Вы тут

За якую адукацыю гатовы плаціць абітурыенты?


Не сакрэт, што ў апошнія гады трапіць на платнае навучанне ў ВНУ можна нават з мінімальнай колькасцю балаў. Адзінае абмежаванне — гэта ніжні парог на ЦТ, устаноўлены для профільных прадметаў. Але ж ці можна лічыць сур'ёзным бар'ерам 10 або 15 балаў? А для ВНУ сілавых ведамстваў, ваенных факультэтаў грамадзянскіх ВНУ і шэрагу сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў устаноўлена яшчэ ніжэйшая планка, якая складае ўсяго 7 балаў...


Фізіка зноў у аўтсайдарах

4 жніўня ў вышэйшых навучальных установах завяршыўся прыём дакументаў на платную форму навучання ў ВНУ і стала відавочна, што абітурыентаў на ўсіх... не хапае. Цікава, што колькасць платных месцаў у некаторых ВНУ істотна перавышала колькасць бюджэтных па той жа спецыяльнасці, як, напрыклад, на факультэце міжнародных адносін БДУ. Гэты факультэт б'е ўсе рэкорды ў краіне як па прахадных балах, так і па кошце навучання. Тым не менш колькасць ахвотных вучыцца тут не змяншаецца.

Так, на 60 платных месцаў на спецыяльнасці «міжнародныя адносіны» сёлета прэтэндаваў 71 чалавек, на 43 платныя месцы на спецыяльнасці «мытная справа» — 53 чалавекі, на 55 месцаў на спецыяльнасці «сусветная эканоміка» — 60 чалавек, прычым адзін з абітурыентаў меў суму балаў большую за 391. На спецыяльнасці «лінгвакраіназнаўства» чакалі залічэння на платныя месцы абітурыенты, якія мелі больш як 381 бал. Увогуле абітурыентаў з баламі ад 371 да 380 хапала на ўсіх спецыяльнасцях ФМА. Знайшліся і такія «смельчакі», якія мелі ў суме ад 121 да 151 бала і пры гэтым таксама спадзяваліся паступіць на самы прэстыжны факультэт. Інакш навошта яны падавалі свае дакументы? Хіба што толькі на ўсялякі выпадак?

Добрым попытам карыстаўся ў абітурыентаў Белдзяржуніверсітэта таксама і біяфак, асабліва такія спецыяльнасці і напрамкі, як «біятэхналогія», «біяхімія» і «мікрабіялогія». Меншую цікавасць маладыя людзі праявілі да «біяэкалогіі» і «біялогіі» (навукова-вытворчай і навукова-педагагічнай дзейнасці).

Інстытуту бізнесу БДУ таксама ўдалося ўкамплектавацца. Не было праблем з запаўненнем платных месцаў на спецыяльнасцях «бізнес-адміністраванне» і «лагістыка». У Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А. Д. Сахарава БДУ абітурыенты не прайшлі міма «медыка-біялагічнай справы» і «медыцынскай экалогіі». На механіка-матэматычным факультэце ў фокусе ўвагі былі ў першую чаргу ІТ-спецыяльнасці. На факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі на 19 месцаў было пададзена 28 заяў, прычым сярод абітурыентаў зноў жа былі ўладальнікі вельмі высокіх балаў (больш як 361). Але, напрыклад, эканамічная кібернетыка мала каго зацікавіла.

Інтарэс моладзі да міжнароднага, юрыдычнага і эканамічнага напрамкаў прасочваецца амаль ва ўсіх ВНУ, дзе ёсць падобныя спецыяльнасці. Так, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ў цэнтры ўвагі моладзі на платнай форме навучання аказаліся «міжнароднае права», «правазнаўства», «лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» і «мытная справа». У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце — зноў-такі «правазнаўства», «сусветная эканоміка» і «лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» (напрамак — знешнеэканамічныя сувязі).

На журфаку ў БДУ самымі запатрабаванымі аказаліся аўдыявізуальная журналістыка (на 17 месцаў 26 ахвотных) і спецыяльнасць «інфармацыя і камунікацыя» (17 ахвотных на 15 месцаў). На іншыя спецыяльнасці журфака маглі паступіць усе, хто падаў дакументы. Увогуле на вельмі многіх спецыяльнасцях у БДУ колькасць пададзеных заяў не перавышала колькасці выдзеленых платных месцаў, а гэта значыць, што туды будуць залічаны абітурыенты нават з вельмі сціплымі баламі.

Даволі сумная сітуацыя назіралася на факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, дзе на 20 месцаў было пададзена 10 заяў. Фізічны факультэт і Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава БДУ праводзілі аб'яднаны конкурс на спецыяльнасці, звязаныя з фізікай: на
17 месцаў паступілі ўсяго 6 заяў. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што і бюджэтныя месцы на гэтых спецыяльнасцях актыўным попытам не карысталіся.

Нанатэхналогіі не цікавяць?

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі толькі ў дзень залічэння на платную форму навучання нарэшце агучыў кошты на наступны навучальны год. Навучанне на дзённай форме на факультэце камп'ютарных сістэм і сетак будзе каштаваць 3210 рублёў за год, на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання і інжынерна-эканамічным — 3070 рублёў, факультэце камп'ютарнага праектавання, факультэце інфакамунікацый і факультэце радыётэхнікі і электронікі — 2755 рублёў. Самай таннай з'яўляецца спецыяльнасць факультэта радыётэхнікі і электронікі «прафесійная навучанне (інфарматыка)», дзе за год трэба будзе заплаціць 2090 рублёў.

