Вы тут

Турыст паклапоціцца пра сябе сам?


Гэтым летам турыстычная фірма «Наталі Турс» адклікала ўжо аформленыя туры на адпачынак. Як вынік — мара пра сонечны пляж абярнулася для тысяч людзей грашовымі стратамі і сапсаваным настроем. Акрамя таго, частка турыстаў засталася «на чамаданах» у замежжы.

Такі выпадак у турыстычнай сферы, як заўважыў дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін ЦЭХМЕЙСТЭР, не новы. Праблемы з тураператарамі ўзнікалі ў 2014 годзе, калі «палеглі» дзясяткі расійскіх кампаній, але той крызіс не зачапіў настолькі масава беларускіх спажыўцоў. Пытанне «Як развіваць турыстычны бізнес у нашай краіне?» стала важным як ніколі. На круглым стале, прысвечаным менавіта гэтай праблеме, спецыялісты з розных галін спрабавалі высветліць, як абараніць турыста ад невыканання тураператарам сваіх абавязкаў, што патрэбна, каб турыстычныя агенты не станавіліся ва ўсім вінаватымі і як не «падарваць» беларускі турыстычны рынак, захаваўшы ў грамадзяніна давер да прадаўцоў турыстычных паслуг.


— Сёння якраз наспеў момант для аб'яднання з дзяржаўнымі органамі, каб вырашыць нарэшце спрэчныя моманты ў турыстычнай сферы, — лічыць Валянцін Цэхмейстэр. — Прадстаўнікі турызму бачаць некалькі варыянтаў, як палепшыць якасць і бяспеку паслуг. І першая мера — гэта ўнясенне комплексных паправак у заканадаўства. Канешне, гэта доўгі працэс, які можа заняць ад трох да пяці гадоў, перш чым сістэма запрацуе, але падобныя змены сталі неабходнымі. Я мяркую, трэба стварыць дзейную рабочую групу пры Міністэрстве спорту і турызму, удзельнікамі якой стануць прафесіяналы ад турбізнесу.

Ідэю з распрацоўкай заканадаўчых нормаў і стварэннем рабочых груп падтрымлівае Філіп ГУЛЫ, старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі:

— Прыклад «Наталі Турс» дастаткова значны і дастаткова яркі, каб прадэманстраваць слабасці нашага маленькага, ёмістага, неабароненага рынку. Не факт, што гэта апошняе хваляванне сёлетняга сезона. На жаль, існуюць пэўныя заканадаўчыя прабелы, якія не абараняюць беларускага турыста і айчыннага турагента ад дзейнасці замежных турыстычных аператараў. Акурат цяпер у людзей існуюць значныя фінансавыя праблемы, якія ўзніклі з-за адмовы фірмаў выконваць свае абавязкі, і трэба ўсімі сіламі пазбегнуць сёлетняй сітуацыі ў наступным сезоне адпачынкаў. Іначай беларускія кампаніі рызыкуюць зусім страціць давер у кліентаў. У спакойных, распланаваных вандроўках зацікаўлены ўсе: турысты, бізнесмены, чыноўнікі, — падкрэсліў Філіп Гулы.

Каб выпрацаваць свой шлях, беларусам не трэба «ісці навобмацак». Філіп Гулы прапанаваў скарыстацца вопытам суседніх краін. У Расіі, Польшчы, Украіне, Латвіі і Еўрапейскім саюзе таксама вырашалі турыстычнае пытанне, і прыкладаў — як станоўчых, так і негатыўных — дастаткова. Кіраўнік праўлення прапанаваў канкрэтныя інструменты для паляпшэння сітуацыі:

— На маю думку, патрэбны фінансавыя гарантыі з боку тураператараў. Нічога страшнага няма ў тым, што бізнес павінен замарозіць нейкую суму, каб мець «грашовую падушку» на ўсялякі выпадак.

Генеральны дырэктар турыстычнай кампаніі «Топ-Тур» Сяргей ЦУРКО прапануе паглядзець на сітуацыю пад крыху іншым вуглом.

— Хачу зрабіць акцэнт: праблемы і аферыраваныя структуры былі выяўлены ў нерэзідэнтаў, гэта значыць замежных кампаній, якія дзейнічалі на нашай тэрыторыі. Вядома, што некаторыя чыноўнікі ўжо прапанавалі сфарміраваць гарантыйныя фонды, якія будуць падтрымлівацца за кошт бюджэту турыстычных кампаній. Лічу, што такая мера поўнасцю нядзейсная. Чаму? Таму што ў Расіі і іншых краінах аналагічная сістэма не вырашыла ні адзін падобны інцыдэнт. Грошай усё роўна не хапае. Затое забаронныя меры разам з даступнасцю фінансавых сродкаў могуць стварыць глебу для карупцыйных схем.

На мой погляд, будзе эфектыўна ўвесці пункт абавязковага страхавання фінансавых рызык турыста. Так атрымалася, што людзі ахвотней выступаюць у ролі спажыўцоў, якія добра ведаюць свае правы, але стараюцца не думаць пра абавязкі, як і пра «падстрахоўку» ад надзвычайных здарэнняў. Яскравы прыклад: чалавек адмаўляецца ад медыцынскай страхоўкі, ці то разлічваючы на прынцып «а раптам пранясе», ці то свядома спадзеючыся, што турыстычная кампанія ў выпадку чаго пакрые выдаткі. Таму лічу, што, застрахаваўшыся асабіста на час паездкі, кожны турыст абароніць сябе ад непрыемнасцяў.

