Вы тут

Беларусь прыняла этап Еўралігі па пляжным футболе


Крыху больш за тыдзень таму ў сталіцы на тэрыторыі спартыўна-аздараўленчага комплексу «Алімпійскі» быў адкрыты Нацыянальны стадыён па пляжным футболе. Старт яго будаўніцтву быў дадзены 2 чэрвеня, каб аб'ект стаў функцыянаваць, спатрэбілася ўсяго паўтара месяца.


Стадыён

Сярод васьмі пляцовак для пляжнага футбола ў краіне (на цяперашні момант яны ёсць у Барысаве, Віцебску, Кіраўску, Мазыры, Маладзечне, Слоніме і Шчучыне) стадыён у Мінску з'яўляецца самым сучасным. Ён створаны ў форме падковы, трыбуны новага аб'екта здольныя размясціць паўтары тысячы гледачоў. Асаблівасцю новага стадыёна з'яўляецца тое, што ён пабудаваны з максімальным набліжэннем глядацкіх трыбун да гульнявой зоны. Сама пляцоўка адпавядае ўсім патрабаванням Міжнароднай федэрацыі пляжнага футбола, у ходзе будаўніцтва спецыялісты гэтай арганізацыі далі беларусам шэраг рэкамендацый. «Ёсць пэўныя крытэрыі, якія датычацца размяшчэння стадыёна, яго ёмістасці і магчымасці правядзення тэлетрансляцый, — расказвае старшыня Беларускай федэрацыі пляжнага футбола Аляксей Сычоў. — Ёсць патрабаванні да інфраструктуры і пяску. Таўшчыня пяску на нашым стадыёне 40 см, ён спецыяльны — кварцавы. Для таго каб мы маглі яго тут выкарыстоўваць, адпраўлялі пясок на сертыфікацыю ў канадскую лабараторыю і атрымалі адтуль самую высокую ацэнку».

Сёння мінскі стадыён з'яўляецца не толькі найлепшым у краіне, але і адным з самых сучасных у Еўропе, гэта асабліва важна цяпер, таму што арэна ў наступным годзе стане адной з пляцовак, на якой пройдуць спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў. «Стацыянарныя стадыёны, як правіла, будуюцца да чэмпіянатаў свету альбо Еўрапейскіх гульняў, падобны стадыён ёсць у Баку, астатнія еўрапейскія пляцоўкі — гэта зборна-разборныя канструкцыі, якія збіраюцца, як будаўнічыя рыштаванні, толькі да спаборніцтваў», — адзначае Аляксей Сычоў.

Важна і тое, што, як запэўніваюць у федэрацыі, пасля буйных спаборніцтваў арэна не будзе пуставаць, плануецца правядзенне на ёй турніраў рознага ўзроўню, а таксама трэніровак аматарскіх каманд. Акрамя таго, з'яўленне новага стадыёна можа стаць штуршком для таго, каб у сталіцы ў хуткім часе з'явіўся моцны прафесійны клуб па пляжным футболе.

Еўрапейскія гульні

Гэты від спорту быў уключаны ў праграму Еўрапейскіх гульняў ужо ў Баку, праўда, тады беларуская каманда не змагла адабрацца на турнір. Правілы адбору былі аналагічныя цяперашнім, па выніках Еўралігі на гульні атрымалі пуцёўкі шэсць найлепшых дружын, наша нацыянальная зборная ў 2015 годзе заняла сёмае месца. Пропуск у Мінск таксама аўтаматычна атрымаюць шэсць найлепшых зборных па выніках розыгрышу цяперашняй Еўралігі, плюс каманда краіны-гаспадыні, гэта значыць Беларусі, і калектыў, які стане найлепшым па выніках розыгрышу Еўралігі ў групе В. Такім чынам, сёлета каманды, гуляючы Еўралігу, не толькі змагаюцца за тое, каб перамагчы на гэтым турніры, але і каб атрымаць пуцёўку на Еўрапейскія гульні 2019 года.

«Тое, што пляжны футбол уключаны ў праграму Еўрапейскіх гульняў, вельмі знакава для нас, — гаворыць старшыня Беларускай федэрацыі. — Гэта пэўная ўвага з боку дзяржавы, дадатковыя магчымасці фінансавання і паляпшэнне трэніровачнага працэсу і, перш за ўсё, вядома, гэта папулярызацыя нашага віду спорту. Чым больш жыхароў Беларусі будуць бачыць такі выдатны і відовішчны спорт, як пляжны футбол, тым больш мы атрымаем таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў будучыні складуць аснову нацыянальнай каманды».

Тое, што Еўрапейскія гульні — гэта шанц праявіць сябе, адзначыў і намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Барауля. «У 2018 годзе ў Беларусі была афіцыйна створана нацыянальная зборная каманда па пляжным футболе, і гэта адна з формаў падтрымкі віду спорту з боку дзяржавы пры падрыхтоўцы да мультыспартыўнага форуму. Традыцыі, якія закладуць на ім, будуць мець вялікае значэнне ў будучыні», — падкрэсліў ён.

Еўраліга

На мінулых выхадных адбылася гістарычныя падзея, адразу пасля адкрыцця новага стадыёна Беларусь упершыню ў сваёй гісторыі прыняла этап Еўралігі па пляжным футболе. Гэты турнір лічыцца галоўным спаборніцтвам кантынента, можна сказаць, ён і ёсць чэмпіянат Еўропы. Да гэтага этапы цяперашняй Еўралігі прайшлі ў Азербайджане, Партугаліі і Расіі, пасля чацвёртага, мінскага, у канцы жніўня адбудзецца заключны пяты этап у Германіі. Па выніках гэтых стадый вызначыцца васьмёрка наймацнейшых камандаў, якія трапяць у суперфінал, ён традыцыйна праходзіць у верасні ў Італіі.

