Вы тут

Як сям'я пчаляроў зрабіла аматарскае захапленне мясцовай славутасцю


Убачыць Міхаіла Радзюка за работай — нібы паназіраць за адважным дрэсіроўшчыкам. Не, ніякіх буйных жывёл. Наадварот, падапечныя мужчыны памерам усяго толькі з пазногаць. Але прызнайцеся, мала хто, акрамя вопытнага пчаляра, адважыцца засунуць рукі ў пчаліны дамок.


Во­пыт­ны пча­ла­вод рас­каз­вае  пра кож­ную сям'ю  на пчаль­ні­ку  як пра доб­рых  зна­ё­мых.

Калі загула «Пчолка»

Адкуль з'явілася такое захапленне, Міхаіл і сам дакладна не можа сказаць. Ніхто з родзічаў пчалярствам не займаўся. Па камсамольскай пуцёўцы вясковы хлопец паехаў будаваць Байкал-Амурскую магістраль, а пасля таго як разваліўся Савецкі саюз, вярнуўся на радзіму. Напэўна, тады прыйшла думка пра ўласны пчальнік, які стаў справай жыцця.

Калі нешта падабаецца, то робіш гэта з душой і хочаш падзяліцца з іншымі. Міхаіл далучыў да пчалярскай справы сыноў, жонку, а потым свята на Мядовы спас стала брэндам мясціны, дзе жыве руплівы пчалавод. Штогод у Прудніках — вёсачцы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці — збіраюцца пчаляры і аматары прыроднага ласунку. Ладзяцца канцэрт, гульні і конкурсы, частаванне мядовымі прысмакамі. Дзякуючы добраму прыкладу цяпер і на іншых падвор'ях раёна гудуць пчаліныя раі...

Вольга Радзюк-Сідзіна працуе дырэктарам Прудніцкага сельскага Дома культуры. Жанчына жартуе, што яны з мужам «наймаюць» адно аднаго. На пчальніку яна «на паўстаўкі» дапамагае мужу, а ў розных конкурсах ды святах Міхаіл падтрымлівае аднавяскоўцаў ігрой на гармоніку.

— За кожным клубам павінен быць замацаваны брэнд — нейкае мерапрыемства, каб прасоўваць мясцовасць. Мы з мужам пачалі шукаць, чым жа такім асаблівым нашы Пруднікі вылучаюцца. Думалі-думалі, ажно пакуль наш кіраўнік з раёна не здзівілася: «Дык у вас жа ўжо мядовае свята існуе!» — успамінае Вольга.

Так Дом культуры стаў яшчэ і базай для збору клуба пчалаводаў і аматараў мёду «Залатая пчолка». Удзельнікі прызнаюцца, што некаторыя з іх прыходзілі ў ДК яшчэ да стварэння «Пчолкі» — спяваць у музычным калектыве. Песні нікуды не зніклі, а вось тэматычная накіраванасць у клуба з'явілася, як і папка, куды дырэктар дадае граматы і ўзнагароды калектыву.

Ся­род удзель­ні­каў «За­ла­той пчол­кі» ёсць да­рос­лыя пча­ля­ры, на­шчад­кі пча­ляр­скіх ды­нас­тый, і ма­ла­дыя па­моч­ні­кі, якія па­куль толь­кі пры­гля­да­юц­ца да ра­мяст­ва.

Удзельнікі клуба збіраюцца двойчы на тыдзень на паўтары-дзве гадзіны. Летам, калі для медазбору наступае «гарачая пара», сустрэча можа цягнуцца за поўнач, бо трэба хутка спарадкаваць салодкі прадукт.

— Яшчэ мае бацькі — што мама, што тата — займаліся пчоламі. У школе наступалі канікулы, і мы малыя за восем кіламетраў ішлі да бабкі ў Гліннае. Звыклых «дамкоў»-вулляў тады не было, рой жыў у калодах — «карэнніка́х», як іх тут называлі. Цяпер ужо няма ні бабулі, ні вёскі, дзе яна жыла, а гаспадары трымаюцца за традыцыю, ставяць у сваіх дварах хоць з пяток вулляў, — кажа ўдзельніца клуба Галіна Юльянаўна Паўловіч.

