Вы тут

Новыя колеры Флер’янова


У другі ўжо раз гэтым летам прайшлі “Флер’яноўскія чытанні”

Пра тое, што сёлета на Ляхавіччыне пройдуць ужо другія “Флер’яноўскія чытанні”, я даведаўся спачатку ад сябра. Тэлефанаваў спецыяльна з Мінска, заспеў мяне ў роднай Яцкаўшчыне: на сенакосе. Бацькоўская сядзіба там патрабуе догляду, асабліва ўлетку, калі ў старым садзе пад яблынямі трава не тое што ў пояс — у мой рост. Мама б сказала на тое: хутка там ваўкі завыюць... У першую палову адпачынку я й наводзіў парадак у садзе яшчэ татавай касойлітоўкай, слухаючы вечарамі салаўёў, раствараючыся ў яцкаўскіх пахах, колерах, гуках, а таксама ўспамінах пра сваё вясковае маленства.


Выступае Алесь Бадак

Крыху пазней у той жа дзень пазваніла на мабільнік і Вольга Пляшэвіч, дырэктарка Ляхавіцкай раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, запрасіла на чытанні. Эх, а ў нас авіябілеты якраз на “флер’яноўскі” дзень, 16 чэрвеня: ляцім з жонкай у Індыю, каб пры дапамозе тамтэйшай Аюрведы свае дошы ўраўнаважыць ды сіл набрацца. Дамовіліся на будучыню, што абавязкова далучуся да цікавага культурнаасветніцкага праекта землякоў. Згадалі, што з Ляхавіччыны родавыя карані такіх вядомых людзей, як пісьменнік Уладзімір Дамашэвіч, паэт і журналіст Леанід Пранчак, паэт і празаік Алесь Бадак (цяпер ён — дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”), гісторык Віталь Скалабан, фотамайстар Яўген Коктыш, мастак Алег Карповіч. Нядаўнім часам, нагадаў я Вользе Анатолеўне, усё больш вядомай становіцца й творчасць удзельніка вайны, фатографасамародка Петрыка Таранды з вёскі Зарытава: пра тое рупіцца ягоны пляменнік Мікола Таранда, навуковецбіёлаг з Гродна й таксама ўраджэнец Зарытава. Зробленыя Петрыкам у 50-70-я гады фотаздымкі ў некаторых знаўцаў выклікаюць асацыяцыі... з эстэтыкай фільмаў Федэрыка Феліні! З суседніх Жарабковіч, адкуль была й мая мама Вольга Рыгораўна Арэшка, родам вядомы антраполаг і генетык, доктар біялагічных навук Аляксей Мікуліч: у 2005-м у Мінску пабачыла свет ягоная каштоўная кніга “Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу”. Жыве, працуе ў Кіеве выкладчыкам (на дзявятым дзясятку гадоў!) Міхаіл Паўлавіч Ждановіч, з Яцкаўшчыны родам: кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, “професор кафедри реконструкції аеропортів та автошляхів Національного авіаційного університету”. З ягонай сястрой Марусяй, дарэчы, мы й нядаўна гутарылі ля аўталаўкі. Казала, і яе сын Міша ў разумнага дзядзьку ўдаўся: займаецца цяпер бізнесам.

Яшчэ гаварылі мы з Вольгай Анатолеўнай пра знакамітага Яна Караля Хадкевіча — то быў вайсковы й дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага: гетман вялікі літоўскі (1605) і ваявода віленскі (1616). Хоць прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў і не з мясцовых людзей родам, аднак якраз ён, гетман, валодаў Ляхавічамі ў свой час ды напрыканцы ХVІ стагоддзя вельмі ўмацаваў горад, пабудаваўшы там Ляхавіцкую фартэцыю — кажуць, найбуйную крэпасць у тагачаснай Рэчы Паспалітай.