«Для Беларусі прыняцце такога турніру, як Еўраліга — гэта пэўны этап развіцця пляжнага футбола, гэта вельмі важна ў папулярызацыі гульні і падтрымцы нашай нацыянальнай зборнай. Наяўнасць стадыёна, які адпавядае ўсім еўрапейскім стандартам, кажа пра тое, што мы можам праводзіць тут спаборніцтвы самага высокага міжнароднага ўзроўню», — адзначае старшыня Беларускай федэрацыі.

На дамашнім этапе беларуская зборная, якой ужо другі сезон кіруе іспанскі спецыяліст Нікалас Альварада, паказала выдатную гульню, перамогшы ва ўсіх трох матчах, наша дружына размясцілася на першым радку. Беларусы былі мацнейшымі за палякаў, туркаў і італьянцаў, гэты поспех дазволіў нашым суайчыннікам прабіцца ў суперфінал. Адзначым, што там найлепшым вынікам беларускай зборнай пакуль з'яўляецца пятае месца. «У нашай зборнай вельмі добрая рэпутацыя ў Еўропе, — адзначае Аляксей Сычоў. — За апошнія шэсць гадоў мы зрабілі добры скачок уверх, да гэтага наша каманда гуляла ў дывізіёне В і знаходзілася дзесьці на 20-х пазіцыях у рэйтынгу. Цяпер мы 5-6-я, поруч з такімі аўтарытэтнымі элітнымі зборнымі, як Партугалія, Расія, Іспанія, Швейцарыя. Вядома, нам ёсць над чым працаваць, перш за ўсё, гэта развіццё дзіцяча-юнацкага футбола, жаночага пляжнага футбола, але думаю, у нас усё атрымаецца. Я ўпэўнены, што пляжны футбол — адзін з самых відовішчных відаў спорту і па вопыту міжнародных спаборніцтваў магу сказаць, што ў свеце вельмі шмат аматараў гэтай гульні, галоўнае ўбачыць яе на свае вочы хоць бы раз — пабываўшы на матчы, людзі ўжо не застануцца абыякавыя».

Правілы

Пляжны футбол — гульня сапраўды відовішчная, што і гаварыць па статыстыцы ў сярэднім мяч улятае ў сетку варот раз у 3-4 хвіліны, сярэдняя выніковасць матча — каля 11 забітых мячоў. Яго правілы падобныя са звычайным футболам, аднак асаблівае значэнне тут мае тэхніка валодання мячом і хуткасць перамяшчэння па вязкай паверхні, для гэтага гульцы часта падымаюць мяч. Гэта дазваляе футбалістам імправізаваць і выкарыстоўваць прыгожыя тэхнічныя прыёмы, напрыклад, удары ў падзенні цераз сябе. З-за параўнальна невялікіх памераў гульнявога поля (28 на 37 метраў) футбалісты могуць забіць гол практычна з любога становішча, нават прамым ударам ад сваіх варот. Адпаведна, за матч, які, дарэчы, складаецца з трох адрэзкаў (кожны па 12 хвілін), можна ўбачыць каля 60 удараў па варотах саперніка, для параўнання, у вялікім футболе 20 удараў па варотах на абодвух сапернікаў лічыцца прыстойным паказчыкам.

На працягу ўсяго матча на стадыёне гучыць бадзёрая музыка, а ў перапынках на пляцоўцы танцуюць гарачыя дзяўчаты з групы падтрымкі. Сапраўды, пабываўшы на такім матчы адзін раз, наўрад ці хтосьці застанецца абыякавы.

Гістарычная даведка

Пляжны футбол зарадзіўся ў Бразіліі і вырас да ўзроўню віду спорту міжнароднага значэння. Удзел у спаборніцтвах вядомых спартсменаў з вялікага футбола, такіх як француз Эрык Кантана, іспанцаў Мігеля і Хуліа Салінаса і бразільцаў Рамарыа, Жуніёра і Зіка спрыяла пашырэнню тэлевізійнага асвятлення — пляжны футбол сталі паказваць у 170 краінах свету. Гэта зрабіла від спорту адным з тых, якія найбольш дынамічна развіваюцца ў свеце, і прыцягнула вялікую колькасць рэкламы і спонсараў. Прыхільнікі пляжнага футбола чакаюць, што хутка ён можа быць уключаны ў алімпійскую праграму.

— Кожная каманда складаецца з пяці гульцоў (чацвёра палявых і варатар).

— Каманда можа рабіць неабмежаваную колькасць замен падчас матча (на лаўцы запасных бывае, як правіла, ад 3 да 5 запасных гульцоў).

— У пляжным футболе няма нічыіх. Пасля асноўнага часу прызначаецца дадатковы перыяд — 3 хвіліны «залатога гола», калі ніхто не заб'е — прызначаецца серыя пасляматчавых пенальці.

— Кожны фол прыводзіць да прызначэння штрафнога ўдару. Яго наносіць гулец, супраць якога былі парушаныя правілы.

— Футбалісты гуляюць басанож. Дазваляюцца ахоўныя павязкі галёнак і каленяў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Футбол на пяску

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.

Грамадства

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

У лістападзе ў Мінску пройдзе Беларускі тыдзень моды.