Вы тут

Пра навуку па-беларуску? Было б жаданне!


Аб'явамі аб адукацыйных імпрэзах зараз кагосьці здзівіць складана. Толькі каб наведаць навуковую лекцыю, на якой інфармацыя выкладалася б проста і, галоўнае, зразумела для чалавека любога ўзросту, трэба, каб моцна пашанцавала. А ці лёгка засвойваць навуку на беларускай мове? Спроба Анастасіі Палтаржыцкай ператварыць складанае ў даступнае і цікавае, а затым выкласці гэта па-беларуску вылілася ў праект «Навука на балоце».


Два гады таму, яшчэ будучы студэнткай БДУ, дзяўчына разам з сябрам вырашыла знаёміць людзей з фізікай. Дамовіліся: дзяліцца інфармацыяй будуць у выглядзе лекцый. Пасля перамоў з адной інтэрнэт-кампаніяй, якая дазволіла правесці мерапрыемствы на іх пляцоўцы, дзяўчына пачала рыхтаваць тэарэтычны матэрыял. Цудоўна памятае: тэма датычылася малекулярнай фізікі. На другую сустрэчу быў запрошаны работнік музея, які паказваў доследы з вадкім азотам. Пачатак праекта прыйшоўся на вясну, у той час сябры правялі толькі некалькі лекцый.

— А потым распачаўся новы сезон. Сярод тэм у нас была электрычнасць, астраномія. Расказвалі нават пра генетыку. Прывозілі прыборы з лабараторыі, глядзелі на Месяц праз тэлескоп з вуліцы. Сапраўды, шмат усяго было..., — успамінае Анастасія. — Асабліва спадабаліся лекцыі па генетыцы, разлічаныя на больш дарослую аўдыторыю, ды і лектар добра падрыхтаваўся.

Дзяўчына расказвае, што знайсці лектара — задача няпростая, бо трэба, каб у чалавека было не толькі жаданне расказаць, але яшчэ і здольнасць данесці інфармацыю папулярна на беларускай мове. Схема «падслухаў — расказаў» працуе тут на ўсе сто: часам толькі праз знаёмых можна знайсці тых, хто пагодзіцца бясплатна патраціць свой час. Аднойчы запланаваная лекцыя па філасофіі адмянілася, таму што запрошаны лектар прызнаўся: «Я не змагу расказаць даступна!» Здараюцца і цяжкасці з перакладам. «Але калі патрабуецца дапамога, я заўсёды гэта раблю», — дадае Анастасія.

Па словах арганізатара, на простыя тэмы яна запрашае сяброў са старэйшых курсаў. На сустрэчах навучаюцца ўсе: для лектараў таксама карысная работа з аўдыторыяй.

Сама імпрэза складаецца з некалькіх частак: прэзентацыя тэмы, гульні з аўдыторыяй, а другая частка — практычная.

— Верагодна, было б прасцей рыхтаваць матэрыялы па-руску. Чаму вырашылі выкарыстоўваць беларускую мову?

— Я была яшчэ малая, калі мяне прывялі ў суполку, дзе захапляліся беларускамоўнымі настольнымі гульнямі. Там і пазнаёмілася са сваім сябрам. Ён прапанаваў зрабіць нешта на мове. Я падумала пра лекцыі. Вось так і з'явілася «Навука на балоце». Праўда, цяпер працую адна, бо ў сябра з'явіўся ўласны праект.

Дарэчы, лекцыі цалкам некамерцыйныя, бо знайсці спонсараў не так проста. Затое актыўнасць абавязкова заахвочваецца яблыкамі. Анастасія кажа, што калі іх не застаецца, гэта значыць адно — сустрэча сапраўды атрымалася.

— Мне падабаецца, што лекцыі наведваюць і дзеці з бацькамі, і студэнты, і людзі больш сталага ўзросту. Слухаюць, падказваюць, спрабуюць размаўляць на беларускай мове, — кажа дзяўчына.

Звычайна атмасфера на пляцоўцы заўсёды цёплая, і на тое ёсць пэўныя прычыны: сюды прыходзяць людзі, якія чакаюць кожную лекцыю, таму Анастасія ўжо ведае многіх у твар. Кажа, што можа прыйсці 60 чалавек, а часам — усяго 10. Тлумачыць: «Усё залежыць ад тэмы».

Папулярызацыя навукі і беларускай мовы — менавіта так арганізатар вызначае мэту лекцый. На яе думку, мова павінна выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах жыцця, таму дзяўчына імкнецца максімальна спрыяць гэтаму працэсу. Але займацца ўсім адной не так проста...

— Я хачу, каб праект дзейнічаў, таму што ён сапраўды файны, — тлумачыць Анастасія. — Калі да цябе прыходзіць выкладчык і пасля лекцыі кажа, што ўсё было крута, гэта ўзрушвае. Прыязджаў і мой сябра, што навучаецца ў Германіі ў аспірантуры. Ён падышоў пасля лекцыі і сказаў: «Насця, ты клёвая». Ведаеце, калі чуеш такую ацэнку сваёй працы, то хочацца рабіць. Яно тады і само робіцца.

Таццяна АШУРКЕВІЧ, студэнтка ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.