Калектыў умоўна можна раздзяліць на дзве часткі: дарослую і дзіцячую. Калі новенькага ўсур'ёз зацікавіць «салодкая справа», ён пачынае вучыцца на прыкладзе старэйшых. Зімою набіраецца тэорыі ў кнігах, а летам разам з Міхаілам Іванавічам праходзіць «практыку» сярод вулляў. Нядаўна быў выпадак, калі хлопец так загарэўся рамяством, што здолеў далучыць да захаплення яшчэ і бацьку, так што цяпер сям'я Анішчык «пасвіць» на кветкавых лугах свае сем пчаліных сем'яў.

Адзін гаспадар на 180 сем'яў

Насамрэч работа пчаляра нялёгкая. Многія пачынаюць, але гадамі трымаць вуллі застаюцца толькі тыя, хто моцна «захварэў» на справу.

Міхаіл працуе з пчоламі дваццаць сёмы сезон. Напачатку спрабаваў прызвычаіцца да работы ў падсобнай гаспадарцы, але не спадабалася стаўленне да работнікаў. Перайшоў у аграсэрвіс. Тое самае. Урэшце мужчына вырашыў заставацца толькі аматарам і жыць са «сваёй» пасекі. Тым часам у Прудніцкім лясніцтве здарылася няшчасце — за зіму загінуў цэлы пчальнік. Дырэктар лясгаса папрасіў дапамогі ў абазнанага пчаляра. Міхаіл пагадзіўся аднавіць справу і за год спрацаваўся з леснікамі. Кажа, падкупіла стаўленне як работнікаў, так і начальства. Зімой арганізацыя забяспечвае драўнінай, каб можна было майстраваць рамкі і домікі. Леснікі, калі бачаць, што працы замнога, прапануюць дапамогу.

Цяпер на пчальніку побач з лясніцтвам 85 пастаянных «зімніх» пчаліных дамкоў. Яшчэ каля 60 сем'яў знаходзяцца ў летніках — гэта такія пераносныя вуллі, каб пчолы маглі збіраць нектар побач з квітнеючым полем. А ўсяго пад доглядам прудніцкага пчаляра знаходзіцца 180 сем'яў.

«Адчуваеце, які пах?» — пытаецца Вольга.

Паветра на пчальніку сапраўды п'яніць летнімі водарамі кветак, хвоі і мёду. Міхаіл тым часам апранае спецыяльны касцюм, распальвае дымар і падыходзіць да першага дамка.

— Выдаляем мёд цяпер з-за таго, што ў соты трапіў рапс (матэрыял рыхтаваўся ў час цвіцення гэтай расліны. — Аўт.), — тлумачыць пчаляр. — Рапсавы мёд лічыцца самым лепшым па колькасці глюкозы, яе там каля 60 працэнтаў. У Еўропе яго вельмі высока цэняць, але ў нас ён не карыстаецца папулярнасцю, бо па колеры белаваты і мае спецыфічны водар. Акрамя таго, надзвычай хутка крышталізуецца. Для пчалінай сям'і гэта асаблівасць небяспечная, бо, калі такі прадукт пакінуць на зіму, насякомыя не змогуць ім харчавацца. Таму выбіраем рапсавы мёд незалежна ад колькасці — хай бы і паўкілаграма.

Пчаляр здымае з вулля дах, акурвае кораб унутры дымам. Нават у ахоўным касцюме стаяць побач з растрывожаным роем няўтульна. Аднак Міхаіл спакойна дастае рамкі неабароненымі рукамі, а асабліва ўпартых насякомых асцярожна адпіхвае пальцамі. Адначасова пчаляр аглядае соты, рамкі і расказвае пра сваіх улюбёнцаў. Звяртае ўвагу, ці паспелі насякомыя адраіцца, прыкідвае, якія шанцы ў сям'і добра падрыхтавацца да зімы, і нават наколькі яны «дружна» жывуць. Такое адчуванне, што гаворка ідзе пра суседзяў, маўляў, гэта сям'я ў нас маладая, але моцная, і з дабрабытам у яе ўсё ў парадку.

