22 Верасень, субота

Вы тут

Да канца года для шматдзетных сем'яў узвядуць больш за сем тысяч кватэр


Для гэтай катэгорыі грамадзян ужо здадзена 240 тыс. квадратных метраў жылля. Сёння Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва працуе над тым, каб кожны год наваселле святкавалі не менш, чым у дзесяці тысячах новых кватэр, здадзеных для шматдзетных сем'яў. Пра магчымасці развіцця галіны падчас прэс-канферэнцыі расказаў кіраўнік ведамства Анатоль Чорны. Традыцыйна напярэдадні прафесійнага свята (яго будуць адзначаць у нядзелю) будаўнічая галіна падводзіць прамежкавыя вынікі сваёй працы.


Сёлета будаўнічы комплекс краіны выйшаў на станоўчую дынаміку. Будаўніча-мантажныя работы выраслі да 108 % ад узроўню мінулага года і склалі больш за 5 млрд рублёў. Удалося выйсці на станоўчы ўнёсак і ў ВУП — плюс 0,4 пункта. Задача для ведамства на год — узвесці 4 млн квадратных метраў жылля, ужо пабудавана больш за 1,6 млн.

Па словах Анатоля Чорнага, прырасла галіна і ў экспарце. Па некаторых пазіцыях — шкло, керамічная плітка — прадаюць за мяжу да 90 % прадукцыі.

«Цэменту мы прадаём да 50 % пры максімальным экспарце. У асноўным цяпер да 35 % з улікам таго, што ўнутранае будаўніцтва падымаецца, аб'ёмы спажывання павялічваюцца, таму скарацілі экспарт і больш увагі ўдзяляем унутранаму рынку», — сказаў міністр.

Сёння будаўнікі шукаюць магчымасці выхаду на новыя рынкі па экспарце паслуг. Асноўную канкурэнцыю складаюць буйныя міжнародныя карпарацыі. Яны маюць магчымасць укладаць уласныя інвестыцыі, што найбольш прывабна для патэнцыйных спажыўцоў.

«Сёння ў нас ёсць напрацоўкі па ўласных інвестыцыях. Мы, карыстаючыся 534-м Указам, ужо рэалізавалі пілотны праект у Расійскай Федэрацыі. Гэта будаўніцтва школы і дзіцячых садкоў. Сёння школа на 1000 месцаў узведзена ў Калузе. Заключаецца гэты падыход у наступным. Мы крэдытуемся ў Рэспубліцы Беларусь па 534-м Указе, будуем школу, потым яе ацэньваем, рэалізоўваем, разлічваемся з Банкам развіцця, страхавымі кампаніямі. Астатнія сродкі — гэта даход прадпрыемстваў, якія працуюць на экспарце. Тым самым мы змаглі задзейнічаць катэгорыю будаўнікоў, якія не былі загружаны ў нашай краіне, і далі магчымасць ім атрымаць дастойную заработную плату», — расказаў міністр. Такім падыходам да работы ўжо зацікавіліся партнёры і на Афрыканскім кантыненце.

Па словах міністра, дырэктыўна абмяжоўваць будаўніцтва жылля ў сталіцы не будуць. Яшчэ можа быць узведзена прыкладна 5 млн квадратных метраў. Новыя аб'екты пабудуюць у тым ліку за кошт зносу старога жылля і сядзібных участкаў.

«Трэба быць падрыхтаваным да таго, што калісьці наступіць мяжа будаўніцтва жылля ўнутры кальца. Трэба мець магчымасці і жаданне падрыхтавацца гарадам-спадарожнікам. Гарады-спадарожнікі павінны атрымаць неабходную інфраструктуру», — падкрэсліў Анатоль Чорны.

Міністэрства плануе ўвесці сёлета і новыя патрабаванні для камерцыйных забудоўшчыкаў. Яны будуць павінны здаваць кватэры з пэўным (хоць бы мінімальным) узроўнем аддзелачных работ.

«Мы не гонімся сёння за колькасцю квадратных метраў. Нам не патрэбна статыстыка, мы будзем будаваць колькі патрэбна, але жыллё павінна быць якаснае, зробленае паводле патрабаванняў нашай эканомікі», — сказаў Анатоль Чорны.

З ростам аб'ёмаў будаўніцтва, па словах міністра, адчуваецца і недахоп высокакваліфікаваных кадраў. Вырашаць праблему плануюць за кошт навучання новых спецыялістаў і прыцягнення рабочых, якія ў пошуках «доўгага рубля» з'язджаюць за мяжу.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Перспектывы ў «квадраце»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.