Вы тут

Касмічная майстэрня скульптара Міско


У гэтыя дні ў майстэрні-музеі народнага мастака Беларусі Івана Міско пабываў касманаўт Алег Навіцкі. Яны абмеркавалі мадэль барэльефа, які ўпрыгожыць будучы абеліск на мінскай вуліцы Касманаўтаў. Адкрыццё шасціметровай стэлы плануюць правесці ў верасні падчас работы Міжнароднага касмічнага кангрэса.


Сучасны Ікар — адзін з насельнікаў майстэрні-музея.

— Фотаздымак з газеты «Звязда» пабываў на арбіце Зямлі ў кабіне касмічнага карабля, — згадаў касманаўт Алег Навіцкі ў майстэрні народнага мастака Беларусі скульптара Івана Міско. Размова адбывалася за сталом, на якім стаялі кубачкі з гарачай гарбатай (па рэцэпце маэстра скульптуры) і ляжалі духмяныя яблыкі (касманаўт прывёз пачастунак з саду маці).

Размаўлялі галоўным чынам пра будучую стэлу. У гэтыя дні Іван Міско завяршае работу над унікальным манументальным партрэтам траіх беларускіх касманаўтаў — на рэльефе кожнага будуць відаць уласныя подпісы саміх герояў. Каб нанесці такі подпіс на яшчэ мяккі матэрыял мадэлі абеліска, Алег Навіцкі быў запрошаны ў майстэрню вядомага скульптара.

Касманаўт Навіцкі пакінуў уласны подпіс на скульптурным партрэце.

Я памятаю, як выглядала гэта майстэрня больш за сорак гадоў таму. У той час малады мінскі скульптар Іван Міско, захоплены тэмай пакарэння космасу, працаваў над партрэтам Юрыя Гагарына. Аднойчы ён запрасіў мяне прыйсці да яго з цікавай нагоды: у госці прыедзе маці першага касманаўта Зямлі. Памятаю, як уважліва ўглядалася Ганна Цімафееўна ў абрысы гіпсавага партрэта, доўга гутарыла са скульптарам пра свайго сына.

Менавіта ў той момант іх сустрэчы я зрабіў гэты здымак. Лёс фота аказаўся ўдалым: пасля шматлікіх публікацый за многія гады ён «даляцеў» да касмічнай арбіты ў складзе невялічкага фотаархіва самых памятных для касманаўтаў фотадакументаў. Потым мой рэпарцёрскі архіў неаднойчы папаўняўся чарговымі фотасюжэтамі — іх герой Іван Міско быў і застаецца верным сваёй галоўнай тэме: стварае ўнікальную калекцыю партрэтаў касманаўтаў. Вось і гэты фотасюжэт расказвае чытачам «Звязды» пра некаторыя падзеі, якія бачыла на сваім вяку старая майстэрня, пра яе гаспадара — сусветна вядомага скульптара і яго славутых гасцей.

Алег Навіцкі і Іван Міско перад уваходам у майстэрню-музей.

На дзвярах — подпісы касманаўтаў і славутых асоб, якія пабывалі ў скульптара.

З тых далёкіх часоў да непазнавальнасці змяніўся ўнутраны і знешні выгляд майстэрні. Яе «засялілі» партрэты герояў новай эры чалавецтва (дарэчы, не толькі зорных пілотаў). На фасадзе з'явілася выява чалавека ў скафандры, перад уваходам падняліся тры бярозкі, пасаджаныя касманаўтамі-беларусамі.

Дарэчы, з газетай «Звязда» Іван Міско цесна супрацоўнічаў яшчэ ў пачатку сямідзясятых. Будучы «касмічны скульптар» ахвотна рабіў для нашага выдання графічныя партрэты славутых беларускіх працаўнікоў. Гэтыя партрэты разам з заметкамі, якія пісалі звяздоўцы, друкаваліся пад рубрыкай «Зоркі рэспублікі».

Касманаўт і скульптар аглядаюць мадэль барэльефа для будучага абеліска.

Яблыкі з малой радзімы — самыя смачныя, лічыць касманаўт.

Як бачыце, творчы дыяпазон майстра за дзесяцігоддзі прасцёрся ад зорак зямных да касмічных.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».