы энтузіястаў і ведаю, як жывецца археолагам у экспедыцыі.


Сакаліная цытадэль

Адна з адметнасцяў раскопак у Сокале — дакладная дата большасці знойдзеных тут артэфактаў — 25 верасня 1579 года, калі крэпасць была знішчана. Цытадэль абаранялі маскоўскія стральцы арміі Івана Грознага, якіх цар паслаў на дапамогу сваім людзям у захопленым імі да гэтага Полацку, які асаджалі войскі Рэчы Паспалітай на чале са Стафанам Баторыем.

Крэпасць мела 11 драўляных вежаў, злучаных паміж сабой частаколам і абкружаных земляным ровам, дзве царквы і жыллёвыя пабудовы, што займала каля чатырох гектараў. З трох бакоў яе сцены абаранялі воды рэк Нішча і Дрыса, якія зліваюцца тут.

— Цытадэль мае выключнае значэнне для археалагічнай навукі, паколькі яе захоп і знішчэнне датуюцца літаральна адным днём, гэтаксама як і выпадзенне ўсіх знаходак у культурны пласт, — адзначае Марат КЛІМАЎ, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. — У першы год мы патрапілі на згарэлыя драўляныя канструкцыі і думалі, што гэта брама вежы. А, можа, гэта была і царква, бо знайшлі шмат аплаўкаў бронзы, якія маглі аказацца звонам. Ужо летась мы знайшлі цэлую частку гэтай брамы, што рэальна пацвердзіла першапачатковую версію. Знайшлі цвікі ад рашоткі гірсы — пад'ёмнага моста. Каб поўнасцю знайсці ўсе пабудовы крэпасці, трэба раскапаць вялізную плошчу. Хоць ужо цяпер зразумела, што бліжэй да брамы жылі простыя стральцы, а ў цэнтры фартэцыі — начальства.

Летась ПАЛьцы адкапалі некалькі пабудоў крэпасці і здабылі з зямлі сярод іншых артэфактаў унікальную рэч — касцяны нацельны крыж, які, як думаецца, належаў камандзіру стральцоў. Сёлетняе юбілейнае «паляванне на даўніну» прывяло на могілкі. Па апошніх звестках, знойдзена ўжо 12 шкілетаў, на адным з якіх былі пацеркі і фібула.

«Сярэднявечная пясочніца»

Археалагічная раніца, як заўжды, пачынаецца са звону чарпака па місцы — гэта дзяжурныя згатавалі кашу і склікаюць на сняданак. На свежым паветры есца са смакам, кашу «наварочваюць» нават тыя, хто верне ад яе нос дома. А нелюбімую для многіх малых страву — суп — у абед дзеці часта просяць на дабаўку.

Менш чым праз гадзіну пасля пад'ёму валанцёры ўжо на раскопе. Вакол яго луг з кветкамі, абкружаны соснамі. Дзеці легіянераў і самі ПАЛьцы з задавальненнем гуляюць тут у свабодны час у футбол. Падчас работ малыя дапамагаюць перабіраць зямлю ў пошуках артэфактаў. Калі стамляюцца — гуляюць у «сярэднявечнай пясочніцы» — яме з-пад леташняга раскопу з жоўтым мяккім пяском ці знаходзяць іншыя забаўкі ў лагеры і лесе.

Цікава, што дзіцячая «банда» большасць часу праводзіць сама па сабе. Амаль для ўсіх такое падарожжа ў навіну, таму бацькоў ад раскопак не адрываюць. Ды і ведаюць, што пасля абеду адпачынак будзе ўжо сумесны. Плаваюць малыя з бацькамі тут і ранкам, і днём і ўвечары. Да камароў прызвычайваюцца ўжо на другі дзень, а самае галоўнае — тут яны ў пэўнай ступені становяцца самастойнымі і незалежнымі і знаходзяць свае першыя артэфакты. А яшчэ адчуваюць сябе такімі ж паўнапраўнымі ПАЛьцамі, як і дарослыя, бо ўсіх дзяцей, старэйшых за пяць гадоў, хто пабываў на раскопе, пасвяцілі ў археолагі.

