Вы тут

Святкавалі – у малой зале


Традыцыйнае Купальскае свята ў Даўгаўпілсе прайшло... з аншлагам: бо ладзілася ў малой зале Дома Адзінства ў фармаце канцэрта


У Даўгаўпілсе выступае гурт “На панадворку” з Браслава

Як і ў мінулыя гады, ладзіў імпрэзу Цэнтр беларускай культуры. Увогуле ў Даўгаўпілсе да Купалля — асаблівая павага: бо гэта ж адно з найстаражытных святаў нашых продкаў. Таму й стала ў нас “Беларускае Купалле” традыцыйным і вельмі папулярным. Мяняліся хіба ягоныя фарматы: ад Купальскага прадстаўлення ў зале да святаквэста ў парку Дубровіна. І заўсёды ўдаецца нам стварыць яркую, незабыўную атмасферу ўсеагульнага народнага гуляння. У сёлетнім праекце “БК” паўдзельнічалі як мясцовыя беларускія гурты, так і ансамбль народнай песні “На панадворку” з Беларусі: з горада Браслава. Так што, як ні дзіўна гучыць, але з аншлагам адшумела ў нас 6 ліпеня Купалле.

Вярнуцца ў залу, фарматам канцэрта “Беларускае Купалле” вымушана было, бо тэхнічна не выпадала нам зладзіць масавае вулічнае свята: у тыя дні ўся краіна жыла ў рэжыме Уселатвійскага свята песні й танцаў. Толькі напярэдадні ноччу з Рыгі вярнуліся тры калектывы ЦБК, для якіх вялікім гонарам было паўдзельнічаць у так званай латвійскай культурнай алімпіядзе. Беларусаў бачылі сотні тысяч гледачоў у святочным шэсці, на канцэрце ў тэатры Чэхава, на пляцоўках у Верманскім садзе. Пра тое й казала я, адкрываючы канцэрт “Беларускае Купалле”. Затым гучалі сардэчныя віншаванні на адрас нашай суполкі “Уздым”: яна менавіта ў гэты дзень адзначыла 25-годдзе з дня заснавання. Святкаваць юбілей будзем і 8 верасня: у Дзень беларускай культуры. Нам прыемна было бачыць разам з намі на святочнай імпрэзе консулаў Беларусі ў Даўгаўпілсе Мікалая Раманкевіча (ён нядаўна заступіў на пасаду, звярнуўся з вітальным словам да беларускай дыяспары й гасцей) ды Яўгенію Барткевіч.

А затым усіх захапіла Купальская праграма. Выступалі творчыя гурты ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны “Лянок”, вакальнаінструментальны “Пралескі”, харавая капэла “Спадчына”, тэатральная студыя “Паўлінка”. Дарэчы, “Купалінка”, “Паўлінка” ды “Пралескі” паказалі на сцэне якраз тую Купальскую праграму, з якой выступалі ў Рызе.

У плынь канцэрта прыгожым вяночкам паклаўся й верш “Ты мая Купалінка...”, які прачытаў аўтар, Святаслаў Валодзька. Гэта цікавае асэнсаванне сімволікі свята, якое й праз гады сагравае паэта: “Ты мая Купалінка,/ А я твой Купаліш./ Мы касцёр кахання/ Год каторы палім.// Што жадаць нам болей?/ Нашы сны збыліся:/ Нашы лёс і доля,/ Як вянкі спляліся,// На жыццёвай плыні,/ Як вянкі, сплыліся./ І Купальскай песняй —/ Сэрцы заліліся”. Потым бадзёры ансамбль народнай песні “На панадворку” прыўнёс у свята свае песні, мелодыі. Усе падпявалі гасцям з Браслава, прытупвалі, у далоні пляскалі, а некаторыя і ў скокі пускаліся: бо Купалле ж!

Можна было паўдзельнічаць у майстаркласах па вырабе лялекабярэгаў, гліняных свістулек і шмат чаго іншага. Хораша працавалі браслаўскія рамесніцы Ларыса Дарафейчык ды Ірына Высоцкая. Яшчэ майстры ад ЦБК паказвалі, як робіцца выцінанка. Таму многія гледачы ўзялі з сабой у Купальскую ноч не толькі ўзнёслы святочны настрой, але й сувеніры, паштоўкі, зробленыя ўласнымі рукамі.

...А водараў, таямніцаў Купальскае ночы, калі па шчырасці, трохі нам не хапала. Бо мы ж ведаем пра магію Купалля на прыродзе. Таму ў наступным годзе хочам вярнуцца на прыроду — хай сабе і ў гарадскі парк!

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры й суполкі “Уздым”, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.