З Ляхавіччыны быў, з Грушаўкі верагодней за ўсё, родам Тадэвуш Рэйтан: знакаміты патрыёт, пасол ад Наваградчыны на гістарычным вальным сойме ў Варшаве. Ён разам з паплечнікам Самуэлем Корсакам усімі сіламі адстойваў незалежнасць Бацькаўшчыны (сакавік 1773 года) перад тым, як яе цалкам паглынула Расійская імперыя. Рэйтан, дарэчы, нацыянальны герой Польшчы, і для многіх беларусаў — прыклад сапраўднага патрыятызму. З Ляхавіччыны родам і Зьміцер Юркевіч — мастак, гісторык, краязнаўца, кіраўнік Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана. Гаварылі й пра ўраджэнца Ляхавічаў, пісьменніка (і кантрабандыста…) Сяргея Пясецкага (найсвядомая кніга яго — “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”). Я згадаў і ўраджэнца Жарабковічаў, кандыдата філалагічных навук Генадзя Праневіча, вучня Алега Лойкі. Генадзь плённа працаваў у Брэсце, адным з ягоных навуковых зацікаўленняў быў пошук аргументаў на карысць таго, што аўтарам “Слова пра паход Ігаравы” мог быць святы Кірыла Тураўскі. Цікава рэалізуе свае таленты і ўраджэнка вёскі Востраў Таццяна Бялова — у якасці кнігавыдаўца. Цяпер яна — дырэктарка мінскага выдавецтва “Беловагрупп”. З Ляхавіччынай спалучаны лёс і вядомага паэта, празаіка (раман “Бедна басота” — увогуле з’ява ў сучаснай беларускай літаратуры) Віктара Гардзея: хоць родам ён з суседняга раёна, Ганцавіцкага, ды плённа працаваў і ў нашай раённай газеце.

Палац у Флер’янове

Са слоў Вольгі Пляшэвіч я даведаўся, што цяпер яна разам з іншымі калегаміпрацаўнікамі з Ляхавіцкай раённай ЦБС шукае, сістэматызуе матэрыялы пра вядомых ураджэнцаў Ляхавіччыны. Пазней Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч, ведаючы пра мае ляхавіцкія родавыя карані, выказаў меркаванне: землякам варта б з цягам часу пераўтвараць Флер’яноўскія (Ляхавіцкія) чытанні ў краязнаўчыя — з дакладамі, навуковымі паведамленнямі. Тады, мяркуе Алесь Мікалаевіч, сам вядомы краязнаўца, можна будзе падтрымаць ініцыятыву ды выдаць матэрыялы асобным зборнікам. Што ж, ляхавіцкі мацярык — сапраўды надзвычай каларытны, асабліва калі паглядзець шырэй, за межы рэгіёна, краіны. Таму й гэтымі нататкамі я звяртаюся да землякоў з замежжа: давайце, ляхаўчане, разам клапаціцца пра тое, каб ведалі ў свеце як мага больш пра нашу малую радзіму.

Помніцца, нябожчык ужо Віталь Скалабан, руплівец на ніве беларушчыны, хацеў нават стварыць “Ляхавіцкае зямляцтва”, ды справа неяк не пайшла. З сучаснымі інтэрнэттэхналогіямі, мяркую, суполку можна зрабіць віртуальнай. У прыватнасці, раённая газета “Ляхавіцкі веснік”, якой кіруе Вольга Барадзіна, змяшчае ўжо не адзін год шэраг найцікавых тэкстаў пра вёскі раёна, іх людзей, расказвае пра знакамітых землякоў. Скажам, пісалі калегі пра Адама Мурзіча: ураджэнец Ляхавіч лічыцца адным з найлепшых педагогаў па вакале ў краіне, ён заслужаны работнік культуры, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