Сям'я Ра­дзю­коў-Сі­дзі­ных па­каз­вае, як вы­да­ля­юць мёд з со­таў.

— Ёсць такая парода пчол — Бакфаст. Яны наогул на пчаляра не рэагуюць, займаюцца сваімі справамі. У мяне збольшага ў вуллях жывуць «карпаткі», таксама добрыя пчолкі, нязлосныя. У гэтай канкрэтнай сям'і ўсяго каля 10—15 тысяч пчол. А калі вулей стары, то там можа быць і да 45 тысяч жыхароў. Гэта цяпер я з імі знайшоў агульную мову, а ў першы час былі няўдачы. Памятаю, як спецыяльна прыходзіў глядзець і слухаць, як пчолы гудуць каля лятка. Ды і цяпер люблю прылегчы побач з вуллем.

У рамястве няма выпадковых людзей

Каб здабыць з сотаў мёд, іх трэба спачатку распячатаць. Вольга счэсвае «накрыўкі» і адначасова расказвае пра сябе:

— З самага пачатку ведала, што выходжу замуж за пчаляра. Міша далучыў да справы сыноў, а я пчол баялася. Мужу прыйшлося быць цярплівым і вынаходлівым. Прывучаў паступова: «Воля, вось тут падтрымай, Воля, вось тут дапамажы...» А як уцягнулася ў работу, то нават падабаецца цяпер.

Летась, як кажуць пчаляры, год быў няўдалы на медазбор. У лясніцтва Міхаіл здаў 758 кілаграмаў прадукту. У спрыяльнае надвор'е ўраджай у пчалавода можа «заскочыць» за тону.

Пакуль чакаем, калі ласунак нацячэ ў посуд, Міхаіл расказвае пра некаторыя застарэлыя міфы з пчалярскай справы і прыадкрывае сакрэт, як выбраць «правільны» мёд і не нарвацца на махляра.

— У Беларусі, лічы, няма сталага рынку збыту. Пчаляры рэалізуюць прадукцыю хто як можа. Гэта складана і нязручна, але ў той жа час выбракоўвае з рамяства ўсіх павярхоўных людзей. Так што калі гаварыць наўскідку, працэнтаў 80 прадаўцоў прапануюць якасны мёд, бо ўлюбёныя ў справу. Хочаце ведаць, што атрымалі на стол, — паглядзіце на пчальнік прадаўца. Калі дамкі дагледжаныя, значыць, і чалавек ставіцца сумленна да занятку. А калі замест вулляў адны гнілякі — то гаспадару цікавыя не пчолы, а грошы. Адрозніць няякасны мёд «на вока» цяжка нават вопытнаму пчаляру, тут дапаможа толькі лабараторны аналіз.

Дух­мя­ны ла­су­нак на ста­ле.

Дарэчы, пчаляры ў мінулыя часы маглі быць першымі ўдалымі прадказальнікамі надвор'я. На змену атмасфернага ціску звычайна рахманыя пчолы становяцца агрэсіўнымі, так што лепш не праходжвацца побач з вуллямі перад дажджом.

У шкляным посудзе свежы мёд нагадвае каштоўны бурштын. Гэта ўраджай з майскай квецені яблыневых і вішнёвых садоў. А ўсяго ў ласунку больш дзясятка розных гатункаў: кіпрэйны, дзьмухаўцовы, крушынавы, малінавы, з белай канюшыны... Восенню ў вуллях з'яўляецца нават верасовы мёд. Канешне, пчале не загадаеш, на якую кветку ёй цяпер садзіцца. Яна выбірае расліны, дзе многа густога нектару, так што, нават калі паставіць вулей побач з полем, усё роўна ў выніку атрымаецца сумесь з адным асноўным меданосам.

Зрэшты, галоўнае, каб табе падабаўся абраны занятак, а ліпавы мёд на стале ці грэцкі — ужо справа густу.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці