Вы тут

Горад — прыцягальны для моладзі і камфортны для жыцця


Анатоль Козел чатыры месяцы таму прызначаны старшынёй Крупскага райвыканкама. Здавалася б, не такі і працяглы тэрмін. Але ў раёне шмат робіцца, каб жыццё людзей стала больш зручным і камфортным. Пра планы на будучыню і шмат іншага новы кіраўнік расказаў «Звяздзе».


Фота: БЕЛТА

— Анатоль Станіслававіч, вашы папярэднікі нямала зрабілі для развіцця Крупскага раёна. Вы, як новы чалавек са свежымі поглядамі, на што звярнулі ўвагу і з чаго пачалі сваю дзейнасць?

— У нашай рабоце няма другасных пытанняў. Сацыяльна-эканамічнае развіццё — працэс комплексны, у якім усё ўзаемазвязана. Я ўпэўнены, што крокі паступальнага развіцця будуць там, дзе кіраўнік, як галоўны стратэг, каардынуе ўвесь комплекс напрамкаў і задач. Да гэтага імкнуся сам, на гэта нацэльваю сваіх калег. Да таго ж лічу найбольш эфектыўнымі падыходамі ў рабоце — арганізаванасць, дакладны парадак і планамернасць. Так, у штодзённай рабоце заўсёды з'яўляюцца непрадбачаныя сітуацыі, якія неабходна вырашаць аператыўна. Але асновай для дзеянняў павінен быць
рэальны, вылічаны план, выкананне якога дазволіць падымацца па лесвіцы сваіх жа спраў на новую, больш высокую, ступень. На гэта ў першую чаргу і звяртаю ўвагу ўсіх кіраўнікоў і выканаўцаў.

— Што ўдалося зрабіць з таго часу, як заступілі на новую пасаду?

— У раёне актыўна ідзе навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. У гэтую работу ўцягнуты ўсе. Асноўная роля тут адводзіцца органам мясцовага самакіравання, якія адказваюць за свае тэрыторыі. Канкрэтныя задачы пастаўлены перад прадпрыемствамі і арганізацыямі. Па сваёй сутнасці добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі  — гэта не проста прыборка тэрыторый. Гэта — стан дарог, крыніц водазабеспячэння, міні-палігонаў, могілак, аб'ектаў інфраструктуры, рацыянальнае выкарыстанне зямлі і гэтак далей. Распрацаваны, скарэктаваны графік работы службаў, пачалося будаўніцтва новай водаправоднай сеткі ў адным з мікрараёнаў. Усё нацэлена на тое, каб беражлівыя адносіны да сваёй зямлі сталі пытаннем асабістай адказнасці кожнага крупчаніна.

У раёне ўзводзіцца жыллё, апошні прыклад — 40-кватэрны жылы дом. Людзі маюць магчымасць для індывідуальнага будаўніцтва. У цэлым народнагаспадарчы комплекс працуе ў штатным рэжыме.

Праблем, канешне, шмат, але яны вырашаюцца. Мы ў тэрмін правялі сяўбу, цяпер убіраем ураджай, працуем без скідак на ўмовы надвор'я.

— Які патэнцыял у раёна і якімі бачыце Крупкі ў перспектыве?

— Раён валодае дастаткова нядрэнным патэнцыялам. Моцнымі нашымі бакамі і перавагай з'яўляюцца развіты аграпрамысловы комплекс, выгаднае геаграфічнае становішча, наяўнасць шэрагу прыродных рэсурсаў для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і паліўнай прамысловасці, добрая забяспечанасць воднымі рэсурсамі. Ёсць нядрэнныя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры.

У планах — рэалізацыя некалькіх буйных інвестыцыйных праектаў, на якія ўскладваем вялікія надзеі. Гэта — будаўніцтва міні-гідраэлектрастанцыі на рацэ Бобр у горадзе Крупкі.

Пяць праектаў ужо рэалізуюцца і плануюцца да выканання на базе адкрытага акцыянернага таварыства «Туршоўка». Галоўны з іх — будаўніцтва цэха па кіпаванні торфу з устаноўкай прэса аб'ёмам 6 м3, лініі сепарацыі і ўладкаваннем галерэі для падачы і транспарціроўкі торфу. Рыхтуюцца і будуюцца фрэзерныя палі для здабычы. Ёсць і іншыя планы. У будучым я бачу Крупкі камфортным для пражывання людзей горадам, горадам цікавым і прыцягальным для моладзі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».