Вы тут

Вяртанне мастака


У Год малой радзімы беларускія аматары выяўленчага мастацтва атрымаюць чарговы падарунак: творчая спадчына савецкага жывапісца, графіка, тэатральнага мастака Меера Аксельрода, які нарадзіўся ў Маладзечне ў 1902 годзе, вяртаецца да сваіх вытокаў. Урачыстае адкрыццё выстаўкі «Меер Аксельрод. Кніжная графіка» адбудзецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 6 жніўня.


Наведвальнікаў экспазіцыі чакае адмысловы сюрпрыз: творы Меера Аксельрода ў галіне кніжнай графікі, створаныя ў рознай тэхніцы на працягу 1920—1960-х гадоў, якія захоўваліся ў архівах нашчадкаў мастака, пакажуць беларускай публіцы ўпершыню. Калекцыя досыць вялікая: тут можна будзе ўбачыць 85 ілюстрацый да кніг Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, Якуба Коласа, Ізі Харыка, Зеліка Аксельрода, Нояха Лур’е, Рыўкі Рубінай і Праспера Мерымэ — кніжная графіка заўсёды займала асаблівае месца ў творчасці мастака. Аматары гісторыі таксама знойдуць тут шмат цікавага: для іх падрыхтаваныя замалёўкі Мінска 1920-х гадоў, дзе на роўных квітнелі беларуская і яўрэйская культуры.

Дэбют творцы калісьці адбыўся ў Мінску. У 1921 годзе Меер Аксельрод прадставіў на выстаўцы беларускіх мастакоў 36 работ, якія мелі такі поспех, што іх аўтара запрасілі вучыцца на факультэт графікі Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрань у Маскве. Але мастак ніколі не забываў пра радзіму: сведчанне гэтаму — і работы з серыі «Мястэчка», створаныя падчас штогадовых паездак на Беларусь (прэзентаваныя на выстаўках у Маскве і Ленінградзе), і серыя «Успаміны пра стары Мінск» (1950—1960 гады). У работах майстра захаваліся дзве сусветныя вайны (так, падчас Вялікай Айчыннай вайны Аксельрод стварыў унікальны і выразны цыкл акварэляў і гуашаў «Нямецкая акупацыя»), партрэты пісьменнікаў, мастакоў, акцёраў, пейзажы Крыма, Каўказа, Падмаскоўя, Прыбалтыкі ды шмат іншага. Меер Аксельрод пакінуў адбітак і ў кіно: падчас эвакуацыі ў Алма-Ату ў 1941 годзе мастак быў запрошаны ў здымачную групу фільма «Іван Грозны» С. Эйзенштэйна, дзе працаваў над фрэскамі і эскізамі.

У новым тысячагоддзі жывапіс мастака застаецца запатрабаваным: звыш тысячы работ Меера Аксельрода знаходзяцца ў калекцыях васьмідзесяці музеяў свету, а яго выстаўкі ладзіліся ў Маскве, Нью-Ёрку, Лондане, а таксама Германіі, Ізраілі.

Падчас адкрыцця экспазіцыі адбудзецца творчая сустрэча з арганізатарам выстаўкі і ўнукам Меера Аксельрода мастаком Міхаілам Яхілевічам. Для гасцей вернісажу падрыхтавалі цікавы інтэрактыў: разам з Алесем Камоцкім і Аляксеем Жбанавым можна будзе развучыць і праспяваць папулярныя на сяброўскіх сустрэчах таго часу песні на ідыш у беларускім перакладзе.

Выстаўку «Меер Аксельрод. Кніжная графіка», арганізаваную пры падтрымцы Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь, Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь і дабрачыннай фундацыі Genesis Philanthropy Group, можна будзе наведаць да 25 жніўня.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?