Здаецца, што адчуванне свабоды, бязмежных магчымасцяў і эмацыянальнага натхнення тут застаецца праз гады. Больш за тое, некаторыя легіянеры пажаніліся і нарадзілі дзетак, пазнаёміўшыся менавіта на раскопе, і цяпер прывозяць іх з сабой. Я сама стала ПАЛькай яшчэ ў 2000 годзе, калі ўпершыню трапіла ў экспедыцыю ў камандзіроўку, і дагэтуль не магу адмовіць сабе ў гэтай «дзікай прыроднай раскошы».

Успомніла ўсё. І як падымацца а шостай гадзіне раніцы, калі шэф прызначае цябе дзяжурнай, каб зварыць на сняданак вядро кашы і вядро гарбаты. І як ты пры гэтым адчуваеш сябе, бо легла толькі ў тры, бо золак заспеў цябе за размовамі з сябрамі, з многімі з якіх, асабліва не мінскімі, дзе яшчэ пабачышся, як не на раскопе. І як зацякае спіна ад доўгага сядзення на адным месцы, пакуль перабіраеш зямлю. І як гэта цудоўна — вырвацца са звычайнай руціны дарослага жыцця ў ПАЛ.

Піяніна ў палатцы і лазня ў беразе

Рамантыкі, эмоцый, прыгод і працы за гэтыя гады ў ПАЛе сапраўды хапала. Пад вёскай Лучна ў Полацкім раёне, дзе і нарадзілася суполка, валанцёры пад кіраўніцтвам Марата Клімава капалі з 1998-га да 2005-га. Гэты перыяд лічыцца, як кажа нязменны шэф экспедыцыі, класічным ПАЛам. За сем гадоў археолагі добра абжыліся ў лесе. Нават палаткі, якія ўжо сталі роднай хатай, штогод стараліся ставіць на ранейшыя месцы, арыентуючыся на пракапаныя па перыметры траншэі для адводу дажджавой вады.

А яшчэ ў нас была лазня, выкапаная ў беразе Дзвіны, самаробная вяндлярня ў зямлі, валейбольная пляцоўка з шышкамі. Ежу гатавалі ў вёдрах (часта з рачной вады), у рацэ ж плавалі і мылі посуд на шчасце рыбам. Працавалі на раскопе да абеду, пасля яго ледзьве не штодня ладзілі тэматычныя святы, якія ствараліся на імпэце, замешаным на энтузіязме. Тут вам не толькі Купалле, а і фестываль мадэрнізму, «Бітва на Нямізе», «Паляванне на маманта». А ўначы была картачная гульня ў мафію ды спевы пад гітару, варган і піяніна — яно ў асобнай палатцы стаяла. Быў у Лучне і язычніцкі бог вандроўнікаў Торвальд, якога кармілі кашай. І кожны атрымліваў уласны нік, каб не было блытаніны са звычайнымі імёнамі.

Асабліва помняцца валанцёрам вечары з кубачкам архелы — спецыяльным моцным напоем на зёлках, а таксама аладкі, якія пяклі на лапаце, адзін кавун на 30 чалавек як найлепшы пачастунак...

Першапачаткова на раскопках у Лучне меліся знайсці манастыр Святога Міколы на Лучне, датуемы XVІ стагоддзем. Першыя ж знаходкі павялічылі ўзрост пабудовы да канца XІ стагоддзя. А пазней версія пра манастыр увогуле адпала. Затое за восем гадоў экспедыцый ПАЛьцы змаглі вывучыць жыццё ў сядзібе заможнага феадала — менавіта яе ўрэшце раскапалі.

Каб захаваць ў гісторыі ўспаміны аб раскопках, валанцёры здымалі пра экспедыцыі фільмы (тады яшчэ на старую касетную відэакамеру). І стасункі не канчаліся пасля змены. ПАЛьцы сустракаліся і ў Мінску, адкуль прыязджала большая частка легіянераў. Акрамя абавязковых перасячэнняў раз на тыдзень дзе-небудзь у горадзе, разам святкавалі Хэлоўін, Масленіцу, Новы год, ладзілі чэмпіянаты па паяданні дранікаў — усяго хапала.

З сучаснага дома трэба збягаць часцей

Святкаванне 20-гадовага юбілею існавання ПАЛа і паралельна ўдзел у раскопках — для многіх «старых» валанцёраў — не проста дата, а ўспамін часоў, калі яны, натхнёныя рамантыкай, трапілі ў экспедыцыю і ўцягнуліся ў археалагічнае жыццё. 2000-ы год быў адным з самых цяжкіх для раскопак — дажджы лілі тыднямі, аднак валанцёры ўспамінаюць, што было цудоўна.

