Вы тут

Як папулярызуюцца беларускія брэнды ў Паднябеснай


Кітай — другая эканоміка ў свеце, адзін з лідараў па імпарце тавараў. Прычым патрэбнасць у замежнай прадукцыі ў краіне з насельніцтвам каля 1,4 млрд пастаянна расце. Усё больш папулярнымі ў Паднябеснай становяцца беларускія тавары, асабліва мяса-малочная прадукцыя. Дзве краіны наладзілі стратэгічнае партнёрства, і нядзіўна, што Беларусь была запрошана для ўдзелу ў першай кітайскай міжнародной выстаўцы імпартных тавараў і паслуг «Імпарт Экспа», якая пройдзе ў Шанхаі з 5 па 10 лістапада. Арганізатарам беларускай экспазіцыі выступае Нацыянальны цэнтр маркетынгу Міністэрства замежных спраў. Дырэктар цэнтра Валерый Садоха расказаў карэспандэнту БелТА аб удзеле беларускіх прадпрыемстваў у выстаўцы і іншых спасобах пашырэння экспарту тавараў і паслуг у Кітай.


— На выстаўцы будзе прадстаўлена прадукцыя больш як 1600 кампаній з усяго свету. Чым здзівіць і прывабіць кітайскіх імпарцёраў беларускі павільён?

— Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з прамысловым, адукацыйным, транспартна-лагістычным, экспартным патэнцыялам нашай краіны. Будуць прэзентаваны апошнія навукова-тэхнічныя і інавацыйныя распрацоўкі, унікальныя турыстычныя магчымасці Беларусі. Плануецца таксама дэгустацыя харчовых тавараў.

Дызайн беларускага стэнда высока ацанілі кітайскія калегі ў рамках экспертнай сустрэчы, якая адбылася 11 ліпеня ў пасольстве Кітая ў Беларусі. Акрамя традыцыйнага лагатыпа Made іn Belarus, пры распрацоўцы дызайну выкарыстоўваўся беларускі сімвал — кветка васілька, форма якой уяўляе сабой васьміканцовую зорку — сімвал сонца — і з'яўляецца элементам беларускага арнаменту. Гэты культурны код фарміруе нашу адметную рысу сярод мноства іншых народаў. Яшчэ трэба вызначыцца са слоганам, які адлюстроўвае дружалюбныя адносіны Беларусі і Кітая.

— Для беларускіх прадпрыемстваў адвядуць каля 500 кв. м выставачных плошчаў. Колькі кампаній ужо заявілі аб удзеле?

— У камерцыйным блоку выстаўкі будуць прадстаўлены амаль усе сферы беларускай эканомікі. Больш за 70 прадпрыемстваў экспануюць свае тавары і паслугі ў шасці павільёнах выстаўкі па наступных раздзелах: аўтамабілебудаванне, спажывецкія тавары, інтэлектуальнае і высокатэхналагічнае абсталяванне, гандаль паслугамі, медыцынскае абсталяванне, сельскагаспадарчая і харчовая прадукцыя. Апошні павільён з'яўляецца найбольш запатрабаваным, сваю прадукцыю ў ім прадставяць каля 40 беларускіх прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны.

На ўдзел у выстаўцы прадугледжаны пэўныя затраты, але хіба можна ацаніць грашамі магчымасць заключэння выгадных кантрактаў, пачатку шматгадовага супрацоўніцтва? На «Імпарт Экспа» будуць прысутнічаць буйнейшыя імпарцёры з розных правінцый Кітая. Акрамя таго, нацыянальная экспазіцыя адлюстроўвае імідж краіны, яе эканамічны патэнцыял.

— У якой беларускай прадукцыі, на ваш погляд, найбольш зацікаўлены Кітай?

