Вы тут

Чым небяспечны нізкі ціск


Або не варта зайздросціць гіпатонікам.

Для многіх галаўным болем становіцца высокі ціск. Аднак ёсць людзі, у якіх адваротная праблема: гіпатонікі вымушаныя змагацца з нізкім ціскам. Пастаянныя яго спадарожнікі — санлівасць і слабасць — робяць жыццё няпростым, а часам і невыносным. У той жа час ёсць людзі, якія сцвярджаюць, што з нізкім ціскам адчуваюць сябе цалкам камфортна. Ці трэба кантраляваць ціск у такім выпадку, што дапамагае яго павысіць і навошта гэта рабіць, чаму добры сняданак, фізічная актыўнасць і доўгі сон — найлепшыя сябры гіпатоніка, расказала ўрач-тэрапеўт вышэйшай катэгорыі 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі Мінска Алена ЛАПСАР.


— Алена Сяргееўна, які ціск можна назваць нізкім?

— Нармальным для дарослага чалавека ў нас прынята лічыць ціск у межах ад 90/60 мм рт. сл. да 140/90. Калі лічбы ціску ніжэйшыя за 90/60, ён нізкі. Калі гэтыя лічбы ўтрымліваюцца працяглы час, такіх людзей адносяць да гіпатонікаў.

— Ці можна адрозніць гіпатонікаў па знешнім выглядзе?

— Як правіла, гэта маладыя астэнізаваныя жанчыны.

— З узростам ціск у гіпатонікаў павышаецца? Калі гэта адбываецца?

— Для жанчын такія змены характэрныя, як правіла, пасля родаў, ціск становіцца больш стабільным. Часам нізкія лічбы ціску захоўваюцца на працягу дзесяцігоддзяў. І толькі ў перыяд клімаксу становяцца больш высокімі. Прычым, як паказвае практыка, многія такія жанчыны становяцца гіпертонікамі, лічбы іх ціску даволі высокія і цяжка карэгіруюцца.

— Які ціск для гіпатоніка лічыцца высокім?

— Калі ўвесь час сісталічны ціск ніжэйшы за 90 мм рт. сл., то яго павышэнне да 130, а часам нават і да 120 можа выклікаць у гіпатоніка гіпертанічны крыз. Урач, канешне, павінен рэагаваць не на лічбы, якія ў дадзеным выпадку адпавядаюць норме, а ўлічваць індывідуальныя асаблівасці пацыента. А апошні, у сваю чаргу, павінен паведаміць доктару, што мае звычайна нізкі ціск.

— Як сябе адчуваюць людзі з нізкім ціскам?

— Слабасць, разбітасць, санлівасць іх частыя спадарожнікі. Такім пацыентам у першую чаргу неабходная фізічная актыўнасць. Яна выдатна трэніруе нашы сасуды і вяртае ціск у норму. Таму раніца ў гіпатоніка павінна пачынацца з зарадкі, а таксама з паўнавартаснага сняданку, які нельга ігнараваць. Акрамя гэтага, і самі пацыенты, і іх блізкія павінны ведаць, што гіпатонікі мусяць добра высыпацца. Важна спаць сем-восем, а лепш дзевяць гадзін. Дзённая сіеста — гэта для гіпатонікаў. Добра, калі ў іх ёсць магчымасць зрабіць днём перапынак, заплюшчыць вочы і калі не паспаць, то хоць бы колькі часу адпачыць. Акрамя гэтага, урачы для паляпшэння самаадчування прызначаюць адаптагены, жэньшэнь, элеўтэракок і іншыя сродкі, якія павышаюць ціск.

— Кантрасны душ карысны для гіпатонікаў?

— Ён карысны для ўсіх, у тым ліку і для гіпатонікаў, бо зноў-такі трэніруе нашы крывяносныя сасуды.

— Таксама рэкамендуюць піць больш вадкасці...

— Так, гэта спрыяе пад'ёму ціску. Але добры сняданак, пра які я казала, тут адыгрывае вызначальную ролю. Акрамя гэтага, важна прытрымлівацца рэжыму працы і адпачынку.

— Есці гіпатонікам неабходна часцей?

— Усім нам рэкамендуецца прымаць ежу чатыры-пяць разоў на дзень: гэта першы і другі сняданак, абед, падвячорак і вячэра. Але тут важна правільна ўспрымаць той жа другі сняданак: гэта кубак гарбаты і лустачка сыру (20—30 грамаў), або жменя арэхаў, або ёгурт. Пераядаць ні ў якім разе не варта.

— Соль, як вядома, затрымлівае вадкасць у арганізме і спрыяе павышэнню ціску...

— Таму звычайна сыр паляпшае самаадчуванне гіпатонікаў. Раней нават існавала такая рэкамендацыя: калі ўпаў ціск, з'есці бутэрброд з вяндлінай ці сырам. Але не будзем забываць, што бутэрброды — не самая здаровая ежа, а вось сыр цалкам карысны ў дадзеным выпадку.

— Гіпатонікі больш метэаадчувальныя, чым людзі з нармальным ціскам?

— І гіпатонікі, і гіпертонікі адносяцца да метэаадчувальных людзей. Бараметрычныя перапады адбіваюцца і на нашых сасудах, таму, калі ёсць іх лабільнасць у бок нізкага ці высокага ціску, будзе і метэаадчувальнасць і з гэтай асаблівасцю давядзецца змірыцца.

— Ці трэба гіпатонікам кантраляваць свой ціск?

— Безумоўна. Калі ціск падае ніжэй за звыклыя лічбы, гэта нагода звярнуцца да ўрача.

— Гіпатонікам варта імкнуцца да таго, каб павышаць ціск, нават калі яны адчуваюць сябе з ім нядрэнна?

— Так. Ёсць лічбы нармальнага ціску, якія я называла, і да іх мы ўсе павінны імкнуцца.

Але­на КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».