— Тады пэўна, сышліся нейкія зоркі, ды і пакаленне было іншае. Мы ехалі па эмоцыі і стасункі, а цяпер ціснеш кнопачку ў гаджэце і атрымліваеш сваю порцыю эндарфінаў, — разважае Чэх, які пазнаёміўся са сваёй жонкай Джуліяй менавіта ў ПАЛе.

— Мой сын Сцёпа тут плавае па тры-чатыры разы на дзень, ён гойсаў па раскопе з металашукальнікам, танцаваў пад дажджом, — дзеліцца Кошачка, якая знайшла на раскопе свайго Фядота. — І хоць ён ные, што, можа, час і дахаты, думаю, нашы дзеці сталі тут мацнейшыя, і гэты вопыт паўплывае на іх жыццё з гарадскімі гаджэтамі. А як ён пахваліцца сваім аднакласнікам, дзе быў летам...

— Ды калі б мы тут пражылі хоць бы тыдзень, у іх было б ужо сваё асобнае паселішча, — дадае Алекстоп.

Сам склад валанцёраў за 20 гадоў мяняецца, упэўнены шэф экспедыцыі, для якога ПАЛ, як і для многіх валанцёраў, — адна вялікая сям'я. Цяпер з'явілася шмат магчымасцяў зрабіць жыццё разнастайным, змяніліся прыярытэты, ды і самі ўмовы жыцця ў лагеры. Раней у нас бадай што не было інтэрнэту і мабільнікаў. Да лагера звычайна дабіраліся аўтастопам, з заплечнікам, дзе ўмяшчалася ўсё неабходнае: спальнік, турыстычны дыванок, змена адзення і прысмакі на ўсіх легіянераў. Цяпер ледзьве не кожны трэці прыязджае на аўто і вязе з сабой дадатковыя выгоды. Сёлета нават турыстычная лазня з парылкай у выглядзе спецыяльнай палаткі была.

— Нашы юбілеі — гэта перш за ўсё магчымасць атрымаць стасункі з людзьмі, якія не бачыліся па 10—15 гадоў, а не свята. Людзі хочуць успомніць, як гэта было. Я бачу, што валанцёры тых гадоў цяпер больш дарослыя, аднак у вачах той жа бляск, — кажа кіраўнік раскопак. — На жаль, цяпер няма такога прытоку людзей. Тады было па дзве змены амаль на ўсё лета, цяпер — некалькі тыдняў. Ды і ўзрост валанцёраў павялічыўся. Замест студэнтаў, як было раней, прыязджаюць больш сталыя людзі. Сам фармат таго, што трэба бясплатна працаваць на раскопе, адсейвае непатрэбных людзей.

Больш за тое, экспедыцыя жыве бадай што адным самафінансаваннем. Валанцёры плацяць за магчымасць пакапацца ў зямлі — грошы (даволі сімвалічныя сумы) ідуць на харчаванне. Так што тут збіраюцца сапраўдныя энтузіясты, для якіх жывыя стасункі і эмоцыі важнейшыя за курортныя — «усё ўключана».

Дарэчы, цяпер, хоць і стала больш магчымасцяў для рэкламы, трапляюць у ПАЛ больш праз знаёмства. Вось і Юргельса з Адмінтэем запрасіў на раскопкі сябар, які тут ужо быў.

— З мінусаў тут камары, авадні і дождж. Затое якая лямпавая (спакойная, душэўная) атмасфера, — апісваюць яны сваё ўспрыманне жыцця ў лагеры. — Добра, што тут няма гарадскіх пацех. Нарэшце можна выйсці з сацыяльных сетак. Хоць і пісаў Рыгор Барадулін: «трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем», але ж з сучаснага дому трэба наадварот збягаць часцей, «каб не страціць святое штосьці».

А найлепшым паказчыкам таго, ці будуць нашы дзеці хацець атрымаць археалагічную рамантыку ў спадчыну і працягнуць наш энтузіязм, будзе, калі яны наступным годам скажуць: «А паехалі ізноў у ПАЛ».

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...