Мы ўжо пісалі, што ўсе, хто добра здаў фізіку, выбіраюць пераважна спецыяльнасці ІТ-галіны. У БДУІРы абітурыенты з высокімі баламі (350—380) і на платнай форме навучання штурмавалі дзве спецыяльнасці самага дарагога і прэстыжнага факультэта камп'ютарных сістэм і сетак: «інфармацыя і тэхналогіі праграмавання» (115 месцаў і 125 ахвотных) і «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (249 прэтэндэнтаў на 95 месцаў).

На іншых факультэтах моладзь цікавілі спецыяльнасці «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнес-менеджменце)», «аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі», «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі». У аўтсайдарах аказаліся «інфакамунікацыйныя тэхналогіі», «электронныя вылічальныя сродкі», «мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы», «нанатэхналогіі і нанаматэрыялы ў электроніцы», «радыёінфарматыка», «радыёэлектронная абарона інфармацыі» і некаторыя іншыя спецыяльнасці. Улічваючы, што ў БДУІРы дзейнічае аўтаматызаваная сістэма залічэння і абітурыенты маюць магчымасць указваць у заяве ўсе спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю, расстаўляючы свае прыярытэты, можна меркаваць, што платныя месцы збольшага ўсё ж такі будуць запоўненыя. Але калі сярэдні бал залічаных на бюджэтную форму навучання ў БДУІРы склаў сёлета 339, а суму балаў не меншую за 300 маюць больш як 75 працэнтаў будучых першакурснікаў, то якасныя паказчыкі залічаных на платную форму навучання будуць куды больш сціплыя. На некаторыя спецыяльнасці дакументы падавалі абітурыенты з сумай балаў ад 121 да 150, і ў іх ёсць усе шанцы таксама насіць званне студэнта БДУІРа.

Куды ідуць з нізкімі баламі?

Што датычыцца вышэйшай медыцынскай адукацыі, то абсалютна без праблем запоўніліся ўсе платныя месцы ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, прычым на спецыяльнасці «стаматалогія» шэсць абітурыентаў мелі балы ад 371 да 380, а 14 чалавек — ад 361 да 370. На фармацэўтычны факультэт падалі дакументы два абітурыенты з сумай балаў ад 361 да 370.

Педагагічная адукацыя карыстаецца ў моладзі меншым попытам. Ва ўсялякім разе, абітурыенты з такімі высокімі баламі педагагічныя спецыяльнасці рэдка выбіраюць. У БДПУ на платнай дзённай форме навучання найбольшая колькасць ахвотных была зарэгістравана на спецыяльнасці «лагапедыя» (78 прэтэндэнтаў на 60 месцаў), «псіхалогія» (116 прэтэндэнтаў на 75 месцаў), «сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога» (24 прэтэндэнты на 10 месцаў), «руская мова і замежная мова» (26 прэтэндэнтаў на 15 месцаў) і «спартыўна-турыстычная дзейнасць» (менеджмент у турызме) — 96 заяў на 70 месцаў. У педагагічны ўніверсітэт таксама падавалі дакументы абітурыенты, якія маюць ад 121 да 130 балаў (за тры сертыфікаты плюс атэстат). І гэта будучыя педагогі!

А ў БНТУ спрабавалі паступіць на платныя месцы абітурыенты з баламі ад 101 да 110! Яны нацэліліся на такія спецыяльнасці, як «водагаспадарчае будаўніцтва», «прамысловае грамадзянскае будаўніцтва». На спецыяльнасці «аўтамабільныя дарогі» ў БНТУ на 10 платных месцаў не паступіла ўвогуле ніводнай заявы, а на спецыяльнасці «масты, транспартныя тунэлі і метрапалітэны» на 12 месцаў знайшоўся адзін прэтэндэнт з сумай балаў ад 131 да 140. Не карысталіся ў абітурыентаў попытам энергетычны, аўтатрактарны, прыборабудаўнічы факультэты, факультэт энергетычнага будаўніцтва. Затое на 30 месцаў на спецыяльнасці «мытная справа» паступіла 48 заяў. На 30 месцаў на спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» — 43 заявы, «бізнес-адміністраванне» — 67 заяў на 40 месцаў.

З невысокімі баламі паступаюць абітурыенты і ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Конкурс на платныя месцы тут склаўся на спецыяльнасцях «турызм і прыродакарыстанне» (33 чалавекі на 17 месцаў), «тэхналогія лекавых прэпаратаў» (22 чалавекі на 15 месцаў), «выдавецкая справа» (59 чалавек на 32 месцы), «лясная гаспадарка» (16 чалавек на 10 месцаў) , «дызайн электронны і вэб-выданняў»  (39 чалавек на 30 месцаў), «менеджмент» (57 чалавек на 34 месцы), «маркетынг» (38 чалавек на 25 месцаў), «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (70 чалавек на 50 месцаў), «ахова навакольнага асяроддзя» (15 чалавек на 10 месцаў) і на некаторых іншых.

Учора, 6 жніўня, ва ўсіх ВНУ адбылося залічэнне на платную форму навучання. Пажадаем, каб тым, каму ўсё ж пашчасціла ўскочыць у апошні вагон і стаць студэнтам, хапіла ведаў на тое, каб навучацца і не быць адлічаным пасля першай жа сесіі...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Медыцына, праграмаванне, міжнароднае права

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.