Вы тут

Уладзімір Цвірка. Геранёны


Гродзеншчына неверагодна багатая на архітэктурныя помнікі. Але перш за ўсё спяшаюся ў былое мястэчка Геранёны, што ў Іўеўскім раёне. І адразу — да самай старажытнай пабудовы на ўскрайку гэтай вёскі. Прыблізна ў канцы XV стагоддзя тут правялі грандыёзныя земляныя работы па ўзвядзенні высокіх абарончых валоў ды выкапалі глыбокія рвы. Пад іх надзейнай аховай узняўся мураваны замак.


У 1433 годзе вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч падарыў Геранёны Яну Гаштольду. Праз шесцьдзясят гадоў у каштоўных паперах было пацверджана валоданне паселішчам з усёй яго маёмасцю канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Войцехам Гаштольдам.

Трохі больш за стагоддзе гэты магнацкі род валодаў і каменным замкам, і былым мястэчкам з ваколіцамі. З 1542 года гэта ўжо маёмасць караля Жыгімонта І, а з пачатку ХVІІ стагоддзя тут гаспадарыў шляхецкі род Пацаў. Вядомы сумныя старонкі з жыцця гэтых мясцін. Так, у сярэдзіне таго ж стагоддзя, падчас спусташальнай вайны з Масковіяй, і само паселішча, і замак былі разбураныя і разрабаваныя. Толькі праз нейкі час каменныя сцены аднавілі. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя пачынаецца заняпад замка, што прывяло да яго канчатковага разбурэння. На акварэльных малюнках Напалеона Орды яшчэ відаць рэшткі палаца. Сёння толькі невялічкая частка адной з абарончых вежаў узвышаецца над зямлёй на старажытным замчышчы.

Нават у такім стане руіны замка, земляныя равы і валы ўражваюць. На штучнай выспе, якая паднялася ў самым цэнтры замчышча за кошт выкапанай з равоў зямлі, можна ўбачыць тое, што засталося ад некалі магутнага каменнага волата. У абрамленні высокіх валоў, якія ўздымаюцца на вышыню да 10—15 метраў, на кутах сцен панавалі каменныя вежы, абліцаваныя звонку гартаванай цэглай.

Калі б нават трохі прывесці ў парадак равы і валы замчышча, тую тэрыторыю, дзе захаваліся руіны вежаў, адкрыць падвальныя памяшканні, якія, можа, яшчэ захаваліся, ці астаткі велічных падмуркаў, было б яшчэ больш таго, што можна паказаць і сваім, і замежным турыстам. Абсталяваць сюды сцежку, можа, зрабіць відавую пляцоўку.

Пакуль жа гэтае старажытнае збудаванне цягне сваё існаванне ў зарасніках хмызняку пад вершалінамі стагадовых дрэў. І вандроўнік толькі выпадкова, аглядаючы мясцовы касцёл, прыкмячае вузкую сцежку, якая вядзе праз земляны вал у мінулае, да Гаштольдава замка.

Неўзабаве я ўжо каля сцен другой архітэктурная каштоўнасці Геранён — Мікалаеўскага касцёла, таксама немаленькага ўзросту, бо яго будоўля распачалася тут, зусім побач з валамі старадаўняга замка, у 1529 годзе. Першапачаткова гэта быў не касцёл, а невялічкая каталіцкая каплічка. Вось у гэтым і ёсць, на мой погляд, адметная і вельмі цікавая рыса святыні.

Але ўсё па парадку. Выгляд, які мае касцёл сёння, фарміраваўся на працягу амаль чатырох стагоддзяў. Спачатку пабудавалі капліцу на сродкі тагачаснага віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. Падчас страшэннага пажару 1779 года, які ахапіў і капліцу, у ёй нанава ўзвялі дах, столь і вокны. Амаль праз сто гадоў да галоўнага памяшкання капліцы дабудавалі сакрысцію і алтарную частку. Трохі пазней, у 1883 годзе, да фасада святыні далучыўся прытвор. У пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя, пасля маштабнай рэстаўрацыі, касцёл набыў тыя рысы архітэктуры позняга барока з элементамі рэнесансу і готыкі, якія мы бачым сёння. З

Значныя змяненні ў агульным выглядзе храма, праца майстроў розных пакаленняў, нават матэрыялы, якія выкарыстоўваліся, — усё гэта толькі палепшыла, узбагаціла і ўпрыгожыла святыню. Вялікая адказнасць і прафесійны ўзровень будаўнікоў, іх сумленнае стаўленне да працы — і вось вынік ва ўсёй велічы. Так бы і сучасным будаўнікам ды рэстаўратарам аднаўляць архітэктурныя помнікі! Каб не было сорамна перад будучымі пакаленнямі.

Акрамя касцёла і руін замка ў Геранёнах захаваліся рэшткі сядзібы КорвінМілеўскіх: фрагменты ўязной брамы, будынкі малочнай і лядоўні. Добра захавалася пабудова адной з афіцын, якая доўгі час выкарыстоўвалася як свіран. Па адной з версій, афіцына задумвалася як карцінная галерэя, стаць якой ёй так і не давялося. Яшчэ няблага глядзіцца сядзібны пейзажны парк, у якім ёсць двухсотгадовыя ліпы, перад якімі пракацілася столькі цікавых падзей з жыцця былога мястэчка!..

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.