Вы тут

Друкуецца ў «Маладосці»


Летняя «Маладосць» працягвае вандраваць па далёкім і блізкім свеце — праходзіць вясковымі сцежкамі ў кампаніі Сыракомлі, падарожнічаць да Турцыі з Саламеяй Пільштыновай з Русецкіх, кідаць кароткія позіркі на Барселону і Рым, бадзяцца дарогамі Грузіі... Апошняе здзейсніў леташні дэбютант часопіса Аляксей Карпека. Тым часам калумністка часопіса Яна Мусвідас адкрыла для сябе Мінск, а Дзмітрый Шулюк, аўтар калонкі «Рубінавыя радкі»... выйшаў за межы сябе.


Дзмітрый Шулюк

За межы сябе

(Скарочана)

Да шаснаццаці гадоў я ніколі не быў за межамі роднай Смаргоншчыны. Усе падарожжы адбываліся на гэтым параўнальна невялікім лапіку зямлі і было іх няшмат. Раз на два-тры месяцы — у Смаргонь, раз на пяць гадоў — да родных у Кушляны, ці Залессе, ці Несцяняты, але часцей пад Дубатоўкі. Удзел у двух школьных паходах — у Плавушку і ў Сасноўку — вось і ўсе вандроўкі па маіх былых ваколіцах. Асобна трэба сказаць пра ровар. Ровар — адзін са стваральнікаў маіх першых вершаваных радкоў, адзін з найважнейшых элементаў мінулага, галоўны спадарожнік у першых падарожжах. Але напачатку роварам кіраваў тата.

Ад вёскі Сачаняты, дзе я правёў пакуль большую частку свайго жыцця, да раённага цэнтра ўсяго кіламетраў з дваццаць сем. І гэту дарогу тата не аднойчы адольваў на ровары. Часта я сядзеў на раме. Асабліва помніцца час, калі мама ляжала ў радзільні з маім малодшым братам Сашам. На працягу, здаецца, тыдня кожную раніцу мы ехалі да яе.
Я тады хадзіў у школу ў другую змену і якраз паспяваў вярнуцца да пачатку заняткаў. Гэта быў вельмі добры час. Пасля ён часткова паўтарыўся. Толькі я ўжо не сядзеў на раме, а ехаў побач. На маім былым месцы сядзеў Саша.

Усё завяршылася, калі я скончыў школу і сваё жыццё ў Сачанятах з бацькамі. Толькі аднойчы на няпоўныя два гады вярнуўся, але не знайшоў нічога з таго, што пакідаў. Усё адно, што вярнуцца ў школу і паспрабаваць вучыцца далей па школьных правілах, увайсці ў тую ж раку праз дзесяцігоддзе, калі ад ракі застаўся адзін ручай, які бяжыць некуды імкліва...

Аднойчы з'ехаўшы са Смаргонскага раёна, я не магу супакоіцца і працягваю з'язджаць і ездзіць, жыць часова, гасцяваць, не пакідаючы «дому» нідзе. Магчыма, пазней, калі-небудзь. Пакуль што мне прыемней мець родныя кавалачкі паўсюль, чым адну мясціну-магніт, ад якой я не змагу адарвацца. Пакуль што я не хачу хапаць і трымаць, біцца за нейкае выпадковае сваё... Я ўжо ўбачыў, што межы патрэбна абмацваць са знешняга боку. Часцей за ўсё іх не існуе, гэта ілюзія, звычкі, таму і выходжу, выходжу, выходжу... У гродзенскай бальніцы, на львоўскай аглядавай вежы, у кіеўскім парку, у страдубскай школе, на полацкім чыгуначным вакзале я ёсць я, не больш і не менш, чым у любым іншым месцы. Я гатовы сяліцца там і жыць: тыдзень, месяц, год. Пакуль што мае сцены — гэта мая скура, мае вокны — мае вочы, мая печка — сэрца. Мне цёпла са мной. Толькі насамрэч усё куды больш складана...

