Вы тут

Новыя стандарты продажаў


Вытворцы і распаўсюджвальнікі друкаваных СМІ абмеркавалі актуальныя маркетынгавыя падыходы

Пытанні распаўсюджвання перыядычнага друку ва ўмовах развіцця лічбавых тэхналогій і абвастрэння канкурэнцыі абмеркавалі ў Доме прэсы. На сустрэчы падчас семінара-практыкума, арганізаванага Саюзам выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі сабраліся прадстаўнікі аддзелаў продажаў і маркетынгу найбуйнейшых арганізацый па распаўсюджванні перыёдыкі і прадстаўнікі цэнтральных друкаваных СМІ. Яны абменьваліся вопытам, як зрабіць інфармацыю больш даступнай і выбудаваць эфектыўныя лагістычныя ланцужкі ад рэдакцыі да чытача.


У сваім прывітальным слове міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што, нягледзячы на ўсе складанасці, рынак перыядычнага друку застаецца досыць ёмістым і будзе працягваць развівацца. Пацвярджэнне таму — агульны разавы тыраж беларускай прэсы, які складае больш за 9 млн экзэмпляраў. На думку міністра, сёння важна выбудаваць сучасны і эфектыўны рынак друкаванай прадукцыі ў краіне. Гэтага можна дасягнуць у больш цеснай і сумеснай рабоце распаўсюджвальнікаў і вытворцаў друкаваных СМІ.

Па словах старшыні Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку Ліліі Ананіч, цяпер у «Белсаюздруку» з'явіліся новыя канкурэнты ў выглядзе гандлёвых сетак. Яна нагадала, што ў былыя часы ўдзельная вага друкаванай прадукцыі ў тавараабароце «Белсаюздруку» была больш за 50 %. А каб у век інфармацыйных тэхналогій інавацыі служылі ў тым ліку і распаўсюджванню друку, іх неабходна эфектыўна выкарыстоўваць. Напрыклад, для адсочвання таго, што прадаецца сёння ў тым ці іншым рэгіёне.

Намеснік дырэктара «Белсаюздрука» Святлана Ніканава адзначыла, што падзенне рынку перыядычных выданняў — агульнасусветная тэндэнцыя, якая працягваецца паўсюдна.

«Паводле ацэнак экспертаў, падзенне рынку носіць зацяжны характар і ў найбліжэйшыя некалькі гадоў не спыніцца. Асноўнымі прычынамі гэтага з'яўляюцца імклівы рост лічбавага сегмента, развіццё інтэрнэту, удасканаленне гаджэтаў і праграмнага забеспячэння. Адбываецца адток рэкламадаўцаў», — растлумачыла Святлана Ніканава.

Але разам з тым, паводле яе слоў, калі раней папяровая перыёдыка разлічвала выключна на дзяржпадтрымку, сёння ў выданняў ёсць імкненне выйсці за звыклыя рамкі, каб стаць бліжэйшымі да чытача і цікавейшымі для рэкламадаўцаў.

З пункту гледжання прадаўцоў перыёдыкі, палепшыць становішча спраў можа аб'яднанне буйных распаўсюджвальнікаў, што паменшыць лагістычныя выдаткі.

Так, на 1 студзеня 2018 года ў дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў краіны ў якасці распаўсюджвальнікаў зарэгістравана 1608 суб'ектаў гаспадарання. З іх 134 (8,3 %) — дзяржаўныя, а 1474 — (91,7 %) суб'екты недзяржаўнай формы ўласнасці. Каля 43,2 % ад агульнай колькасці распаўсюджвае друкаваную прадукцыю ў Мінску, 56,8 % — у абласцях.

Па словах намесніка дырэктара «Белсаюздрука», аб'яднаная гандлёвая сетка да канца года будзе налічваць каля 1200 аб'ектаў у Мінску і абласцях. У сеткі будзе адзіны пазнавальны стандарт.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?