Вы тут

Вянкі ў Прыморскім парку


У святочнай канцэртнай праграме “Ад Ліга да Купалля”, што ладзілася ў Ліепаі, паўдзельнічалі актывісты беларускай суполкі “Мара”


Да Купальскіх традыцый беларусы далучаюцца змалку

Беларускае Купалле ў латышскім горадзе Ліепая ў “чыстым выглядзе” не святкуецца. Ды ўсё ж у прадаўняй веры нашых продкаў моцныя карані, а якраз Купалле ёсць яркім водблескам той магутнай культуры. Калі суботнім вечарам 7 ліпеня ў Ліепаі ў Прыморскім парку ладзілася праграма “Ад Ліга да Купалля” — а гэта былі сімвалічныя абрады, вясёлыя народны гульні, а таксама канцэртныя нумары — то сярод ліепайчан было шмат і мясцовых беларусаў. На свяце выступаў ансамбль беларускай песні “Паўлінка” Ліепайскай беларускай суполкі “Мара”. Гучалі ў парку песні на латышскай і беларускай мовах: пра жыццё, каханне, прыроду. Акрамя музычнага прадстаўлення, можна было пабачыць некаторыя беларускія абрады, карагоды з народных традыцый святкавання Купалля. Многія падключаліся да такіх дзеяў, удзельнічалі ў конкурсах. Напрыклад, дзяўчат і жанчын запрасілі звіваць вянкі з травы, кідаць іх у ваду. Мы вадзілі карагод вакол Лебядзінай сажалкі, а таксама завязвалі стужачкі жаданняў на дрэва, яшчэ апырсквалі адзін аднаго вадой.

Прадстаўніца Ліепайскай украінскай суполкі “Світанак” Рыма Думбаева потым казала мне, што актывісты суполкі “Мара” стварылі для гледачоў прыгожае свята з нацыянальным каларытам. Спадабалася ёй ідэя: уключыць у канцэртную праграму й некаторыя Купальскія абрады, звязаныя з вадою, травою, ваджэннем карагодаў. Варта дадаць, што сцэнарыст усіх імпрэз “Мары” і “Паўлінкі” — наша таленавітая Жанна Буйніцкая, у большасці выпадкаў яна ж і вядучая, як тое было й на гэты раз. Яна ж і ўсімі арганізацыйнымі пытаннямі займалася, ладзячы суботнюю вечарыну беларускай суполкі. А правесці конкурсы, абрады, падбадзёрыць ды павесці за сабой гледачоў ёй дапамаглі дзеці ўдзельнікаў ансамбля: дачка Жанны Анастасія, а таксама дачка й сын Мікалая Грынюка Вольга й Андрэй. Яны былі ў гушчыні падзей, каля гледачоў, а сама Жанна вяла канцэрт і запрашала ўсіх да ўдзелу з астраўка Лебядзінай сажалкі — гэткай умоўнай сцэны, якой там няма…

Тамара Шулцэ (у цэнтры) з сяброўкамі з “Паўлінкі”

Суботнія вечары ў Прыморскім парку, якія ладзіць Упраўленне культуры Ліепайскай думы ў летнія месяцы, праходзяць з 2012 года па ініцыятыве прадстаўнікоў самакіравання ды арганізацый этнаменшасцяў. На вечарах выступаюць гурты з этнасуполак, мясцовыя музыкі. Сёлета гасцей і жыхароў Ліепаі радуюць культурныя й фальклорныя гурты беларускага, а таксама нямецкага, рускага, польскага, літоўскага і ўкраінскага таварыстваў, латышскі музыка Нормунд Карпічс.

На фотаздымку, які дасылаю, мы бачым удзельніц свята, гэта Ірына Бяляева, Раіса Дзямешка, Тамара Шулцэ, Таццяна Данілюк, Людміла Жунда. Удзельніцы гурта “Паўлінка” — гэта Ірына, Раіса, Таццяна і Людміла. У самім гурце, дарэчы, спяваюць яшчэ 3 жанчыны і 3 мужчыны. А Тамара Шулцэ — гэта старшыня нашай суполкі “Мара”, у ансамблі яна пакуль не спявае.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая

Фота Мікалая Грынюка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».