Калі раптам хто з чытачоў не ведае, то трымайце навіну: я пішу прозу. Штосьці было надрукавана, штосьці не, сутнасць у іншым. У тым, што я пішу гэтую прозу толькі дзякуючы сваёй калонцы ў часопісе. «Толькі» — вельмі катэгарычнае слова, але ў гэтым выпадку да месца. Любы пісьменнік — жывы чалавек. Вакол яго вельмі шмат дробязяў, шмат асабістых праблем. І ён варыцца ва ўсім гэтым, прапітваецца, напаўняецца чужародным сочывам, якое немагчыма пасля, сеўшы пісаць, не выціснуць на старонкі. Дзіцячыя крыўды, спрэчкі з бацькамі, каханне — усё гэта прарывае любыя фільтры, прабівае любую агароджу і псуе тэкст. Псуе сваёй чужароднасцю. Псуе, бо мова мастацтва і мова жыцця — гэта розныя мовы. Уявіце: сярод музыкі Брамса раптоўна паўза і голас піяніста «я напісаў бы ўсё хутчэй і лепш, калі б вы мне не перашкаджалі», ці «Голад» Кнута Гамсуна, дзе той, разрывае форму, стыль і змест эмацыянальнымі зрывамі, пераключае камеру на сябе з галоўнага героя. Мне складана ўявіць. Нават «Уліс» Джойса. Джойс метадычна падае спасылкі нават на сваё жыццё і робіць гэта на працягу колькі гадоў. Прыгладжваючы ўсе вуглы, сінтэзуючы сваю біяграфію ў свае ж радкі. Не блытайце героя і аўтара, аўтару неверагодна шмат прыходзіцца рабіць, каб быць героем, але каб герой не быў аўтарам.

Калі ты не выходзіш з дома, ты не можаш выйсці з дома. Ты стаў яго часткай, а ён часткай цябе. Ніякіх падарожжаў больш не будзе. Ты будзеш сніць свае сны пра родную вёсачку і ў Парыжы, і ў Дубліне. Нават, пішучы раман-эпапею, ты не здолееш не згадаць, як табе несправядліва паставілі двойку.


Яна Мусвідас

Вандроўка па родным горадзе

(Скарочана)

Вандроўка — вельмі шырокае паняцце. Яны бываюць кароткімі, а могуць доўжыцца гадамі. Некаторыя нічога не значаць, а нейкія змяняюць вас назаўжды. Можна падарожнічаць па розных гарадах, а можна — унутры сябе. Я лічу, што пакуль ты не знойдзеш гармонію з канкрэтным горадам, не палюбіш яго і не адчуеш сваю сувязь з ім, ты — турыст. Так, я доўгія дзесяць гадоў была турысткай у Мінску.

У маім пашпарце ў графе «месца нараджэння» — горад Брэст. Мне прыемны гэты факт. Не тое каб я вар'яцела ад горада ці хацела ў ім жыць, проста адчуваю з ім сувязь. Я не прэпарырую Брэст: не вылучаю ў ім плюсы і мінусы, а проста прымаю яго такім, які ён ёсць, — гэта мой родны горад.

З Мінскам адносіны складваюцца не так лёгка. Доўгі час ён здаваўся мне надта няўтульным, шырокім, шэрым, пустым. Я не магла палюбіць размашыстыя вуліцы, таталітарную архітэктуру і сумных людзей. Мне падабаўся толькі Верхні горад і больш нічога. Калі я была падлеткам, мне было неяк не да гармоніі з горадам. Не было сіл і часу, каб яго палюбіць.

Думаю, усведамленне, што я люблю Мінск, прыйшло толькі тады, калі я зразумела, што хутчэй за ўсё мне давядзецца яго пакінуць. Да гэтага я ніколі так выразна не бачыла, што ў нас столькі крутых гараджан, так шмат стыльных, прыгожых, цікавых, разумных людзей.

Каб любіць горад, не абавязкова ідэальна ведаць усе яго вулачкі, але вельмі важна разумець людзей. А я, як высветлілася, не ведала пра мінчан нічога. Сапраўдныя гараджане — гэта не тыя, хто ездзіць штодня да завода ці офіса і назад, з панурымі тварамі, а тыя, хто робіць Мінск лепшым. Гэта гарадскія актывісты, якія робяць жыццё мінчан больш камфортным і прыемным, смелыя рэстаратары, якія адкрываюць у Мінску модныя кавярні, рашучая моладзь, якая арганізуе свае фестывалі і фэсты. Менавіта гэтыя людзі ствараюць Мінск, рухаюць наперад урбаністыку. Бо так важна ўкладваць свае сілы не толькі ў свой дабрабыт, але і накіроўваць іх на карысць тых, хто побач. Гэта і ёсць сапраўдная любоў.

Так скончылася маё падарожжа па Мінску...


Аляксей Карпека

Дарогамі грузінскіх бадзянняў

Уздоўж дарогі ад Тбілісі да Мцхеты і далей, ажно за Натахтары, рэжуць бараноў у Вялікую пятніцу. Рэжуць на месцы, нашто сантыменты. Сцэджваюць кроў, зразаюць шкуры, трыбушаць.

