Вы тут

Архітэктар душы


Рэжысёр Эмір Кустурыца распавёў пра асаблівасці ўласнай творчасці і падзяліўся думкамі пра Беларусь


Асоба Кустурыцы, безумоўна, знакавая для прыхільнікаў кінематографа ўсяго свету. Яго называюць чалавекам-легендай альбо «балканскім Феліні». На кінапрэм’еры рэжысёра збіраюцца поўныя залы, а знакамітыя артысты часта прызнаюцца, што мараць здымацца ў яго філасофска-эксперыментальных кінапастаноўках. Сёлета ў Віцебску адбылося сапраўднае свята: у межах XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» таленавіты рэжысёр прыехаў у Беларусь, каб прэзентаваць у горадзе над Дзвіной мастацкі фільм «Па млечным шляху» і парадаваць гасцей фестывалю сумесным канцэртам з Горанам Брэгавічам — сваім былым паплечнікам, а цяпер сапернікам. Дарэчы, па выніках фестывалю канцэрт Брэгавіча і Кустурыцы быў прызнаны самым аншлагавым і танцавальным.

А вось драма «Па млечным шляху» ўразіла не ўсіх гледачоў. Напэўна, віцебскі асяродак яшчэ не зусім падрыхтаваны да настолькі сур’ёзнага кіно. Пакуль грамадства ўсё больш выбірае забаўляльны вектар кінематографа. Аднак рэжысёра гэта не засмуціла. Для яго аўтарскае кіно, як ён выказаўся на сустрэчы з гледачамі, унікальны «залаты ключык» да пастаяннай творчай самарэалізацыі. Таму, не сумняваецца рэжысёр, яно будзе заўсёды запатрабавана аўдыторыяй, можа, не такой вялікай, як хацелася б, але яна будзе разумець, што кіно — не проста кадры на экране, а глыбокая эмацыянальная стужка, праз якую раскрываюцца найважнейшыя тэмы існавання чалавека і свету ў цэлым.

— У кінематографе цяпер адзначаецца моцны ўплыў Галівуду, — з адценнем горычы прызнаўся Эмір Кустурыца. — Не ведаю, што будзе праз дзесяць гадоў, але перакананы, што менавіта аўтарскае кіно застанецца назаўсёды, бо яго мэта — закрануць глыбінныя струны душы, выклікаць моцныя эмоцыі і перажыванні, прымусіць думаць.

Кінастужка «Па млечным шляху» раскрывае гісторыю кахання салдата, які вярнуўся з вайны, і дзяўчыны, якая яго дачакалася. Эмір Кустурыца — рэжысёр і аўтар сцэнарыя стужкі — сыграў і галоўнага героя. А галоўную жаночую ролю выканала італьянская кіназорка Моніка Белучы. Здавалася б, такія розныя акцёры складана ўпісваюцца ў адным сюжэце. Але ж Эмір Кустурыца якраз і славіцца ўменнем спалучаць неспалучальнае.

На сустрэчы рэжысёр заўважыў, што гэты фільм быў для яго вельмі цяжкім і доўгім. Падзяліўся, што нават Моніка Белучы, досвед якой у акцёрскай прафесіі ўражвае, цяжка перажывала сваю ролю і ў канцы здымак сказала, што складаней працы, чым з Кустурыцай, у яе яшчэ не было. Сам жа творца параўноўвае сваю рэжысуру з архітэктурным працэсам:

— Фільм — гэта канструкцыя, якую людзі адчуваюць душой. А рэжысёр — архітэктар душы. І каб фільм атрымаўся выразны, рэжысёр як архітэктар душы павінен тонка выбудоўваць кожную мізансцэну, умець аналізаваць, праводзіць паралелі і ўвасабляць іх у вобразах і дэталях. Мне не зразумела, калі з’яўляюцца новыя кінастужкі і іх кожны кадр відавочны. Такі падыход, на мой погляд, робіць кінамастацтва штучным і легкадумным.

Паказаць фільм у Віцебску — ідэя невыпадковая. Рэжысёру вельмі падабаюцца славянскія краіны. Ён многа разоў бываў у Расіі, аднойчы прыязджаў на кінафестываль «Лістапад» у Мінск. Віцебск жа яго прываблівае як горад, дзе жыў і працаваў Марк Шагал. Рэжысёр адзначыў, што, толькі наведаўшы горад на Дзвіне, яму стала зразумела, адкуль у творах Шагала столькі рамантызму і лёгкасці.

— Мне падабаецца падарожнічаць і даведвацца асаблівыя дэталі пра культуру розных краін. Калі бываю ў славянскіх дзяржавах, заўсёды ёсць адчуванне, што прыехаў дамоў. Еду ў метро, гляджу ў твары людзей і разумею, што гэта ўсе блізкія мне людзі. Беларусь жа, акрамя таго, што блізкая мне па духу, вельмі прыгожая. Нідзе не бачыў такой чысціні, не адчуваў такога паветра! Вашаму народу ёсць чым ганарыцца і што берагчы. Я з задавальненнем прагуляўся па ваколіцах Віцебска і быў уражаны, як павольна гуляе народ, як ніхто нікуды не спяшаецца. І гэта прыцягвае. З вялікай радасцю яшчэ вярнуся ў Беларусь і, магчыма, наведаю іншыя гарады.

Пасля размовы з рэжысёрам ёсць адчуванне, што балканскі рэжысёр пакарыў беларускае грамадства не толькі прэзентацыяй кінафільма і музычным канцэртам, а харызмай і шчырасцю ў адносінах да ўсяго, што ён робіць. Бо самае галоўнае — не ўбачыць у вачах чалавека абыякавасць. Кустурыца ж зачапіў за жывое, сваімі пазітыўнымі эмоцыямі ён аддзякаваў Віцебску за цёплы прыём.

Вікторыя АСКЕРА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.