Вы тут

Хата Уладзіміра Караткевіча ў Оршы прадаецца?


Апошні час з Оршы даносяцца трывожныя весткі: прадаецца хата Уладзіміра Караткевіча. І да таго гэтыя весткі настойлівыя і супярэчлівыя, што прыйшлося тэрмінова ў іх разбірацца, непасрэдна «з выездам на месца».


Дом, у якім некалі жыў знакаміты беларускі пісьменнік, стаіць на вуліцы, названай у яго гонар. Вуліца, скажам шчыра, сціплая, хоць раней і насіла гучныя назвы: Ігнатоўскага, Варашылава, Касманаўтаў. На справе ж гэта кароткі адвод ад галоўнай гарадской вуліцы імя Леніна, які пераходзіць у плаўны спуск да Дняпра. І ў самым канцы яго — тая самая хата, аб якой ідзе гаворка.

Ну што, хата як хата, звычайная хата прыватнага сектара раённага горада. Трохі прысела ад старасці, фарбаваная карычневай і зялёнай фарбай, у густым цені дрэў. Прысутнічае адчуванне закінутасці, хоць яшчэ нядаўна ў гэтай хаце жылі і нават прымалі гасцей. Але цяпер брамка наглуха зачынена і дом стаіць пусты. На сцяне — драўляная шыльда: «У гэтым доме ў 1956—1958 гг. жыў беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч». Жыў і, дарэчы, пісаў «Дзікае паляванне караля Стаха» (хоць на малюнках самога Караткевіча месцам напісання аповесці значыцца пунька). Бацькі класіка купілі гэты дом у вёсцы ў 1945 годзе і перавезлі яго ў горад — іх ранейшае жытло згарэла пасля вайны. І будучы пісьменнік жыў у ім у апошнія школьныя гады, а таксама наведваўся сюды, калі быў кіеўскім студэнтам.

Да 2015 года тут жыў Юрый Барабаш, муж Раісы Валер'еўны, пляменніцы пісьменніка, дачкі яго старэйшага брата, які загінуў на вайне. Юрый быў ветлівым гаспадаром і дом ад гасцей ніколі не зачыняў. Наадварот, заўсёды прымаў турыстаў і цікаўных, паказваў ім дом, у якім бываў пісьменнік... Аднак пасля смерці Юрыя Барабаша ўладальніцай хаты стала яго дачка Ірына, якая жыве ў Адэсе. І вось Ірына і выставіла хату на продаж.

Што ж, яна гаспадыня і мае права распараджацца сваёй уласнасцю так, як ёй хочацца. У рэшце рэшт, гэта такі ж аб'ект нерухомасці, як і ўсе іншыя, і паступаць з ім можна адпаведна. Але — ці раўназначны гэты дом іншай нерухомасці? А можа, ён заслугоўвае больш уважлівага да сябе стаўлення? Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, чалавек, які збіраецца купіць хату, хоча ў далейшым яе знесці і пабудаваць тут штосьці іншае. Зноў жа, мае права. Вось толькі — ці правільна гэта?

Пытаюся ў гараджан, якія праходзяць міма, ці ведаюць яны, хто жыў у гэтай хаце і ці чулі яны аб тым, што яе, магчыма, хутка знясуць?

Адказваюць па-рознаму.

Маладая пара смяецца:

— Безумоўна, ведаем. Караткевіч тут жыў. Там жа на шыльдачцы напісана. І вуліца яго імя... А што знясуць? Ну, знясуць і знясуць. Нам што?

Немаладая жанчына, відавочна заматаная жыццём, махае на хаду рукамі:

— Знясуць — і правільна зробяць. Можа, што добрае на гэтым месцы пабудуюць.

Мужчына сярэдніх гадоў добра падумаў, перш чым адказаць.

— Абавязкова трэба захаваць, — сказаў ён цвёрда. — Знесці лёгка, вярнуць цяжка. Гэта ўсё-такі памяць...

Колькі людзей, столькі і меркаванняў. Аднак меркаванні бываюць па сутнасці, а бываюць і ад лішніх эмоцый. У горадзе, напрыклад, пайшлі чуткі, што прадаваць збіраюцца не гэты домік наводшыбе, а дом-музей у цэнтры горада! І невядома яшчэ, як далёка можа завесці людская пагалоска.