У спецыялістаў ад страхавання сваё меркаванне наконт гэтага. Людміла КУЛАК, начальнік упраўлення медыцынскага страхавання страхавой кампаніі «Белдзяржстрах» на прыкладах растлумачыла, чаму стварэнне турыстычнага фонду за кошт адпачывальнікаў можа стаць непапулярным рашэннем:

— Сёння заканадаўства не дае магчымасці заключаць дагавор страхавання ў адносінах да рызыкі невыканання дагавора з боку тураператара. Каб увесці механізм грамадзянскай адказнасці для тураператара, патрэбна адпаведная заканадаўчая прывязка. Сёння ўсе віды абавязковага страхавання датычацца толькі суб'ектаў гаспадарання. Калі ўводзіць абавязковую страхоўку для кожнага з грамадзян, такая мера прывядзе да сацыяльнага напружання і незадаволенасці.

Па словах Людмілы Кулак, сярод турыстаў становіцца папулярнай паслуга страхавання ад рызыкі адмены паездкі і рызыкі датэрміновага вяртання з адпачынку па ўважлівых прычынах. Можна разлічваць на вяртанне грошай, калі адпачынак не адбыўся па ўважлівай прычыне: з-за хваробы, тэхнагеннай аварыі, страты дакументаў... Кошт падобнай паслугі каля 5-8 еўра на чалавека. Вось толькі трэба разумець, што сума страхавання, а, адпаведна, і страхавога ўзносу, ад невыканання абавязацельстваў з боку тураператара будзе большай, таму што там улічваецца кошт усяго тура. А як паказвае вопыт, значная частка турыстаў нават неабходныя для выезду за мяжу страхавыя полісы стараецца набыць па мінімальным кошце. І розніца ў адзін еўра — дастатковая прычына для некаторых адмовіцца ад страхоўкі. Таму ідэя «добраахвотнай» выплаты з боку турыста сумы ў 10—50 еўра выклікае сумненні.

У час вырашэння спрэчных момантаў паміж турыстам і тураператарам не трэба забывацца на «трэці бок». Для турыстычнага агента нечаканая адмена тураў можа стаць фатальнай. Дырэктар турыстычнага агенцтва «А» Алена КУДЛАКОВА ў пытаннях страхоўкі трымаецца вельмі простай пазіцыі: галоўнае, каб страхавы поліс быў.

— Гатовых рашэнняў, як узмацняць сферу турыстычных паслуг, няма, таму спадзяюся, у хуткім часе іх выпрацуюць калегіяльна на сустрэчы рабочай групы.

Алена Кудлакова заўважае, што не назвала б беларускіх турыстаў безадказнымі. Грамадзяне ўсё ж такі ўсведамляюць рызыку, хаця існуюць асобныя выпадкі «турыстычнай безадказнасці».

Аднак самы вялікі «боль» турыстычнага агента звязаны з размежаваннем адказнасці паміж турагентам і тураператарам. Сёння агенты — гэта пасярэднікі паміж прадаўцом і кліентам, яны не могуць паўплываць на рашэнні тураператара, але традыцыйна выслухваюць скаргі і прэтэнзіі ад турыстаў у выпадку любых праблем з адпачынкам. Пры гэтым агенцтва часта не ў стане выплаціць кампенсацыю пакрыўджанаму турысту. У сітуацыі з адмовай ад выканання абавязкаў аператарам буйная арганізацыя яшчэ здолее перабраніраваць туры. Але маленькая кампанія фізічна не зможа ні прапанаваць альтэрнатыўную паслугу, ні выплаціць кампенсацыю і ў выніку абанкруціцца.

— Сёння, калі мы гаворым пра беларускіх тураператараў, то маем на ўвазе фірмы, у якіх ёсць турагенцкая сетка, — удакладняе дырэктар тураператара «Дзітрыб» Ігар ЧОРНАЗІПУННІКАЎ. — У выпадку, калі агенцтва заключае дагавор на выезд кліентаў, яно рызыкуе сваім прыбыткам. Таму я лічу, трэба забараніць практыку, калі агент напрамую супрацоўнічае з замежным аператарам.

Ігар Чорназіпуннікаў прыводзіць яшчэ адно цікавае назіранне: нацыянальнае агенцтва па турызме мае значны спіс зарэгістраваных турыстычных фірмаў. Але тут ёсць нюанс — за афармленне сертыфікацыі трэба заплаціць. Атрымліваецца, чым больш сертыфікатаў, тым большы прыбытак у агенцтва. На думку дырэктара тураператарскай кампаніі, неўрэгуляваная сістэма выдачы сертыфікатаў не садзейнічае якасці паслуг.

За час бязвізавага рэжыму ў Гродне, напрыклад, узнікла каля 80 новых турыстычных кампаній, якія атрымалі сертыфікацыю. Што датычыцца прафесіяналізму «наваспечаных» фірмаў — тут пытанне адкрытае.

Зрэшты, як слушна заўважыў адзін з удзельнікаў круглага стала, кожная з прапаноў па развіцці беларускага турызму мае свае перавагі і недахопы. І каб вызначыць найбольш дзейсныя інструменты, патрэбна нарада спецыялістаў. А пакуль — пачакаем збору рабочай групы.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.