Вы тут

Мікалай Радзівіл Руды. Жыццёвы шлях


Гэты «хрестианский, справедливый и цнотливый пан», як казалі пра Мікалая Радзівіла па мянушцы Руды сучаснікі, меў дачыненне да кожнай значнай падзеі ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XVІ стагоддзя. Польскі паэт Францішак Градоўскі ўсхвалёвана пісаў пра славутага гетмана з Літвы: «Нават калі б у мяне было сто языкоў і сто вуснаў, жалезны голас, я не змог бы пералічыць усе бітвы, якія вёў гэты пераможца з узнятым мячом па варожых палях». Мікалай Руды са славай працягнуў ваенную традыцыю свайго бацькі вялікага гетмана Юрыя Радзівіла, якога за шматлікія перамогі над ворагам назвалі Літоўскім Геркулесам. Родны брат каралевы Барбары Радзівіл, ён адыгрываў важную ролю і ў дзяржаўным жыцці ВКЛ.


Самую бліскучую перамогу Мікалай Руды атрымаў у бітве з маскоўскім войскам на рацэ Уле. Пасля заваёвы Полацка ў 1563 годзе Іван Грозны на пачатку 1564-га рушыў на ВКЛ дзве раці. Першая ў 20 тысяч ваяроў выйшла з Полацка, а другая, 50-тысячная, выступіла з Вязьмы, і каля Оршы яны мусілі злучыцца, а пасля ісці ўглыб Літвы аж да Вільні, авалодаўшы па дарозе Менскам і Навагрудкам. Відавочна, што цар хацеў заваяваць Літву. Гэта быў адзін з самых небяспечных перыядаў у гісторыі ВКЛ. У гэты час польская шляхта і панства дамагаліся ад караля і адначасова вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста далучэння ВКЛ да Польскага Каралеўства. І адгэтуль, і адтуль Літве пагражала знішчэнне яе дзяржаўнага суверэнітэту. Той самы момант, калі правадыр войска ВКЛ не меў права на памылку, а тым больш на паражэнне.

Вялікі гетман Мікалай Руды на чале шасці тысяч воінаў выступіў насустрач ворагу — раці на чале з ваяводам князем Пятром Шуйскім. «І хаця ў параўнанні з непрыяцелем я быў слабы, але сорам і ганьба, што выпалі мне і ўсяму нашаму народу і нашаму імені забраннем у нас горада і вобласці Полацкай, заахвоцілі мяне выступіць супраць ворага і паблізу самой Улы сустрэцца з ім твар у твар, што і адбылося ў сераду 26 студзеня», — успамінаў Мікалай Руды. Ягонае войска смела атакавала ворага. Радзівіл умелымі манеўрамі і своечасовымі падмацаваннямі не даваў магчымасці непрыяцелю дабіцца поспеху ні на адным з участкаў бітвы. Доўгі час ні адзін з бакоў не меў перавагі. Вырашальнымі ў гэтай бітве сталі баявы дух і мужнасць ліцвінаў — яны змагаліся за Радзіму. Ліцвіны «мужнасцю сваёй збілі непрыяцеля з месца». З набліжэннем цемры вораг не вытрымаў і пабег з поля сечы. Сам Пётр Шуйскі ратаваўся ўцёкамі, але і ён загінуў ад сякеры нейкага селяніна.

Гэтая перамога выратавала ВКЛ ад варожага нашэсця. Другая маскоўская раць, даведаўшыся аб паражэнні палкоў Шуйскага, паспешліва пачала адступаць да Смаленска, пакінуўшы ўвесь абоз у некалькі тысяч вазоў. Грандыёзнае нашэсце ганебна правалілася.

Перамога каля Улы сарвала планы палякаў прывесці ВКЛ да ўніі з Польскім каралеўствам. Кіраўнік ліцвінскай дэлегацыі Мікалай Радзівіл Чорны на Варшаўскім сойме, атрымаўшы вестку аб перамозе пад Улай, адмовіўся ад «нягоднай уніі» з Польшчай. Подзвіг Мікалая Радзівіла Рудога і ягоных мужных вояў апеў паэт Андрэй Рымша ў сваёй славутай паэме «Радзівіліяда», у якой гетман паўстае гераічным абаронцам сваёй краіны. У асобе Мікалая Радзівіла паэт бачыць узор рыцарскай годнасці і высакароднасці, ён як рыцар свабоды і справядлівасці супрацьстаіць нікчэмнаму і вартаму жалю нявольніку ўлады, крываваму тырану свайго народа цару Івану Грознаму.