Трэба сказаць, што памяць аб любімым пісьменніку ў Оршы захоўваецца свята. Створаны выдатны музей, які актыўна прапагандуе творчасць Караткевіча. У парку, на высокім беразе Дняпра, (на месцы, дзе да вайны стаяў дом, у якім прайшло дзяцінства пісьменніка) стаіць помнік, каля якога праводзяцца паэтычныя сустрэчы і адзначаюцца гадавіны беларускага рамантыка. А сама вуліца Караткевіча ўвянчана бронзавым барэльефам, да якога жыхары горада нясуць жывыя кветкі. Уладзіміра Сямёнавіча на яго радзіме памятаюць, любяць і шануюць, у гэтым няма сумнення.

Вось толькі хата... Чаму, на самай справе, горад так лёгка расстаецца з ёй і, магчыма, назаўжды? Чаму не зроблены крокі, каб захаваць прытулак, хай і часовы, вялікага земляка?

Каб расставіць усе кропкі над «і», я звярнуўся з гэтым пытаннем да дырэктара УК «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны» Юліі Камаровай.

— А навошта? — адказала мне Юлія Вячаславаўна. — Гэтая хата ніколі не належала сям'і Уладзіміра Караткевіча. На самай справе сям'я да вайны жыла ў хаце на вуліцы Карла Маркса, і ёсць дакументы, у тым ліку фотаздымкі, якія пацвярджаюць гэта. І хата на вуліцы Карла Маркса была дашчэнту знішчана падчас вайны — спалена разам з іншымі. І ўсё, далей сям'я Караткевіча пражывала ў розных месцах, але толькі не на цяперашняй вуліцы Караткевіча! А ў гэтай хаце, аб якой ідзе гаворка, жыла пляменніца Караткевіча, і да яе ў госці ў 1956—1958 гадах прыязджаў часам пісьменнік. Так, Юрый Барабаш успамінае, што Уладзімір Сямёнавіч любіў пасядзець у крэсле ў садзе, любіў выйсці да Дняпра. Але сказаць, каб ён так ужо быў прывязаны да хаты, вядома ж, нельга. І таму горад не бачыць сэнсу ў тым, каб выкупляць хату ў яго ўладальніцы. Вельмі мала дом звязаны з імем пісьменніка, вельмі нязначны — ва ўсіх сэнсах, — каб пры наяўнасці выдатнага музея браць гэты будынак на баланс.

Музей пісьменніка, дарэчы сказаць, адкрыты якраз у тым доме, дзе нарадзіўся Уладзімір Караткевіч. Менавіта там у 1930 годзе быў гарадскі раддом. Ён размешчаны ў цэнтры горада, да яго вельмі зручна дабірацца, ён займае два паверхі і змяшчае ўсе экспанаты, якія ўдалося сабраць супрацоўнікам музея. Трэба заўважыць, што Юрый Барабаш у свой час ахвотна аддаў музею кнігі пісьменніка і некаторыя яго асабістыя рэчы. Такім чынам, у хаце, аб якой ідзе гаворка, сапраўды няма нічога каштоўнага, акрамя гэтых сцен, што помняць пісьменніка. Якія наўрад ці ўяўляюць цікавасць для прыхільнікаў Уладзіміра Сямёнавіча.

Знаходзяцца, аднак, людзі, якія спрабуюць знайсці сродкі для таго, как выкупіць гэты дом у спадчынніцы і захаваць яго як жывую памяць аб сваім вялікім земляку. Ініцыятыва гэта, мабыць, высакародная, і сама па сабе яна выклікае павагу. Але ці мае яна такі ўжо вялікі сэнс? Тым больш што, як было сказана, хата мае вельмі ўмоўныя адносіны да Уладзіміра Караткевіча. Можа, замест таго, каб рабіць нялёгкія намаганні, лепш клапаціцца аб тым, што есць? І тым, хто сапраўды цікавіцца жыццём і творчасцю Караткевіча, заўсёды адкрытая дарога ў музей, у парк, у школу № 8, дзе працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры пісьменнік. А старэнькай хаткай няхай займаюцца тыя, каму яна належыць. І калі спадчынніца не мае намеру падтрымліваць у ёй памяць вялікага сваяка — гэта пытанне яе выхавання і светапогляду. Але гэта яе права. Бо памяць па Уладзіміру Караткевічу захоўваецца і без яе беражліва, адказна і свята — так, як яно і павінна быць.

Сяргей КУЛАКОЎ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.