Часам глядзіш на беларускі нацыянальны строй і нават крыху зайздросціш: якія ж былі ў нашых продкаў прыгожыя сукенкі ды кашулі! Вось бы мець нешта падобнае зараз... Чаму ж не? Ірына Паўловіч, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, ужо некалькі гадоў займаецца вырабам народных строяў у шэрагу тэхнік: ткацтва, вышыўкі, вязання, пляцення і іншых.
— Мне заўжды было цікава ствараць нешта прыгожае і карыснае, спалучаць, канструяваць, увасабляць, нават калі вынік значна адрозніваўся ад пачатковай задумы, — расказвае дзяўчына. — Некалі я моцна захапілася жывапісам, але ўвесь час заставалася крыху незадаволеная тым, што выявы нельга выкарыстаць напоўніцу. Хацелася ствараць менавіта рэчы.
Я доўга не наважвалася падысці да матэрыялу: ведаў і навыкаў, атрыманых на «працоўным навучанні» ў школе, не ставала.
Шмат чаго ў маім жыцці змянілася, калі я даведалася пра Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Пачала наведваць гурток «Шыем строй». Хацела стварыць для сябе адзенне на матыў з традыцыйнага Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, адкуль паходзіла мая прабабуля па матчынай лініі. Менавіта ў гуртку я навучылася разнастайным прыёмам, своеасаблівай логіцы традыцыйных рэчаў. Больш за тое, пазнаёмілася з сапраўднымі майстрамі і майстрыхамі, якім бязмерна ўдзячная за натхненне і навучанне і да якіх часам звяртаюся па параду. Мой строй быў гатовы ўжо праз паўгода, але, як аказалася, самае цікавае чакала мяне наперадзе.
— Можа, і адмысловыя прылады якія маеш?
— На лецішчы ёсць кросны, якія ўяўляюць сабой звычайны, былы ва ўжытку варштат пасляваеннай работы. Падчас экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства «Пружаны — Кобрын 2016» мясцовыя жыхары згадзіліся аддаць яго за вельмі сімвалічны кошт. Да гэтага за кроснамі я сядзела літаральна некалькі разоў, але ўжо паспела пранікнуцца прадуманасцю і прыгажосцю ручнога ткацтва. Сваякі падтрымалі маё памкненне і згадзіліся дапамагчы ў іх транспарціроўцы, за што я ім вельмі ўдзячная. Насамрэч, кросны сталі для мяне адным з самых каштоўных набыткаў.
— Табе ў рабоце хтосьці дапамагае?
— Непасрэдна рэчы я вырабляю сама, але ёсць справы, якія самастойна не зробіш. Напрыклад, для якаснай запраўкі кроснаў — падрыхтоўкі іх да ткання — патрэбны два-тры чалавекі. Мне дапамагае маці, і гэтая справа займае ў нас звычайна некалькі дзён.
— Дзе чэрпаеш натхненне?
— Заўжды ёсць ідэі, якія чакаюць увасаблення, але, натуральна, з'яўляюцца яны на падставе чагосьці ўбачанага. Досыць вольна адчуваю сябе ў стварэнні «на матыў», іншымі словамі, часта раблю тое, што ўяўляецца менавіта мне, ніколі не імкнуся да дакладнай рэканструкцыі. Вялікім натхненнем для мяне застаюцца аўтэнтычныя вырабы і расповеды носьбітаў традыцыі. Калі падарожнічаю, як па Беларусі, так і па замежжы, заўжды наведваю этнаграфічныя музеі. Але ні адзін музей не заменіць гутарку з майстрамі сталага веку...
— Што для цябе самае складанае?
— Размяркоўваць час. Здараецца, што саджуся «на гадзінку» пашыць і, канешне ж, раблю гэта даўжэй, да поўнага задавальнення ад зробленага, ахвяруючы іншымі не менш важнымі справамі.
— Чаму, на тваю думку, так важна аднаўляць даўнія традыцыі?
— Па-першае, традыцыйныя рамёствы кіруюцца неверагоднай лагічнасцю і разумным выкарыстаннем матэрыялаў. Па-другое, шматлікія прыёмы і тэхнікі ўдала інтэгруюцца ў сучаснасць, пэўным чынам выпрацоўваюць непаўторны і пазнавальны стыль. Традыцыя — куды шырэйшая за арнаментаваную стужку, хочацца даносіць гэта праз рэчы, якія я раблю.
— У якой тэхніцы больш за ўсё любіш працаваць?
— Па-шчырасці, займаюся толькі тым, што вельмі падабаецца. Падкрайное адзенне мае шмат цікавых вырашэнняў з пункту гледжання канструкцыі, раскройкі, стварэння сілуэтаў і выкарыстання дробных дэталяў. Вязаць пульсэткі, усыпаныя шклянымі перлінамі, проста вельмі прыемна. Акуратна і раўнамерна ставіць каляровыя штампы рознай формы, прыдумляючы спалучэнні і кампазіцыі, — неверагодна захапляльна. Пра ткацтва магу казаць бясконца, бо гэта праца, якая патрабуе высілкаў, часу, цярпення, прадумвання і некаторага «праграмавання» вынікаў, а адчуванне наяўнасці сваёй тканіны — неперадавальнае.
Апошнім часам заказы паступаюць усё часцей, чаму я вельмі рада: гэта магчымасць спрабаваць нешта новае.
— Плануеш развіваць свой асабісты брэнд?
— Натуральна, думаю працягваць працу, якая прыносіць шмат радасці, тым болей ёсць куды імкнуцца і чаму вучыцца. Паўнавартаснага камерцыйнага праекта пакуль не прыдумляла, але ўсё можа быць. Канешне, мару мець болей часу. Асабліва дзеля таго, каб паспець пазнаёміцца са сталымі майстрыхамі і майстрамі, пераняць традыцыю ад жывых носьбітаў і ўвасобіць яе ў сваёй творчасці — гэта, на маю думку, будзе самы каштоўны ўнёсак.
Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.