З матэрыялаў, якія даслала мне Вольга Пляшэвіч, вынікае: у вёсцы Флер’янова, дзе ладзяцца чытанні, у параўнальна добрым стане захаваўся мемарыяльны палацавапаркавы ансамбль. “Да другой паловы XІX стагоддзя на тым месцы было чыстае поле, — удакладняе Вольга Анатолеўна. — Тыя землі перайшлі ў спадчыну Яну Отану Бохвіцу (1835–1915) ад бацькі Фларыяна, пісьменніка й філосафа, які быў, што цікава, жанаты з Паўлінай Маеўскай — роднай сястрой Барбары Маеўскай, маці Адама Міцкевіча. Сам Ян Бохвіц маладым афіцэрам расійскай арміі паўдзельнічаў у Крымскай вайне (а я раней пісаў пра ўдзел беларусаў у тых падзеях, пра Брацкія могілкі на Паўночнай старане ў Севастопалі, дзе былі пахаваны дзясяткі тысяч абаронцаў горада. — Аўт.). Пасля заканчэння вайны Ян атрымаў шырокую папулярнасць у родных мясцінах як гарачы прыхільнік скасавання прыгонніцтва. За ўдзел у нацыянальнавызваленчым паўстанні 1863 года быў кінуты за краты ў Дынабургскую крэпасць. (Гэта ж Дзвінск, Даўгаўпілс, у якім цяпер вельмі моцная беларуская суполка. — Аўт.). Пасля году турмы быў памілаваны, пасля чаго шчыра ўзяўся за працу па узнаўленні разбураных уласных сядзіб. Спачатку пабудаваў палац непадалёку ад вёскі Вошкаўцы і назваў яго імем бацькі: Фларыянава. Калі ж заклаў новы палацавапаркавы ансамбль на рэчцы Качарэшцы пад Баранавічамі, то назваў яго імем сваёй маці: Паўлінава”. Такому шанаванню бацькоў, як і патрыятызму, любові да родных ваколіц у яго можна й нам павучыцца. Ян Отан Бохвіц належаў да кагорты прадстаўнікоў лепшай беларускай інтэлігенцыі, якія жылі рэфарматарскім духам. У спадчынным і адноўленым маёнтку Фларыянава ўдзячны сын сваіх бацькоў заклаў эксперыментальны сад, у якім вырошчваў новыя гатункі пладовых дрэў. Кажуць, меў высокія прыбыткі.

Зробім удакладненне. Спярша Бохвіцы жылі ў Вошкаўцах: сёння вёска Ураджайная. На вялікі жаль, на месцы той сядзібы цяпер засталіся руіны. А Ян, родам з 1835‑га, пераехаў у будучае Флер’янова разам з бацькамі ў 1838-м. Тады ж Фларыян, вядомы філосаф, і пачаў уладкоўваць гаспадарку, парк. Справу бацькі працягваў Ян Отан. Праз пэўны час заснаваў і сядзібу Новыя Вошкаўцы, якую назваў пазней у гонар бацькі Фларыянава, што з часам стала Флер’янова.

“Флер’яноўскія чытанні” праходзяць на свежым паветры

Што яшчэ вядома пра сядзібу? “Пасля Яна Отана, які жанаты быў з Феліцыяй Булгак, маёнтак перайшоў да яго сына Тадэвуша (1863–1930), пашлюбленага з Браніславай Цывінскай, — піша далей Вольга Пляшэвіч. — А Тадэвуш быў блізкім сябрам пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Пасля Тадэвуша Фларыянава наследаваў ягоны сын Ян Бохвіц (1894–1937), жанаты з Марыяй Гольстэн. Апошнімі ж гаспадарамі маёнтка да Другой сусветнай вайны былі блізкія родзічы Яна Бохвіца”.

Праз радавод Бохвіцаў, як праз павелічальнае шкло, можна разглядваць важныя моманты беларускай гісторыі. Мяркую, імя Тадэвуш (згадаем Тадэвуша Рэйтана, а таксама паэму “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча…) не было выпадковым у Бохвіцаў. Як і сяброўства Тадэвуша Бохвіца з Элізай Ажэшкай: яна ж таксама не засталася ўбаку ад паўстання 1863 года.