Пустыя голыя тушкі вісяць, чакаючы пакупнікоў, на перакладзіне, сімвалізуючы сабой канец Вялікага посту.

Пасля Зэстафоні дождж — густы, як добрае харчо. У дождж кіроўцы канчаткова вар'яцеюць. Людзі імгненна знікаюць з краявіду. Дождж змывае зімовы бруд і пыл. Усё вакол квітнее, снег саступае з гор.

Крывыя платы са старых дошак, іржавых сетак, лістоў металу ўздоўж дарог. Старыя аблезлыя сцены, цэгла абсыпалася, крывабока стаяць дамы.

Стомленасць, сон. Час застыў сярод тысячагадовых гор.

Адчуванне тленнасці фізічнага, матэрыяльнага.

Адчуванне часовасці ўсяго існага.

Тут мала хто сочыць за тым, як выглядае яго дом ды плот. Гэта ўсё — не важна. Бо жывучы тут, разумееш, што гэта ўсё часовае перад адвечнасцю гор.

Абшарпаныя хаты тонуць у квітнеючай зеляніне. Адзічэлыя схілы пагоркаў і горы навісаюць над імі.

У параўнанні з гэтымі пагоркамі дамы ўнізе, у даліне або на схіле ўстрымаюцца як часовае, сезоннае жыллё.

Яны раскінуты па схілах хаатычна, без якой-небудзь сістэмы.

Усюды адно і тое ж. У Натахтары, Пасанауры, Сачхерэ, Цаленджыха. Пасляпаўдзённая лянота, шклянка белага дамашняга віна, веранда, сад, крэслы і стол з пластыку, працёртае адзенне, стомленасць і абыякавасць на тварах, замызганы мясцовы бар, дзе наліваюць танны «Казбегі», ёсць папяросы «Пірвэлі», чача, хінкалі і лобіа.

Ім няма куды спяшацца. Заўтра будзе такі ж дзень, як і сёння. І пасля поўдня ўсё будзе гэтаксама.

Гэта вялікія гарады спяшаюцца, імчацца жыць, а тут час цыклічны, падпарадкаваны сезонам, ён нібы замкнуўся, прыняў форму, памёр, уваскрэс і ператварыўся ў вінаградную лазу.

Пакінутыя касматыя свінні гойсаюць у канавах ля дарогі або на палях уздоўж. Патлатыя каровы ляніва гуляюць па дарозе і па вузкіх вулачках вёсак, раптам застываюць на паўдарогі і глядзяць на цябе глыбокімі, як калодзежы, вачыма. Даводзіцца ім сігналіць, каб сышлі з дарогі.

Нічога не мяняецца гадамі. Гэта можа быць у Сванетыі, Самцхе-Джавахетыі, у Кахетыі або Гурыі, у Аджарыі ці Імерэтыі.

Шлях да Сванетыі доўгі. Надвор'е жудаснае ўсю дарогу. Холадна, дождж, вецер. Горы блішчаць, гарбатыя, як вярблюды, узвышаюцца — і ні да каго ім няма справы. Дарога перыядычна бывае завалена камянямі розных памераў. Часам даводзіцца спыняцца і прыбіраць іх, каб праехаць. Нізкія аблокі наравяць сарваць шапкі, а голыя дрэвы без сораму фарсяць галінамі.

У Местыі дождж, пустыя брукаваныя вуліцы. Гестхаўз у доме пажылой пары. Жудасны холад. Пакой у ружовых колерах, фіялетавыя шторы, і на кожнай сцяне алоўкам намаляваны крыж-абярэг. Верагодна, ад нячыстай сілы. З ацяплення толькі чэзлы абагравальнік, цяпло ад якога можна было адчуць, толькі дакрануўшыся да яго рукою.

У кавярнях пуста, і толькі ў адной поўна народу, там цёпла. Пахне грузінскай ежай. Сумесь спецый, свежых траў, мяса і здобы.

Гледзячы раніцай на горы вакол, разумееш, чаму для Сванетыі традыцыі вышэйшыя за закон. Закон сюды прыйшоў нядаўна, і што ён значыць перад старажытнасцю традыцый і гор, у асяроддзі якіх жылі продкі?

...Дзесьці на выездзе з Местыі, раніцай, мы варылі каву, гледзячы на горы і лес.

Удалечыні з гор спускалася рака. Побач пасвіліся коні.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.