Вы тут

Дэфіле здольнасцяў


Памятаеце ж нядаўнюю навіну пра тое, што арганізатары конкурсу «Міс Амерыка» прыбралі з яго праграмы дэфіле ўдзельніц у купальніках? Тое, што так падабаецца мужчынам і што выкарыстоўваецца ў якасці «цяжкай артылерыі» самімі прадстаўніцамі другой паловы чалавецтва. А ці не для гэтага відовішча «Міс Амерыка» калісьці і задумвалася? («Задача жанчыны — прыкрыць цела адзеннем такім чынам, каб яго было максімальна бачна».) «Мы больш не беззмястоўнае шоу, мы — спаборніцтва», заявіла кіраўнік апякунскага савета конкурсу. Во як! А мы ж да гэтага часу думалі, што і раней канкурсанткі менавіта спаборнічалі паміж сабой, дэманструючы грацыю, прыгожае дагледжанае цела, што, зразумела, без здаровага ладу жыцця і спорту за рэдкім выключэннем немагчыма. («Аказваецца, Даша, хадзіла не дарэмна. Вунь якія ногі накачала».)


Далей кіраўніца распавяла, што да іх паступала шмат зваротаў дзяўчат, якія вельмі хацелі б паўдзельнічаць у конкурсе, але, маўляў, не хочацца разгульваць на абцасах і ў бікіні. Гэта што — залішняя сціпласць ці нешта іншае? («Увогуле, я за здаровы лад жыцця, але ў мяне гнуткі графік».) Не хочаш хадзіць па сцэне ў купальніку, апранай робу і ідзі на прафесійнае спаборніцтва зваршчыкаў! («— Доктар, як хутка прыбраць жывот? — Павярніцеся спінай!») Што, несправядліва? А ці справядліва мяняць правілы пад сябе? («Бландзінка заходзіць у бібліятэку і звяртаецца да работнікаў: — Мне, калі ласка, каву і дзве булачкі. — Дзяўчына, што вы сабе дазваляеце?! Гэта ж — бібліятэка!!! — Вой, прабачце, (ужо шэптам) мне, калі ласка, каву і дзве булачкі!») Калі хочацца бліснуць найперш розумам і кемлівасцю — паўдзельнічай у інтэлектуальным конкурсе. І, як падаецца, арганізатары «Міс Амерыкі» з нейкіх прычын хочуць перавесці яго менавіта на гэтыя «рэйкі».

Замест дэфіле ў купальніках дзяўчатам трэба будзе гутарыць з членамі журы на самыя розныя тэмы. Прадэманстраваць, як той казаў, свой багаты ўнутраны свет. Думаеце, атрымаецца? («Калі лічыце, што вас кінулі, таму што вы занадта разумная, значыць, вы — дурніца».) Таксама канкурсанткі больш не будуць выходзіць у вячэрніх сукенках, а змогуць выкарыстоўваць тое адзенне, якое, на іх погляд, максімальна адлюстроўвае асабісты стыль. («Калі твая дзяўчына пытаецца, ці не тоўстая яна, максімальна хутка арыентуешся і: «Хто тоўстая? Ты тоўстая? Не смяшы мяне. Ты самая худая. Вось сяброўкі твае тоўстыя. Мае знаёмыя бабы таксама. Ды і сам я тоўсты. Але самая тоўстая — мая ранейшая. А ты не».) Згодна з новымі правіламі «Міс Амерыка» павінна прайсці ўжо ў верасні. І дарога туды адкрыецца абсалютна для ўсіх? Цікава, намінацыі ў конкурсе таксама зменяцца? («Не слухай іншых, дзяўчынка. Ты самая прыгожая. У сваёй вагавой катэгорыі».) Ну ды бог з імі, гэтымі змяненнямі. Уласна, я нагадаў навіну пра «Міс Амерыка» вось дзеля чаго.

Літаральна некалькі тыдняў таму стала вядома, што ўпершыню ў гісторыі конкурсу каралевай прыгажосці стала... 60-гадовая ўдзельніца. Здавалася б... («У Адэсе: — Мадам, ды з вас ужо пясок сыплецца! — Зусім гэта не пясок... Гэта такі не згарэўшы ў маладосці порах».) Дык вось не! У конкурсе «Місіс Свету — 2018» пераможцам у такім паважаным узросце прызналі жыхарку Аўстраліі Робін Кэнер (на здымку). («Патрабуем павысіць бальзакаўскі ўзрост для жанчын».) Калі яна падавала заяўку на ўдзел, сяброўкі круцілі пальцам каля скроні, маўляў, куды ты лезеш, на «Місіс Свету» спрабуюць прабіцца жанчыны ў раёне крыху за 30, у цябе няма шанцаў. Але ў выніку Робін абышла маладзейшых канкурэнтак, чый мінімальны ўзрост складаў 26 гадоў, і стала самай узроставай каралевай прыгажосці за ўсю гісторыю конкурсу. Вы ўяўляеце, як трэба было выглядаць, каб выйграць яго?! («Аб'ява ў адэскай газеце: «Жанчына ў самым саку шукае добрую сокавыціскалку».)

Безумоўна, справа была не толькі ў адной знешнасці. Хоць пагадзіцеся, найперш гэта прыцягвае ўвагу, асабліва на фоне заяў арганізатараў конкурсу «Міс Амерыка». («У свае 7.30 я выглядаю на 60».) Адзін з членаў журы потым сказаў, што пераможца скарыла суддзяў не толькі яркай знешнасцю і выхадамі на дэфіле (!), але і асабістым аповедам. («Коратка пра сябе: гаспадарная, як мыла, простая, як аловак, ручная, як граната».) Не ўсё проста было ў жыцці Робін: памёр ад раку яе 22-гадовы сын... У нейкай ступені гэта і падштурхнула маці да ўдзелу ў конкурсах прыгажосці. Жанчына працуе фізіятэрапеўтам, супрацоўнічае з дабрачыннымі арганізацыямі і прыцягвае сродкі на даследаванне анкалогіі. Вось у каго багаты ўнутраны свет! («З узростам сумоўі ўсё больш нагадваюць вочныя стаўкі».) Сама Робін сказала, што конкурс даў ёй упэўненасць у сабе і апору, каб устаць і ісці далей. «Узрост — не кляймо. Нягледзячы на тое, што здарылася ў вас у жыцці, вы заўсёды можаце зрабіць нешта неверагоднае», лічыць «Місіс Свету — 2018». («Усё, што нас не забівае, можна яшчэ разок».)

...Гэтым летам у сеціве можна было ўбачыць здымкі многіх славутых людзей на адпачынку ў бікіні. 60-гадовай Шэран Стоўн, 71-гадовай Таццяны Васільевай, 82-гадовай Святланы Дружынінай... Іх фігурам можна было толькі пазайздросціць. А пра ўнутраны свет «зорак» мы ведалі і дагэтуль па іх творчасці. Вось гэта сапраўднае дэфіле!

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.