— Набіраюць папулярнасць беларуская прадукцыя з ялавічыны, малочныя прадукты, натуральны мёд. Акрамя таго, з'яўляецца мэтазгодным стварэнне на тэрыторыі Кітая сумесных вытворчасцей па зборцы сельскагаспадарчай тэхнікі, якая адпавядае спецыфіцы і патрэбам гэтага рынку. У цэлым яго спажывецкая здольнасць вышэйшая за вытворчую, таму высокім попытам карыстаецца якасная і канкурэнтаздольная прадукцыя з-за мяжы.

Тавараабарот Беларусі і Кітая ў студзені-красавіку склаў $1,09 млрд. Пры гэтым беларускі экспарт у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся на 37,9 працэнта да $138 млн. Сярод экспартных пазіцый можна выдзеліць калійныя ўгнаенні ($100,9 млн), поліаміды ($13,8 млн), лён ($3,6 млн), малочную прадукцыю ($2,9 млн). У сваю чаргу Кітай паставіў тавараў на $949,8 млн. У асноўным гэта апаратура сувязі, камп'ютарная тэхніка, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў.

Урадам пастаўлена задача дасягнуць да 2020 года ўзроўню экспарту ў Кітай у суме не менш як $1,5 млрд. Без адпаведнай дыверсіфікацыі экспарту будзе вельмі цяжка дасягнуць такога выніку.

— Беларускі кантактны офіс для падтрымкі экспарту арганізаваны
ў кітайскім горадзе Цындаа. Якія чаканні вы звязваеце з яго работай?

— Хачу падкрэсліць, што магчымасць адкрыць сваё прадстаўніцтва ў гэтым кантактным офісе на вельмі выгадных, ільготных умовах ёсць у любога беларускага прадпрыемства, якое атрымала рэкамендацыі Нацыянальнага цэнтра маркетынгу. У прыватнасці, бясплатна прапануецца дапамога ў арганізацыі праз офіс аптовага гандлю беларускімі таварамі, а таксама арэнда складскіх памяшканняў і плошчаў для дэманстрацыі ўзораў тавараў. Беларускі кантактны офіс размешчаны ў інавацыйным цэнтры супрацоўніцтва з краінамі Пояса і Шляху (BRCІC). Тут ужо адкрыты нацыянальныя офісы пасольстваў краін Азіі і Афрыкі. Беларускі офіс толькі пачынае сваю работу. Чакаецца, што ён будзе садзейнічаць інтэнсіфікацыі беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў сферах гандлю, фінансаў, культуры, спорту, турызму, адукацыі, а таксама дасць магчымасць павялічыць экспарт беларускіх прадпрыемстваў у Кітай.

— Ці плануецца стварэнне такіх структур у іншых краінах?

— Спачатку паглядзім, як будзе рэалізаваны кітайскі праект, наколькі запатрабаваным ён будзе сярод беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў.

— Як яшчэ Нацыянальны цэнтр маркетынгу дапамагае беларускім экспарцёрам пры выхадзе на кітайскі рынак?

— Акрамя арганізацыі выставачных мерапрыемстваў за мяжой, у тым ліку ў Кітаі, мы праводзім маркетынгавыя даследаванні, займаемся пошукам імпарцёраў, дылераў і дзелавых партнёраў за мяжой. У нашай кампетэнцыі таксама арганізацыя і правядзенне сустрэч і перагавораў у фармаце В2В, міжнародных форумаў, анлайн-відэаканферэнцый з удзелам замежных экспертаў і дыпламатаў пасольстваў Беларусі за мяжой.

Акрамя таго, цэнтр выступае аператарам партала Export.by, які з'яўляецца асноўным інструментам дэманстрацыі экспартных магчымасцей беларускіх прадпрыемстваў і імправізаванай вітрынай беларускіх тавараў, якія можна пры дапамозе партала ўбачыць у любой краіне свету. Яны сапраўды канкурэнтаздольныя па многіх пазіцыях, прадпрыемствам важна ўмець заявіць пра сябе, у тым ліку на маштабных выстаўках. Наперадзе ўдзел у важнейшым праекце, чакаем заключэння шматлікіх кантрактаў.

Загаловак у газеце: Васількі ў Шанхаі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».