20 Верасень, чацвер

Вы тут

«Альбярцін» — найстарэйшы брэнд Беларусі*


Сёння назва гэтага прадпрыемства ў людзей недасведчаных можа і не выклікаць ніякіх асацыяцый: ААТ «Слонімскі кардонна-папяровы камбінат «Альбярцін». Але на самай справе толькі работнікі гэтага камбіната з гонарам могуць сказаць, што двухвекавая гісторыя іх прадпрыемства і гісторыя Беларусі перапляліся настолькі, што іх нельга раз'яднаць.


Папяровая фабрыка ў Слоніме была пабудавана ў 1806 годзе графам Войцехам Пуслоўскім адразу пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Першапачаткова гэта была класічная еўрапейская мануфактура таго часу, адзіным адрозненнем якой ад падобных вытворчасцяў у Еўропе было тое, што яна размяшчалася ў непасрэднай блізкасці ад палаца гаспадара вытворчасці. Палац Пуслоўскіх узведзенны на набярэжнай возера. У доме для чэлядзі, які стаяў за палацам, сёння знаходзіцца спартыўны клуб, а ў былых стайнях размяшчаецца забаўляльны цэнтр з рэстаранам.

Сваёй назвай цяперашні камбінат абавязаны сыну графа Альбярціну Пуслоўскаму, да яго гібелі сядзіба насіла назву Юрзнікі. Аб прычынах яго смерці захавалася легенда, згодна з якой Альберт выпадкова патануў у возеры разам са сваёй дачкой. Работнікі Альбярцінскага забаўляльнага цэнтра расказваюць сваім наведвальнікам, што па дарозе на работу ў начную змену яны бачылі прывід дзяўчыны.

Галоўны дырэктар — АНТОНІК Мікалай Уладзіміравіч.

Увогуле ў Слонімскім раёне багата легендаў і міфаў. Адна з іх распавядае, як граф Пуслоўскі, вяртаючыся ў свой маёнтак, трапіў пад навальніцу. Побач з дарогай ляжаў вялікі валун. Граф выйшаў з карэты і схаваўся пад казырок валуна. У гэты момант ударыла маланка і раскалола камень напалам. У знак таго, што камень захаваў яму жыццё, Пуслоўскі загадаў прывезці яго ў свой маёнтак. Рабочыя, спрабуючы дастаць валун, выкапалі чатырохметровую яму, але да падножжа каменя дакапацца так і не змаглі. Тут паставілі крыж, які з часам знік, але камень застаўся. Цяпер яго нярэдка называюць Каменем закаханых.

Самым прывабным месцам у Альбярціне з'яўляецца набярэжная возера, дзе найбольш маляўнічы — масток каля вадаспада. Тут пабудавана і ўведзена ў строй летась першая ў Гродзенскай вобласці прыватная гідраэлектрастанцыя. Карта са спадарожніка, якую кожны з нас можа паглядзець у інтэрнэце, паказвае Альбярцінскае возера, што ў паменшаным памеры нагадвае карту Беларусі. Варта адзначыць, што сур'ёзная рэканструкцыя і аднаўленне сядзібы Пуслоўскіх пачаліся толькі ў постсавецкія часы. Гэта выглядае парадаксальна, але ўсё ж застаецца фактам, што яшчэ ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя падобныя сядзібныя пабудовы былі ў вельмі занядбаным стане. Усім вядомы фільм з трылогіі Анатоля Рыбакова «Бронзавая птушка» прыйшлося здымаць у Літве ў сядзібе Балінскіх.

Але ўсяму, што можна наглядна ўбачыць сёння, пасёлак Альбярцін абавязаны кардонна-папяроваму камбінату. У тым выглядзе, у якім мы прывыклі яго бачыць і ўспрымаць сёння, з усім вядомым таварным знакам — ласём, які рвецца ўвысь. Прадпрыемства пачало сваю дзейнасць у 1927 годзе з вытворчасці кардону. У савецкі час, практычна да самага распаду СССР, слонімскі камбінат быў манапалістам па вытворчасці каляровага пераплётнага кардону. Многія памятаюць яго прадукцыю хоць бы па тых кнігах, што выдаваў Мінскі паліграфкамбінат, які лічыўся адным з самых буйных і перадавых у савецкі час. Як і ўсе прадпрыемствы падобнага профілю, на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя Слонімскі кардонна-папяровы камбінат «Альбярцін» зведаў нямала цяжкасцяў пры пераходзе да рынку. У 1995 годзе камбінат быў пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства «Слонімскі кардонна-папяровы завод «Альбярцін».

Змены на сусветным рынку вырабаў папяровага профілю, падзенне попыту на друкаваную прадукцыю вызначылі на камбінаце сур'ёзную рэканструкцыю па ўсіх кірунках. Сённяшні спектр выпускаемай прадукцыі толькі па кардоне складае больш за дваццаць найменняў і пазіцый. Сур'ёзныя змены адбыліся і ў вытворчым блоку, які выпускае паперу. Замест традыцыйнай папяровай прадукцыі перавага аддаецца выпуску паперы, якая выкарыстоўваецца ў якасці ўпакоўкі, з рознымі ступенямі абароны ад вільгаці, і вялікаму спектру прадукцыі санітарна-тэхнічнага прызначэння: паперы гафрыраванай, пачкавай двухслаёвай, упаковачнай, парафінаванай, для вытворчасці сурвэтак, вільгацетрывалай санітарна-гігіенічнага прызначэння.

Засталіся традыцыі і двухвекавы брэнд, які выклікае зацікаўленасць у пакупнікоў. Сплаў творчасці і вопыту, сістэмны падыход да ўсіх праблем сучаснага жыцця, ідэальнае месцазнаходжанне па лагістыцы дазваляюць упэўнена глядзець не толькі ў заўтрашні дзень, але і на многія гады наперад.

*УНП 500040691

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.