У часы, калі Рэч Паспалітая знаходзілася без каралеўскай улады, Мікалай Руды («Вялікі і найпярвейшы сенатар і патрыёт, які горача любіць сваю айчыну») па сутнасці кіраваў ВКЛ. Ён ясна ўсвядоміў тую вялікую адказнасць за лёс краіны і народа, якую ўсклала на яго гісторыя. «Дзеля дабра краю» ваявода віленскі і канцлер Мікалай Радзівіл не шкадуе сваіх сіл і гатовы на самаахвярнасць. У 1578 годзе шляхта і магнатэрыя ВКЛ пажадала, каб Руды ўзначаліў войска. Нягледзячы на паважны ўзрост, калі ўжо хочацца спакою, Радзівіл, як ён прызнаўся, «тую працу и владность гетманства великого в той потребе и небезпечности речи посполитое на себя принял». Новы гаспадар Стафан Баторый разлічваў на маральны аўтарытэт старога гетмана. Яго прыклад самаахвярнасці мусіў натхніць ліцвінаў на вайну за Полацк. А для Рудога гэтая вайна была справай гонару. Ён вельмі перажываў страту гэтага горада, які ў свой час не змог адваяваць у захопнікаў. І вось дзейны і таленавіты кароль-палкаводзец мабілізаваў усе сілы Рэчы Паспалітай для вяртання Полацка.

Войска ВКЛ пад началам Мікалая Рудога на пачатку жніўня 1579 г. першым падышло да Полацка і ўзяло яго ў аблогу. Высланыя Рудым атрады авалодалі маскоўскімі цвярдынямі Краснае, Казьян і Сітна, блакавалі Сокал, абложаны Полацк пазбавіўся знешняй дапамогі. 30 жніўня маскоўскі гарнізон здаў горад. Такім чынам Полацк зноў быў вернуты ВКЛ, а сам Мікалай Руды змог пазбавіцца ад пакут сумлення за сваю былую няўдачу пры абароне гэтага горада.

Кіраваў Мікалай Руды войскам ВКЛ і ў паходзе Стафана Баторыя на Вялікія Лукі. На міласць Рудога здаўся гарнізон моцнага Усвяцкага замка. Маскоўскіх воінаў гетман адпусціў. Падобную хрысціянскую літасць праявіў Руды і пры ўзяцці цвярдыні Азярышча. Таму і праславіўся ён у маскавітаў, як «справядлівы, вялікі і добры пан, які хоча міру». Менавіта яму Стафан Баторый даручыў весці перагаворы з маскоўскімі пасламі. Але яны не прынялі ўмовы міру, і вайна працягвалася. Спатрэбіўся яшчэ адзін паход — на гэты раз на Пскоў.

Узяць Пскоў было відавочна не па сілах войску Рэчы Паспалітай. А моцныя маразы і голад былі больш небяспечныя за варожую зброю. Руды настойваў на спыненні аблогі і мірных перагаворах з маскавітамі. Стары вопытны палітык і воін разумеў, што няўдалая аблога, а то і ўвогуле паражэнне, можа прывесці да больш сумных вынікаў. Трэба было скарыстацца прапановай цара аб міры, з якой той звярнуўся да Рудога. І Баторый пад ціскам Рудога пайшоў на перагаворы. Нарэшце, 15 студзеня 1582 года каля Яма-Запольскага быў заключаны мір паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім царствам. Закончылася доўгая і разбуральная Лівонская вайна, якая доўжылася 19 гадоў. Вялікае Княства Літоўскае не толькі выстаяла, але і адваявала занятыя ворагам землі. Сярод гучных эпітэтаў і праслаўленняў, якімі асыпалі героя гэтай вайны Мікалая Рудога ўдзячныя суайчыннікі, самымі выразнымі падаюцца радкі з паэмы Яна Радвана «Радзівіліяда», дзе гаворыцца, што сваёй непахіснаю верай у перамогу Мікалай Радзівіл натхніў ліцвінаў на барацьбу з ворагам.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».