Але вернемся на зямлю. Палац, які ацалеў у Флер’янове, будаваў Ян Отан Бохвіц: каля 1870 года. Будынак быў драўляны, узведзены на высокім падмурку, часткова аднапавярховы, часткова мансардны. 3 боку парку — веранда. Палац быў пад гонтавым дахам. У хуткім часе ён, пэўна, стаў цеснаватым, таму з двух бакоў зрабілі мураваныя прыбудоўкі ў стылі неаготыкі. “Пасля заканчэння будоўлі ды рэканструкцыі палац меў 19 пакояў (15 на першым паверсе і 4 на другім), — удакладняе Вольга Пляшэвіч. — На другім паверсе зрабілі вялікі салон у неагатычным стылі. У палацы не было старадаўняй спадчыннай мэблі, а толькі набытая ў час будаўніцтва палаца. На першым паверсе акрамя бібліятэкі была яшчэ сталовая. На сценах пакояў першага і другога паверхаў вісела невялікая калекцыя малюнкаў мастакоў Арлоўскага і Фялінскага. Перад Першай сусветнай вайной частку мастацкіх твораў, літаратуры перавезлі ў Нясвіжскі палац”.

Пры будаўніцтве палаца вакол яго быў закладзены ўнікальны парк. Алея вяла да палаца ад уязной брамы, якая, на жаль, у Першую сусветную вайну была разрабавана. Дзверы брамы кайзераўцы вывезлі ў Германію: бо то была вялікая каштоўнасць. Вось бы, падумалася, знайсці! А між брамай і палацам цягнуўся газон з жывой агароджай. Пасярэдзіне газона расла вялікая ліпа. Газоны з кветкавымі клумбамі абкружалі палац з усіх бакоў.

А не толькі з‑за прыгажосці выбралі на Ляхавіччыне тую мясціну для правядзення “Флер’яноўскіх чытанняў”. Вольга Пляшэвіч нагадала, што напрыканцы XІX — пачатку XX стагоддзя флер’яноўскі фальварак быў адным з асяродкаў беларускапольскіх культурных зносін. Пры Тадэвушы Бохвіцы ў доме быў створаны летні пансіянат. Яго наведвалі вядомыя людзі: пісьменніца Эліза Ажэшка (добрая знаёмая пана Тадэвуша), нобелеўскі лаўрэат y галіне літаратуры Уладзіслаў Рэймант, літаратурны крытык Юзаф Катарбінскі ды многія іншыя. Усе тыя людзі траплялі ў Флер’янова па запрашэнні Элізы Ажэшкі. Сама ж яна завітала на Ляхавіччыну, шукаючы летняга адпачынку. “У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калінебудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць y крышталі духмянага паветра, — пісала Эліза Ажэшка з Флер’янова. — …Я прагну яшчэ раз y жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны й ладны пансіянат для людзей такіх, як я, y вясковым значэнні бяздомных”. Вядома яшчэ, што ў 1909-м у Флер’янове госці ў памяць пра тое, што жылі там, пасадзілі маладыя дубкі. А дуб, пасаджаны Элізай Ажэшкай, ужо мае больш чым векавы ўзрост.

Газета “Голас Радзімы” пісала пра карысную ініцыятыву нашых калег з газеты “Ляхавіцкі веснік”: 21 красавіка 2011 года ў Флер’янове былі пасаджаны 100 дубкоў. Той дзень і лічыцца датай нараджэння маладой дубравы. А ў памяць пра літсалон Бохвіцаў два гады таму Ляхавіцкая раённая ЦБС, райвыканкам, “Ляхавіцкі веснік” выступілі з ініцыятывай: аднавіць у Флер’янове традыцыю сустрэч цікавых людзей, правядзення літаратурных чытанняў.

Як усё ў Флер’янове праходзіла — мы яшчэ раскажам. Я ж з Мінскага аэрапорта ўранні 16 чэрвеня праз Алеся Бадака даслаў грамадзе такую СМС-ку: “Паважаны зямляк! Перадай, калі ласка, маё вітанне ўдзельнікам Флер’яноўскіх чытанняў. Я на шляху ў Індыю. А думкамі сёння — з вамі. З павагай, Іван Ждановіч з Яцкаўшчыны”.

Іван ЖДАНОВІЧ

Фота Маргарыты КУХТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.